Навацыі ў адукацыі

Навацыі ў адукацыі

Навацыі ў адукацыі

18 Июня 2021 275
Дэпутаты на пасяджэнні пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі».

Дакумент хоць і адносіцца да профільнага міністэрства, але ж тычыцца амаль кожнага жыхара нашай краіны. Дзеючы Кодэкс уступіў у сілу 1 верасня 2011 года, а цяпер – 2021-ы. Вядома, за гэты час у сістэме адукацыі адбыліся змены. Пагэтаму мы папрасілі пракаменціраваць некаторыя рэзанансныя новаўвядзенні начальніка ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людмілу Мароз, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Сонгіна, дырэктара гімназіі № 1 г. Навагрудка Святлану Аляхновіч.

Аб своечасовасці абнаўлення Кодэкса аб адукацыі

Л. Мароз:
 

За 10 гадоў, якія прайшлі з моманту прыняцця Кодэкса аб адукацыі, уведзена профільнае навучанне ў старшых класах, вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў 5-9-х класах, прафесійная падрыхтоўка ў 10-11-х базавых класах. Зразумела, з’явілася неабходнасць прывесці ўсё ў норму. Але ўсе змены, якія закрануў Кодэкс у частцы агульнай сярэдняй, да­школьнай і спецыяльнай адукацыі, не носяць рэвалюцыйнага характару. У дзеючым Кодэксе гаворыцца аб абавязковай базавай адукацыі. Плануецца рэалізаваць прынцып абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі. Але гэта не значыць, што ўсе павінны ісці навучацца ў 10-11 клас. Пасля 9-га класа дзеці па-ранейшаму змогуць для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі пайсці ў каледж. Мы добра ўсведамляем, што павінна быць прадстаўлена магчымасць атрымання якаснай адукацыі ўсім навучэнцам незалежна ад таго, дзе яны навучаюцца: у школе ці гімназіі, у гарадской або сельскай мясцовасці.

А. Сонгін: Не лічу, што нашай сістэме адукацыі патрэбны глабальныя перамены. Сённяшнюю адукацыю неабходна шліфаваць, але кардынальна ламаць нельга. Змены павінны быць рацыянальнымі, разумнымі. Каб сістэма працавала на развіццё, а не на тармажэнне і таптанне на месцы. Часта сустракаюся з педагогамі, вывучаю іх пункт гледжання і рэкамендацыі, ды і ўласны педагагічны вопыт дазваляе разумець рэальнае становішча рэчаў. Задача сістэмы – знайсці тое, што будзе прымальна для ўсіх нас.

Падчас пасяджэння Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, дзе разглядалася пытанне «Аб асобных аспектах заканадаўчага рэгулявання прафесійнай адукацыі ў праекце Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Кодэкса Рэспуб­лікі Беларусь аб адукацыі», мной падымалася пытанне аб магчымым зніжэнні якасці прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў пры памяншэнні тэрміну навучання на аснове агульнай сярэдняй адукацыі на дзённай форме навучання. Трэба ўлічваць і той факт, што могуць узнікнуць праблемы з працаўладкаваннем такіх спецыялістаў, бо пры заканчэнні ліцэя яны не ўсе дасягнуць 18 гадовага ўзросту. Але ж дадзенае новаўвядзенне плануецца не па ўсіх спецыяльнасцях, а толькі з найменш складанай кваліфікацыяй. Мы павінны ўліч­ваць і патрэбы арганізацый – заказчыкаў кад­раў, больш аператыўна забяспечваць іх кваліфікаванымі спецыялістамі.

С. Аляхновіч: Новаўвядзенні ў Кодэкс аб адукацыі – адна з самых абмяркоўваемых тэм у педагагічнай грамадскасці і нашай установе таксама. Мы вельмі чакаем новую рэдакцыю і спадзяёмся, што з ёй будзе зручна працаваць педагогам, яна будзе зразумелай бацькам. Дзякуючы своечасоваму ўнясенню змяненняў, нам будзе лягчэй працаваць і знаходзіць паразуменне с бацькамі.

