«Шчорсы» – на выезд! Пажарны аварыйна-выратавальны пост № 13 па выніках абласнога агляду-конкурсу стаў на Гродзеншчыне лепшым

«Шчорсы» – на выезд! Пажарны аварыйна-выратавальны пост № 13 па выніках абласнога агляду-конкурсу стаў на Гродзеншчыне лепшым

«Шчорсы» – на выезд! Пажарны аварыйна-выратавальны пост № 13 па выніках абласнога агляду-конкурсу стаў на Гродзеншчыне лепшым

19 января 2021 2594

19 студзеня ў Беларусі адзначаюць Дзень выратавальніка. Свята было ўстаноўлена ў 2000 годзе ў знак прызнання заслуг людзей, чыёй прафесіяй стала выратаванне чужога жыцця. Цяжка знайсці больш высакародную, важную і адначасова небяспечную справу. Днём ці ноччу, у будні ці святы, у люты холад або летнюю спёку, у любой сітуацыі выратавальнікі гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму. Сёння расказваем пра работнікаў пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13 аграгарадка Шчорсы, які па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю дзяжурнай службы ў 2020 годзе стаў на Гродзеншчыне лепшым. 


Плячом да пляча

Для таго, каб звязаць сваё жыццё з прафесіяй выратавальніка, трэба ўмець дзейнічаць у экстрэмальных умовах. Работнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС) павінен быць рашучым, арганізаваным, вынослівым, фізічна моцным і эмацыянальна ўстойлівым. Да таго ж служба выратавальніка – камандная, таму ўменне зладжана працаваць плячом да пляча з калегамі проста неабходна. 

– У нас вельмі зладжаны і дружны калектыў, – з гонарам гаворыць начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста (ПАВП) № 13 Ігар Грыб, які гэта падраздзяленне ўзначальвае 5 гадоў. Увогуле ж у МНС служыць 11 гадоў. – Асабісты састаў паста – гэта восем чалавек. Працуюць тры змены, кожная ўключае два работнікі – камандзіра аддзялення і вадзіцеля. Я працую штодзённа, а таксама пры неабходнасці замяняю камандзіраў на перыяд бальнічных лістоў, водпуску і інш. Ёсць работнік і для падмены вадзіцеляў. Гэта не можа быць любы чалавек, бо патрэбны спецыяльны допуск. І ніхто, акрамя вадзіцеля (нават начальнік паста), не мае права сесці за руль пажарнай аварыйна-выратавальнай машыны.


– Самая распаўсюджаная надзвычайная сітуацыя – пажар. Большасць іх адбываюцца ў жылым сектары, – расказвае аб буднях службы начальнік паста. – Вясной сапраўдная бяда – гэта палы травы. І якую б прафілактычную работу ні праводзілі нашы калегі з інспекцыі, людзі ўсё роўна ігнаруюць правілы бяспекі. Даводзіцца ўдзельнічаць у выратаванні людзей, якія пацярпелі ў дарожна-транспартных здарэннях. Дапамагаем людзям і ў бытавых сітуацыях. Напрыклад, калі яны не могуць адкуль-небудзь выбрацца.

– Нумар вашага паста – 13. Лічба лічыцца нешчаслівай. А для вас?

– Зусім не, наадварот. Асабіста мне яна падабаецца, бо ў жыцці не раз адбываліся добрыя падзеі, звязаныя менавіта з лічбай 13, – падзяліўся Ігар Грыб. – Спакойна да нумара паста ставіцца ўвесь калектыў. Калі б ён быў нешчаслівы, мы б абласны конкурс не выйгралі. 

«Экзамен» здалі на выдатна

Абласны агляд-конкурс на лепшую арганізацыю дзяжурнай службы праходзіць кожны год і ўдзельнічаюць у ім усе раённыя аддзелы Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Штогод ацэнку боегатоўнасці праходзілі і шчорсаўскія выратавальнікі, але перамогу атрымалі ўпершыню.

Рыхтаваўся да конкурсу ўвесь асабісты састаў паста. Але права адстойваць гонар ПАВП №13 выпаў першай дзяжурнай змене – камандзіру аддзялення Сяргею Вітулю і вадзіцелю Уладзіміру Бодалю.


