
Мы спяшаемся, бяжым, ляцім, даказваючы сабе, што так трэба, што час патрабуе ад нас такога тэмпу. Не трапім у хвалю – выпадзем з патоку. Сучасны рытм жыцця – гэта бяссонныя ночы, няспынныя перажыванні... І ў гэтым шалёным віры няўхільна ўзнікае пачуццё зайздрасці – светлай, добрай зайздрасці да нашых папярэднікаў: у іх часы не было гэтага шалёнага тэмпу, гэтай неабходнасці імчаць без аддыху, уступіўшы ў спаборніц тва з самім часам. Яны маглі працаваць без ліхаманкавай спешкі і былі ўпэўнены ў тым, што калі рабіць справу якасна і сумленна, то абавязкова будзе вынік. Ці не пра гэта мы марым сёння?
Ці не гэтага спакою і прадказальнасці нам не хапае ў нашым імклівым свеце? Але калі добра прыгледзецца, то кожны час меў свае выклікі, свае крытэрыі поспеху. І кожная эпоха адзначала сваіх герояў – тых, хто станавіўся прыкладам, на каго раўняліся.
Чалавек- крэмень, чалавек-ракета
27 студзеня 1929 года ў вёсцы Сянежыцы нарадзіўся Аляксей Міхайлавіч Савошчык. Яго сям’я – простыя сяляне, для якіх кожны каласок, кожны кавалак хлеба быў вынікам штодзённай працы. Нават сераднякамі іх назваць было цяжка: усё дабро даставалася потам і мазалём.
Бацькі, Марыя Аляксандраўна і Міхаіл Самуілавіч, жылі ў згодзе, прывучаючы сына да сумленнай працы. Менавіта тут, у роднай хаце, Аляксей зразумеў простую, але вечную ісціну: «Калі хочаш жыць годна – працуй. Калі хочаш мець поспех – працуй яшчэ больш». Але цяжкая праца патрабуе моцы – і хлопец з маладых гадоў дбаў пра здароўе, ведаючы, што толькі моцны духам і целам чалавек можа перамагчы ўсе цяжкасці. Гэтыя прынцыпы сталі для яго асновай на ўсё жыццё.
У 1937 годзе маленькі Аляксей упершыню ўзяў у рукі буквар – але, на жаль, не на роднай беларускай, а на польскай мове. Так пачалася яго дарога да ведаў у часы, калі Заходняя Беларусь яшчэ стагнала пад чужацкім панаваннем Польшчы. Толькі ў 1939 годзе, калі родны край далучыўся да БССР, хлопчык нарэшце змог вучыцца на беларускай мове.
Аднак лёс рыхтаваў новае выпрабаванне – вайна. Жорсткія гады акупацыі пакрыжавалі дарогі, зруйнавалі мары цэлага пакалення людзей. Амаль чатыры гады фашысцкай акупацыі Аляксею думаць пра вучобу не было магчымасці, ён поруч з бацькамі працаваў на гаспадарцы.
Сямігодку хлопцу ўдаецца закончыць толькі ў 1946 годзе, а потым, заручыўшыся падтрымкай бацькоў, ён паступае ў Амневіцкую сярэднюю школу, якую заканчвае ў 1949 годзе ва ўзросце 20 гадоў.
Аляксей марыў пра далейшую вучобу, але жыццё ўнесла свае карэктывы – захварэў бацька, і маладому чалавеку прыйшлося ўзяць на сябе клопаты пра хатнюю гаспадарку. Цэлы год ён працаваў дома, дапамагаючы сям'і.
У 1950 годзе, маючы на руках атэстат аб сярэдняй адукацыі, Аляксей змог уладкавацца на працу ў Навагрудскую раённую нарыхтоўчую кантору. Але працаваць доўга не ўдалося – у 1951 годзе яго прызвалі на тэрміновую службу ў Савецкую Армію.
Тры гады ваеннай службы сталі сапраўднай школай жыцця для маладога чалавека. Менавіта тут Аляксей канчаткова ўсвядоміў, што толькі фізічна моцны, гарманічна развіты чалавек здольны паспяхова пераадольваць любыя жыццёвыя цяжкасці. Гэтыя перакананні ў далейшым сталі асновай яго жыццёвай філасофіі і прафесійнай дзейнасці.
Пачатак педагагічнага шляху
Дэмабілізаваўшыся ў 1954 годзе, Аляксей Міхайлавіч вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся ва Уселюбскую сярэднюю школу ваенным кіраўніком. Ужо праз некалькі месяцаў яго педагагічны талент быў заўважаны, і ён атрымаў магчымасць выкладаць свой любімы прадмет – фізічную культуру.
Нягледзячы на адсутнасць спецыяльнай адукацыі, ён з энтузіязмам узяўся за новую справу. У 1955 годзе Аляксей Міхайлавіч паступае на завочнае аддзяленне Мінскага інстытута фізічнай культуры, які паспяхова заканчвае ў 1960 годзе.