Профільная адукацыя і новыя правілы прыёму ў гімназію

Л. Мароз: Вучні, якія завяршылі навучанне ў 4-м класе гімназіі, могуць працягнуць навучанне ў 5-м класе гэтай жа гімназіі. Кодэкс у новай рэдакцыі не прадугледжвае конкурсны прыём у 5-ы клас. У той жа час прадугледжаны конкурсны прыём у 10-ы клас гімназіі пасля атрымання агульнай базавай адукацыі. У конкурсе могуць удзельнічаць не толькі выпускнікі 9-га класа гэтай гімназіі, але дзевяцікласнікі іншых устаноў адукацыі. Лічу, што конкурсны прыём пасля 9-га класа павінен быць. Старшакласнікі ўжо дастаткова свядома могуць вызначыцца з далейшым навучаннем, улічваючы свае сілы і магчымасці: 10-ы клас школы, гімназія, прафесійны ліцэй або каледж. У школе ёсць права выбару, у якім класе вучыцца – профільным або базавым. Калі абраў профільны клас, то па якім кірунку. Выбраныя вучэбныя прадметы павінны быць звязаны з працягам навучання пасля атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. І выбар будзе ўжо ўсвядомленым, зробленым самім дзіцем з улікам яго інтарэсаў, магчымасцей і схільнасцей. Тут вялікую ролю адыгрываюць не толькі бацькі, але і педагагічны калектыў установы, які дапаможа яму вызначыцца з выбарам.

С. Аляхновіч:
 

Прыём у 10-ы клас гімназіі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму, а ў 9-ы клас пры наяўнасці свабодных месцаў, па конкурсе на падставе вынікаў выніковай атэстацыі па вучэбных прадметах, якія абраны для вывучэння на павышаным узроўні вучнямі, якія выказалі жаданне ўдзельнічаць у конкурсе для асваення зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні ў рамках арганізацыі профільнага навучання і сярэдняга бала выніковай атэстацыі ў год прыёму.

Новым з’яўляецца ўмова залічэння без удзелу ў конкурсе пры паступленні ў 10-ы клас гімназіі пераможцаў (дыпломы I, II, III ступені) заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Таксама пераважнае права пры роўнай колькасці балаў на залічэнне ў 10-ы клас гімназіі маюць: пераможцы (дыпломы I, II або III ступені) рэспубліканскіх конкурсаў работ даследчага характару, канферэнцый навучэнцаў па вучэбных прадметах, таксама пераможцы (дыпломы I, II або III ступені) трэцяга абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзеных Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршаецца ў год прыёму.

Сёння Міністэрства адукацыі прапануе ў 8-м і 9-м класах арганізоўваць перадпрофільную падрыхтоўку, якая дазваляе выбіраць прадметы для вывучэння на павышаным узроўні, актыўна вядзецца прафарыентацыйная работа. Зразумела, што ўсё гэта дапаможа вучню вызначыцца з далейшым напрамкам навучання, тыпам установы, дзе ён жадае атры­маць агульную сярэднюю адукацыю. Разам з тым вялікай розніцы паміж школай і гімназіяй не будзе. Для таго, каб мы захавалі такі тып установы, як гімназія, мы павінны ажыццяўляць конкурсны набор у восьмы клас. Але Міністэрства адукацыі не падтрымлівае гэтую прапанову.

Аб шостым школьным дні і канікулах. Бацькі і адукацыйны працэс

Л. Мароз: Для таго, каб зняць пытанні з перагрузкай вучняў, у шосты школьны дзень прапануецца максімальна право­дзіць факультатыўныя заняткі, пачынаючы ўжо з 5-га класа. У дзеючай рэдакцыі Кодэкса факультатыўныя заняткі ў суботу мяркуюцца толькі ў 9-11-х класах.

Навучальны год для вучняў 9-х і 11-х класаў будзе заканчвацца 25 мая, для астатніх – 31 мая. Астатні час выпускнікі змогуць выдаткаваць на падрыхтоўку да выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання.

Заўсёды перад 1 верасня ўзнікала праб­лема, у колькі гадоў ісці ў школу. Раней была прапісаная норма – 6 гадоў. Цяпер адзін з законных прадстаўнікоў можа з улікам шэрагу абставін, у тым ліку і медыцынскіх, адправіць у школу сваё дзіця пазней ці раней гэтага ўзросту. Гэта бу­дзе дазволена заканадаўча.

Напаўняльнасць класаў зараз таксама не абмяжоўваецца. Раней максімальна ў адным класе магло навучацца да 35 чалавек, але тут мы павінны прытрымлівацца санітарных нормаў.