– Конкурс праводзіцца шляхам праверкі дзяжурных змен па шасці пазіцыях, – тлумачыць старшына ўнутранай службы Сяргей Вітуль. – Камісіяй упраўлення правяраецца якасць прыёму дзяжурства, праводзіцца страявы агляд з дэманстрацыяй выратавальнікамі адпаведных навыкаў. Таксама ацэньваецца страявая падрыхтоўка і фізічная шляхам выканання індывідуальных нарматываў. Акрамя гэтага, мы выконвалі баявое разгортванне і дэманстравалі сваю баявую гатоўнасць. Нічога новага ці асаблівага, усе выпрабаванні – гэта наша штодзённая работа.

Сяргей Вітуль у органах па надзвычайных сітуацыях служыць ужо 10 гадоў, з іх 3 на ПАВП №13. Да гэтага працаваў пажарным у Навагрудку. Пасля пераводу на шчорсаўскі пост вярнуўся жыць на малую радзіму ў в. Ачукевічы. 

– Калі паступае выклік, хвалюецеся?

– Не доўга, – шчыра адказаў выратавальнік. – Камандзір павінен захоўваць «халодны» розум, каб дакладна і правільна арганізаваць работу на месцы надзвычайнай сітуацыі.        

– Канешне, даведацца, што мы сталі лепшымі ў вобласці, было вельмі прыемна, – уступае ў размову старшына ўнутранай службы Уладзімір Бодаль, які вадзіцелем на ПАВП №13 працуе з 2012 года, а жыве ў Вераб’евічах. – Я не марыў стаць выратавальнікам, але вельмі ўдзячны свайму бацьку, дзякуючы якому і выбраў гэту прафесію. Менавіта ён падказаў, што на пост патрабуюцца вадзіцелі.

– Вядома, спачатку прайшоў адпаведную падрыхтоўку і стажыроўку, а толькі потым атрымаў допуск на кіраванне спецаўтамабілем. Прычым патрэбны асобны допуск для кожнай маркі транспарту, – расказаў У. Бодаль.

Вадзіцель не проста кіруе машынай. Ён паўнавартасны выратавальнік і на месцы надзвычайнай сітуацыі першы памочнік камандзіра аддзялення. 

– Перамога ПАВП №13 ў аглядзе-конкурсе, у якім удзельнічалі выратавальнікі з усіх раёнаў вобласці, – гэта не выпадковасць, а вынік пастаяннай працы і бездакорнага выканання сваіх службовых абавязкаў, – адзначыў начальнік Навагрудскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Максімовіч. – Хачу яшчэ раз павіншаваць калектыў паста з перамогай і падзякаваць за выдатную работу. Яна ў нас не лёгкая, але вельмі ганаровая.

Самы вопытны ў калектыве

Калектыў шчорсаўскага паста – гэта сплаў вопыту і маладосці. Агульнае для ўсіх выратавальнікаў – адданасць прафесіі, высокі прафесіяналізм і шчырая любоў да сваёй справы. Усімі гэтымі якасцямі валодае і камандзір аддзялення Аляксандр Родзька. Ён у калектыве ПАВП №13 самы вопытны – агульная выслуга складае ўжо 22 гады.


Нарадзіўся, вырас і працягвае жыць прапаршчык унутранай службы ў г.п. Любча. 

– Да работнікаў пажарнай аховы (так называлася служба ў часы майго дзяцінства і юнацтва) заўсёды ставіліся з павагай. Але асабіста я і падумаць не мог, што звяжу свой лёс з гэтай сферай, – гаворыць Аляксандр Родзька. – Стаць выратавальнікам вырашыў пасля службы ў арміі, тады якраз фарміравалася Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