Канец 1950-х – пачатак 1960-х гадоў стаў асаблівым перыядам для Уселюба. Моладзь у вёсцы не імкнулася ўцякаць у горад, а заставалася працаваць на роднай зямлі. Але чым займацца ў вольны час? Дзякуючы Аляксею Савошчыку, спорт стаў сапраўдным цэнтрам жыцця Уселюба. Вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць. Ужо ў пачатку 1960-х гадоў пра поспехі ўселюбскіх спартсменаў ведалі не толькі ў Навагрудскім раёне, але і за яго межамі. Гэта быў сапраўдны прарыў у арганізацыі спартыўнай работы ў вёсцы, а Аляксей Міхайлавіч стаў лідарам мясцовай моладзі. Яго дзейнасць на гэтай ніве – яркі прыклад таго, як адзін энтузіяст можа карэнным чынам змяніць культурна-спартыўнае жыццё цэлага населенага пункта.

Маладога настаўніка заўважылі, узнагароды за працу ідуць адна за адной: грамата Міністэрства народнай адукацыі БССР (1963 г.), Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі БССР (1964 г.), Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР (1964 г.) і званне «Заслужаны настаўнік БССР» (1965 г.).
І гэта – у 36 гадоў!
Педагог, які застаўся ў памяці
Ці змянілі ўзнагароды гэтага чалавека? Пра гэта гавораць сухія радкі характарыстыкі, напісанай у пачатку 80-х гадоў: «Опытный, творчески работающий педагог, который постоянно совершенствует методику преподавания предмета, разумно использует каждую минуту урока, уделяет внимание практическим занятиям, стремится к воспитанию занятиями физкультурой как первоочередной основе успешности человека».
Калі сёння запытаць былых вучняў Уселюбскай сярэдняй школы 60–80-х гадоў пра настаўнікаў, якія сапраўды паўплывалі на іх жыццё, большасць без ваганняў назаве імя Аляксея Міхайлавіча Савошчыка. Гэта быў не проста выкладчык фізкультуры – гэта быў Педагог з вялікай літары, чалавек, які фарміраваў не толькі фізічную, але і духоўную моц сваіх выхаванцаў.
Яго ўрокі выходзілі далёка за межы звычайных школьных заняткаў. На практыцы ён паказваў, што спорт – гэта не проста рухальныя практыкаванні, а школа жыцця, якая вучыць пераадольваць цяжкасці, працаваць у камандзе, не здавацца пры няўдачах.
Так павялося ў жыцці, смерць лепшых забірае да сябе. Прыкры лёс адвёў гэтаму чалавеку толькі 59 гадоў: 19 кастрычніка 1988 года ён пайшоў у лепшы свет.
«Жыццё пражыць – не поле перайсці», – сцвярджае народная мудрасць. І сапраўды – што пакінуць пасля сябе на гэтай зямлі? Які след застанецца, калі прыйдзе час падводзіць вынікі? Як перадаць сваю жыццёвую праграму тым, хто прыйдзе пасля нас?
Наш герой, відаць, не марнаваў часу на абстрактныя разважанні. Ён проста жыў – кожны дзень, кожную хвіліну. Але калі прыгледзецца, дык менавіта ў гэтай штодзённай працы і заключалася яго філасофія. Ён спыняўся, аглядаўся – не каб хваліцца дасягненнямі, а каб зразумець, куды ісці далей. І зноў ішоў наперад, нястомна, з нейкай унутранай упэўненасцю ў тым, што ён ідзе правільнай дарогай.
Яго «формула поспеху» была простая і ў той жа час неверагодна мудрая: праца – без скаргаў і перапынкаў, ясныя мэты – як зоркі, што свецяць уначы, і нязломная ўпартасць – калі кожны крок, нават маленькі, набліжае да мары. Гэта і быў увесь яго сакрэт. Без мудрагелістасцей, без хітрых рэцэптаў – простае жыццё, пражытае шчыра і адказна.
Кожная эпоха стварае сваіх герояў – людзей, чые ўчынкі і прынцыпы становяцца пуцяводнымі зоркамі для наступных пакаленняў. Жыццё Аляксея Савошчыка – гэта гісторыя не толькі асабістага поспеху, але і цэлага пакалення людзей, якія будавалі будучыню без пафасу, без чакання ўзнагарод – проста аддаючы сябе справе цалкам.
Сёння, калі свет імчыцца з шалёнай хуткасцю, калі кожны спрабуе «трапіць у хвалю», варта час ад часу спыніцца і спытаць сябе: «А што я пакіну пасля сябе? Не для тытулаў, не для званняў – а для людзей».
Можа, менавіта ў гэтым і схаваны найвялікшы сакрэт: не імчаць бяздумна за ўсімі, а ісці сваёй дарогай – павольна, але ўпэўнена. Як ішоў Аляксей Савошчык. Як ідуць тыя, хто пакідае след не ў дакументах, а ў душах людзей.


А. АНІКЕВІЧ, дырэктар спецшколы- інтэрната г. Навагрудка.
І. ХУАН, настаўнік спецшколы- інтэрната г. Навагрудка
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |



















