Старт жніва на Навагрудчыне: свята першага снапа прайшло на палетках ААТ «Шчорсы»
27 июня 2024910
Для хлебаробаў Навагрудчыны наступіла адказная пара – уборачная кампанія. Хлеб трэба прыбраць якасна, без страт і ў аптымальныя тэрміны. Абрадам «Зажынкі» на Навагрудчыне далі старт уборачнай кампаніі-2024.
У цёплы і пагодлівы дзень 27 чэрвеня залатое жніўнае поле сельскагаспадарчага прадпрыемства «Шчорсы» аж свяцілася пад промнямі сонца. Колас выспеў, наліўся і пачаў схіляцца пад сваім цяжарам – чакае хлебаробаў, каб аддзячыць ім за старанні, клопат і працавітасць.
Гасцінная вераб’евіцкая зямля сустракала гасцей і гаспадароў – кіраўніцтва Навагрудскага раёна, старшынь і аграномаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, хлебаробаў, мясцовых жыхароў і работнікаў культуры. Побач выстраіліся камбайны і аўтамабілі, якія гатовы прыняць зерне.
Вядучыя пажадалі хлебаробам цярпення, здароўя і сіл для такой пачэснай работы. І адзначылі, што нашы продкі, перш чым прыступіць да жніва, «дамаўляліся» з зямелькай і дзякавалі ёй за добры ўраджай. Калектыў работнікаў Вераб’евіцкага сельскага дома культуры паказаў прыгожы абрад «Зажынкі» з благаславення свяшчэннаслужыцеля Свята-Мікольскага кафедральнага сабора айца Мікалая Лашчэўскага.
Першы сноп новага ўраджаю быў уручаны старшыні Навагрудскага райвыканкама Сяргею Чаркоўскаму як гаспадару Навагрудскай зямлі, а таксама старшыні раённага Савета дэпутатаў Святлане Каралько, намесніку старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгенію Бажко і старшыні ААТ «Шчорсы» Дзмітрыю Грыгуцю.
– На Навагрудчыне стала добрай традыцыяй разам зжаць і асвяціць першы колас, – з такіх слоў распачаў сваё прывітальнае слова Сяргей Сяргеевіч. – Вось і наступіў час здаваць экзамен – наперадзе ўборачная кампанія-2024. Хутка ўбачым, як спрацавалі восенню і вясною, да якога выніку прыйдзем па завяршэнні жніва. Тут уклад руплівай працы ўсіх – жывёлаводаў, паляводаў, механізатараў, кіраўнікоў гаспадарак. Зараз наша задача – стварыць спрыяльныя ўмовы для працы хлебаробаў, каб у максімальна кароткія тэрміны быў сабраны ўраджай.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што свята першага снапа, ці абрад «Зажынкі», асаблівае сярод свят хлеба і для тых людзей, якія непасрэдна задзейнічаны ў пасяўной і ўборачнай кампаніях. І такія абрады патрэбна правесці ва ўсіх гаспадарках раёна.
– Наша дзяржава – дзяржава традыцый і спадчыны, а хлеб ва ўсе часы быў на першым месцы, – сказаў Сяргей Сяргеевіч. – Канечне, хацелася, каб было менш страт падчас уборкі, бо ў сённяшніх рэаліях хлеб вельмі дарагі. Аднак у працэсе работы не трэба забываць пра бяспеку і здароўе людзей, якое ў любым выпадку неацэннае. Зразумела, хлеб важны, але ваша жыццё і здароўе, паважаныя хлебаробы, важнейшае. Удачы і добрага ўраджаю.
Згодна з абрадам, кіраўнік раёна Сяргей Чаркоўскі падкінуў сноп новага ўраджаю высока ў неба з пажаданнямі выдатнага жніва.
Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бажко пажадаў правесці жніво ў вызначаныя тэрміны, якасна, атрымаць задавальненне ад зробленай работы, а таксама добрага надвор’я, аптымізму, сонечнага настрою і веры ў лепшае.
Словы падзякі ў адрас хлебаробаў і кіраўніцтва раёна выказаў старшыня ААТ «Шчорсы» Дзмітрый Грыгуць і падзякаваў за гонар даць старт раённай уборачнай кампаніі.
Хлебаробаў – непасрэдных удзельнікаў жніва – шчыра віталі апладысментамі ўсе прысутныя, а артысты прысвячалі ім музычныя кампазіцыі. Камбайнерам работнікі культуры падрыхтавалі снапы, каб ім добра жалася, каб сабралі добры ўраджай..
Куды ж на такім свяце без караваяў? Яны, як сімвалы адвечнага нашага жыцця, былі ўручаны ганаровым гасцям. А ўсім удзельнікам зажынак прапанавалі пакаштаваць духмяны каравай.
Свяшчэннаслужыцель асвяціў збожжаўборачную тэхніку – і экіпажы на чале са старшынёй райвыканкама занялі свае месцы за штурваламі. Магутныя караблі палеткаў рушылі ў плаванне па залацістым збожжавым моры. Імгненне – і першыя тоны збожжа паліліся з іх бункераў.
Жадаем хлебаробам поспехаў, і, безумоўна, выдатнага надвор’я. Са жнівом-2024, паважаныя навагрудчане!