– З 1999 года, калі я пачаў свой шлях у прафесіі выратавальніка, у нашай службе, вядома, змянілася вельмі многае, – адзначыў мой суразмоўца. – У першую чаргу тэхніка, яна цяпер зусім іншая. Пачыналі працаваць яшчэ на ЗІЛах, ГАЗах і УРАЛах з умяшчальнасцю ўсяго 2-2,5 т. Сучасная наша машына змяшчае 10 т вады і 600 л пенаўтваральніка. Супрацьгазы, бензапілы, электрычныя пілы, аўтагены, дамкраты пнеўматычнага прынцыпу дзеяння і г.д. – цяпер аварыйна-выратавальнае абсталяванне і пажарны інструмент сучасныя, зручныя і дапамагаюць у разы хутчэй ліквідаваць наступствы надзвычайнай сітуацыі. Шмат чаго 20 гадоў таму не было ўвогуле. Зусім іншая якасць і сувязнога абсталявання, што таксама вельмі важна ў нашай рабоце.

Для таго, каб кваліфікавана аказаць дапамогу, агняборцы штодня павышаюць узровень свайго прафесійнага майстэрства. Не з’яўляюцца выключэннем і работнікі ПАВП-13.

– Пастаяннае ўдасканаленне сваіх прафесійных уменняў і навыкаў – неад’емная частка працы кожнага выратавальніка, – падкрэсліў А. Родзька. – Ад таго, наколькі добра падрыхтаваны баец, залежаць жыцці людзей, таму дробязей у нашай справе няма. Зрэшты, як і выпадковых людзей.

Разліковы час – 89 секунд

Менавіта за такі час работнікі ПАВП №13 павінны сабрацца і выехаць пасля паступлення паведамлення аб надзвычайнай сітуацыі. У мінулым годзе шчорсаўскія байцы 87 разоў пакідалі свой пост, каб дапамагчы не толькі навагрудчанам, але і жыхарам суседніх раёнаў.    

 

За 2020 год выратавальнікі 37 разоў выязджалі на пажары ў Навагрудскім раёне і ў суседнія. На іншыя загаранні, у тым ліку палы травы, – 16 разоў. 27 выездаў работнікі МНС ажыццявілі для аказання дапамогі насельніцтву, арганізацыям і правядзення дэмеркурызацыі (выдаленне ртуці і яе злучэнняў з мэтай выключэння атручвання людзей і жывёл). 4 выезды былі здзейснены для ліквідацыі наступстваў у выніку маланкі. 3 выклікі аказаліся лжывымі.

– Пост – гэта наш другі дом, дзе мы праводзім трэць свайго жыцця, – адзначылі выратавальнікі ПАВП-13. – Кожнае сутачнае дзяжурства праходзіць па распарадку. Увогуле ў нашай прафесіі ўсё строга рэгламентавана. Яна вельмі адказная, таму і патрабаванні адпаведныя. 

І сапраўды, для выратавальнікаў іх пост – гэта дом, дзе яны – гаспадары. Самі нарыхтоўваюць дровы, топяць кацёл, падтрымліваюць чысціню і парадак у будынку і на прылеглай тэрыторыі, усе разам выконваюць рамонтныя работы і г.д. Служба кругласутачная, таму на пасту не толькі службовыя памяшканні, але і бытавыя. У асобным знаходзіцца спецвопратка. Агульная вага поўнага абмундзіравання выратавальніка пры выездзе складае каля 16 кг, а ў ім яшчэ трэба працаваць. Таму неад’емная частка службы работнікаў МНС – падтрыманне добрай фізічнай формы, для гэтага на пасту ёсць некалькі трэнажораў. «Святая святых» – гараж, дзе захоўваецца тэхніка. Да аўтамабіляў і спецінструмента – асаблівая ўвага і клопат, іх стан і працаздольнасць правяраюцца штодзённа.

– Усіх калег віншуем з Днём выратавальніка, – звяртаецца да дзеючых работнікаў МНС і ветэранаў службы калектыў ПАВП №13. – У першую чаргу жадаем вам і вашым блізкім моцнага здароўя. Усім міру, пабольш радасных момантаў у жыцці і дабрабыту! А яшчэ, карыстаючыся выпадкам, самыя шчырыя і цёплыя словы хочам выказаць нашым сем’ям, якія для нас з’яўляюцца надзейным тылам і сапраўднай жыватворнай крыніцай.

Анастасія Пятрова, «НЖ»