Вольга Папко: «Прадстаўляць Навагрудчыну ў парламенце для мяне было вялікім гонарам»

Вольга Папко: «Прадстаўляць Навагрудчыну ў парламенце для мяне было вялікім гонарам»

Вольга Папко: «Прадстаўляць Навагрудчыну ў парламенце для мяне было вялікім гонарам»

10 декабря 2019 2036

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання завяршыла сваю дзейнасць, уступіўшы месца новаму саставу парламента. У верасні 2016 года дэпутатам ад Навагрудскай акругі № 57 была выбрана В.М. Папко. Сённяшняя размова з Вольгай Мікалаеўнай аб выніках яе дэпутацкай дзейнасці.


– Падчас сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага і сёмага скліканняў Прэзідэнт назваў парламент школай не толькі адукацыйнай, але і выхаваўчай. Не пашкадавалі, што прыйшлі ў палітыку? Што асабіста Вам дала дзейнасць у якасці дэпатута парламента?

– Не пашкадавала, гэта адназначна! За гэты час, сапраўды, атрымалася шмат чаму навучыцца, пазнаёміцца з вельмі цікавымі людзьмі, убачыць новыя гарызонты. Як член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах была ўключана ў працэсы супрацоўніцтва нашай краіны на міжпарламенцкім узроўні. Шчыра кажучы, вучыцца прыйшлося кожны дзень. Кола пытанняў, якія неабходна закранаць дэпутату, надзвычай шырокае. Калі ідзе работа над законапраектам, які датычыцца Следчага камітэта, неабходна ўнікаць у спецыфіку яго дзейнасці. Абмяркоўваем эканамічныя пытанні – вымушаны вывучаць тэрміналогію. Даводзілася разбірацца і ў крыптавалютах, і ў асаблівасцях юрыдычнага рэгулявання садовых таварыстваў, і ў многіх аспектах крымінальнага права. Гэта, сапраўды, школа і вельмі высокага ўзроўню.

– Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу – заканадаўчы орган. Ініцыятарам якіх законапраектаў з’яўляліся Вы? У распрацоўцы якіх удзельнічалі?

– На працягу трох гадоў я глыбока ўнікла ў некаторыя пытанні, звязаныя з Кодэксам аб культуры, які быў прыняты яшчэ пятым скліканнем Нацыянальнага сходу. Даволі хутка стала відавочна, што Кодэкс мае шмат недакладнасцей і нават памылак. Канешне, мяне як чалавека, які прыйшоў у парламент з пасады дырэктара музея, сфера культуры надзвычай цікавіць. Галоўная мая ўвага была сканцэнтравана на пытанні рэстытуцыі (вяртанні) культурных каштоўнасцей, якія былі вывезены з тэрыторыі нашай краіны падчас войн. У Кодэксе гэта пытанне прапісана вельмі павярхоўна, рэстытуцыя не адбываецца. На жаль, дапрацоўка Кодэкса ажыццёўлена так і не была. Аднак я шмат зрабіла ў дачыненні распрацоўкі новых падыходаў да рэстытуцыі. Як толькі пачнецца абмеркаванне Кодэкса новым складам парламента, я накірую туды свае прапановы.


– Вольга Мікалаеўна, падчас дэпутацкай дзейнасці Вы з’яўляліся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах. Раскажыце, якія пытанні непасрэдна Вы падымалі ў рамках яе работы і якія вынікі іх разгляду?

– Работа ў Пастаяннай камісіі па міжнародных справах – гэта вялікі спектр дзейнасці. Кожны накірунак – адказны і важны. У маёй кампетэнцыі былі пытанні супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам. На мой погляд, гэта самая цікавая частка ў рабоце нашай камісіі. У 2017 г. я прадстаўляла ў Авальнай зале два законапраекты, якімі ратыфікаваліся пагадненні аб прадстаўленні нашай краіне фінансавай дапамогі ў рамках Праграм «Літва–Латвія–Беларусь» і «Польшча–Беларусь–Украіна». Неаднаразова была экспертам у розных грантах, якія рэалізаваліся ў Брэсце і замкавым комплексе «Мір». Мне вельмі прыемна, што наша работа ў парламенце мае вынік для канкрэтных устаноў, якія атрымліваюць фінансаванне, рэалізуюць цікавыя праекты.

– За тры мінулыя гады Вам давялося неаднаразова ўваходзіць у склад самых розных міжнародных дэлегацый і місій. Якая падзея запомнілася найбольш?

– Некалькі разоў удзельнічала ў мерапрыемствах за мяжой, на якіх прадстаўляла пазіцыю і інтарэсы беларускага парламента. Асабіста вельмі запомніўся ўдзел у ІІ Еўразійскім жаночым форуме ў верасні 2018 г. у Санкт-Пецярбурзе. У мяне было некалькі выступленняў. Асноўнае з іх было прысвечана пытанню арганізацыі абароны правоў жанчын, якія працуюць і маюць дзяцей. Таксама давялося пазнаёміцца з самымі знакамітымі жанчынамі нашага часу – палітыкамі, касманаўтамі, спартсменкамі, грамадскімі дзеячамі і інш.


– Якія пункты перадвыбарнай праграмы Вам удалося ажыццявіць, а што не атрымалася?

– Частка маёй перадвыбарнай праграмы была прысвечана рабоце з моладдзю і пытанням стварэння ўмоў для развіцця сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Не аднойчы я выступала і ў школах. У выніку ў розных установах адукацыі было рэалізавана некалькі праектаў. Акрамя гэтага, для членаў маладзёжнага парламента я арганізавала экскурсію ў Палату прадстаўнікоў, падчас якой маладыя людзі змаглі не толькі трапіць у Авальную залу, дзе засядае парламент, але і ўбачыць на ўласныя вочы адну з першых у Еўропе канстытуцый – арыгінал Статута ВКЛ 1588 г.

У маёй праграме размова вялася і пра пошук інвестыцый для рэгіёну. У гэтым накірунку я працавала даволі паспяхова – дапамагала право­дзіць стажыроўкі навагрудскіх спецыялістаў у Еўропе, падчас якіх была магчымасць знайсці патэнцыяльных партнёраў.

– Дэпутацкая дзейнасць – гэта яшчэ і работа ў акрузе. Як вы яе будавалі?

– Работа ў акрузе праходзіла на працягу аднаго тыдня ў месяц. Канешне, часам прыходзілася прыязджаць і па-за гэтым графікам: на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, святочныя мерапрыемствы, прэзентацыі і канферэнцыі. Рэгулярна праводзіла сустрэчы з насельніцтвам і прыёмы грамадзян.


– Падзяліцеся планамі на будучае. Думаеце застацца ў палітыцы ці звяжаце дзейнасць з іншай сферай?

– У бліжэйшы час мой лёс будзе звязаны з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аднак вельмі хацелася б вярнуцца на работу ў сферу культуры – мне гэта вельмі блізка. Да таго ж я працягваю навучанне ў дактарантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі.

– Хутка наступіць новы 2020 год. Што Вы пажадаеце жыхарам Навагрудчыны?

– Хочацца шчыра падзякаваць кіраўніцтву Навагрудскага райвыканкама і ўсім навагрудчанам, з кім мне даводзілася працаваць гэтыя тры гады. Асаблівыя словы па­дзякі – майму памочніку Івану Іванавічу Корбалю. Усім жыхарам раёна жадаю здароўя, асабістага шчасця і поспехаў у новым 2020 годзе. Няхай ён прынясе добры ўраджай на палі, вялікія інвестыцыі ў эканоміку і дабрабыт Вашым родным і блізкім!

Анастасия Пятрова, «НЖ»