АПК

Свята першай баразны стала стартам сяўбы-2023

Свята першай баразны стала стартам сяўбы-2023

23 марта 2023 2681

У рамках свята першай баразны на Навагрудчыне афіцыйна дадзены старт пасяўной кампаніі 2023 года.

Згодна з народным павер’ем, добраму сельскагаспадарчаму году спрыяе правядзенне традыцыйнай цырымоніі першай баразны і «засевак». У нашым раёне гэты старадаўні рытуал, які сімвалізуе надыход вясны ў жыцці хлебаробаў, прайшоў з удзелам прадстаўнікоў раённай улады, прафсаюза работнікаў АПК, кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, хлебаробаў. Такім чынам, быў дадзены афіцыйны старт пасяўной кампаніі на Навагрудчыне.

Ва ўрачыстай абстаноўцы абрад «засевак», якім калісьці нашы продкі імкнуліся забяспечыць багаты ўраджай, перш прайшоў на палях філіяла «АграНёман» ААТ «Лідахлебапрадукт».

Павіншаваў аграрыяў з пачаткам палявых работ і выказаў упэўненасць, што яны пройдуць у тэрмін і паспяхова, намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Навагрудскага райвыканкама Яўгеній Бажко.

– Усе мы разумеем усю значнасць адказнай пары ў жыцці земляробаў і ўсіх, хто мае дачыненне да сялянскай працы і шчыра шануе яе. Сёлета аграрыі філіяла «АграНёман» ААТ «Лідахлебапрадукт» першыя выйшлі ў поле. У нашым раёне ў гэтым годзе па забеспячэнні насеннем, мінеральнымі ўгнаеннямі мы пераўзыходзім мінулы год. З упэўненасцю магу сказаць, што пасяўная пройдзе ў максімальна скарочаныя тэрміны, а гэта залог поспеху добрага ўраджаю. Тэхніка падрыхтавана, людзі таксама гатовы прыступіць да працы. Пасяўныя плошчы зерневай групы засталіся на ўзроўні мінулага года, толькі што павялічыліся плошчы пасеву пад кармавую базу курурузы на зерне. Уведзены значныя плошчы пасеву гароху – гэта будзе добрае падспор’е для жывёлагадоўлі. Усім аграрыям – моцнага здароўя, працоўнага настрою і поспехаў, – пажадаў Яўгеній Сяргеевіч.

Кіраўніку сельгаспрадпрыемства Вадзіму Пікце ўручылі каравай ураджаю 2022 года.

Настаяцель храма Святога Архангела Міхаіла протаіерэй ва Уселюбе Валерый Мароз правёў малебен, благаславіў на добрую працу і багаты ўраджай, спрыяльнае надвор’е, асвяціў насенне, удзельнікаў мерапрыемства, зямлю і тэхніку.

Работнікі аддзела культуры ў нацыянальных касцюмах звонкай песняй уславілі старанную працу земляробаў і павіншавалі з адказнай парой.

Права пасеяць першыя барозны было дадзена Яўгенію Бажко, Вадзіму Пікце і начальніку ўчастка Уладзіміру Шастаку. Затым механізатары Віктар Валчэцкі і Андрэй Цішанкоў вывелі тэхніку ў поле.

Наступнай гаспадаркай, дзе прайшло хлебаробнае свята стала ААТ «Шчорсы».

Гасцей вітаў старшыня сельгапрадпрыемства Мікалай Іванчык.

– Віншую ўсіх з пачаткам веснавых палявых работ і жадаю сіл і цярпення ў нашай нялёгкай справе, з якой павінны справіцца ў сціснутыя тэрміны. Наперадзе нас чакае корманарыхтоўка, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. – Усім плённай працы і багатага ўра­джаю, моцнага здароўя.

З урачыстым пачаткам пасяўных работ усіх прысутных павіншаваў Яўгеній Бажко і пажадаў аграрыям ААТ «Шчорсы» і далей не здаваць лідзіруючых пазіцый.

Благаславіў земляробаў і іх высакародную працу настаяцель храма святога вялікамучаніка Георгія іерэй Дзмітрый Смурага.

Затым аграрыі і госці акунуліся ў атмасферу старадаўніх абрадавых дзеянняў. У падрыхтаваную для сяўбы глебу ўручную кінулі першыя зярняткі Яўгеній Бажко, Мікалай Іванчык і начальнік участка Васілій Моніч. А вопытны механізатар Анатолій Каржонка вывеў тэхніку ў поле.

Такое мерапрыемства ў нашым раёне паводзіцца ўпершыню, будзем спадзявацца, што стане традыцыяй. Зараз справа за вамі, хлебаробы!


Свята першай баразны – адно з яркіх мерапрыемстваў на вёсцы, звязаных з вяснова-палявымі работамі, пачаткам сельскагаспадарчага года, прайшло на полі ААТ «Кашалева-Агра» ў вёсцы Ятра.

На свяце прысутнічалі старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Батурля, выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Кашалева-Агра» Сяргей Коршун, работнікі сельскай гаспадаркі. Настаяцель царквы Святых Пятра і Паўла ў вёсцы Валеўка іерэй Яўгеній благаславіў працаўнікоў палёў, асвяціў збожжа, зямлю, сельскагаспадарчую тэхніку.






Вольга Пісар, «НЖ»


Приложения в Google Play – TelegramДалучайцеся да нашага Telegram-каналу!