С. Аляхновіч: Былі прапановы зні­зіць гадавую нагрузку вучняў за кошт памяншэння летніх канікулаў. Тым больш, што гэта дапаможа з вырашэннем яшчэ адной праблемы – занятасці дзяцей летам. Але, улічваючы, што бацькі – гэта «сацыяльныя заказчыкі», я думаю, яны будуць супраць памяншэння колькасці дзён летніх канікул. Упэўнена, што гэта пытанне не прынцыповае і ніяк не паўплывае на забеспячэнне занятасці дзяцей летам. У нас вельмі разгалінаваная сетка аздараўленчых лагераў: з дзённым знахо­джаннем, працоўныя, профільныя, стацыянарны лагер «Свіцязь».

Л. Мароз: Зразумела, змены закрануць не толькі вучняў, але і іх бацькоў. Бацькі маюць права знаёміцца з ходам адукацыйнага працэсу. Аднак у абноўленым дакуменце дапісана: «у парадку, які вызначаецца кіраўніком установы адукацыі». Адзіным парадак для ўсіх быць не можа, у кожнай установы адукацыі ёсць свая спецыфіка. Кіраўнік установы адукацыі павінен устанавіць парадак такога азнаямлення, зрабіць яго зразумелым і празрыстым для ўсіх яго ўдзельнікаў: рэкамендуемыя дні і час для сустрэчы з настаўнікамі-прадметнікамі, магчымасць прысутнасці на навучальным занятку, наведванне выхаваўчых мерапрыемстваў і іншае.

Наколькі важная і запатрабаваная «дыстанцыёнка»

Л. Мароз: Сёння ў адпаведнасці з дзеючым Кодэксам дыстанцыйная форма навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі не прадугледжана. У новую рэдакцыю Кодэкса закладваецца магчымасць выкарыстання дыстанцыйных тэхналогій на ўсіх узроўнях адукацыі, уключаючы агульную сярэднюю адукацыю. Калі мы ў мінулым годзе ў чацвёртай чвэрці сутыкнуліся з пандэміяй каронавіруса, выйсці на дыстанцыйнае навучанне законнага права не было. Арганізавалі работу з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Новая рэдакцыя Кодэкса дае сістэме агульнай сярэдняй адукацыі магчымасць выкарыстоўваць дыстанцыйнае навучанне. Спадзяюся, што гэта будзе выкарыстоўвацца толькі ў экстранных выпадках, таму што няма нічога больш каштоўнага, чым жывыя зносіны педагога з дзецьмі.

С. Аляхновіч: Дыстанцыйнае навучанне не можа даць асноўнае – жывыя зносіны настаўніка і вучня. Гэта самае каштоўнае як у працэсе навучання, так і выхавання. У школе дзеці атрымліваюць не толькі веды, але і камунікатыўныя навыкі, уменне прымаць рашэнні, выходзіць з няпростай сітуацыі. Дыстанцыйная форма не садзейнічае такому ўзроўню работы. Разам з тым у некаторых асаблівых момантах выкарыстоўваць элементы гэтай формы навучання можна. Якраз гэта і замацавана ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

Напрыканцы

А. Сонгін:

На сустрэчах з выбаршчыкамі заўсёды надаю асаблівую ўвагу сістэме адукацыі і паўтараю, што чалавек павінен вучыцца ўсё сваё жыццё. Школа павінна навучыць чалавека думаць і аналізаваць, даць базу, аснову для далейшага развіцця – прафесійнага і духоўнага. І перад чалавекам адкрыты любыя вяршыні. Паступова, невялікімі, але ўпэўненымі крокамі – наперад.

Патрэбна будзе грунтоўная і ўсебаковая работа з удзелам парламентарыяў і зацікаўленых органаў па падрыхтоўцы гэтага законапраекта да разгляду ў другім чытанні. Гэта місія не толькі Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, але і кожнага дэпутата.

У цяперашні час вядзецца актыўнае абмеркаванне законапраекта, таму арганізуюцца круглыя сталы, дыскусійныя пляцоўкі. Дарэчы, сам удзельнічаў у педагагічнай дыялогавай пляцоўцы ў Карэліцкім раёне. Падобныя сустрэчы право­дзяцца ў кожным рэгіёне краіны з мэтай ліквідацыі розначытанняў у трактоўцы, захавання функцыянальнасці і ўліку інтарэсаў усіх бакоў.

Па прапанове Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы 10 чэрвеня былі праведзены адкрытыя парламенцкія слуханні на тэму «Нацыянальная сістэма адукацыі: стан, заканадаўчае рэгуляванне, шляхі ўдасканалення». У працэсе работы былі абмеркаваны не толькі канкрэтныя змены ў дзеючыя заканадаўчыя і іншыя нарматыўныя прававыя дакументы, але і вызначаны стратэгічныя напрамкі развіцця нацыянальнай сістэмы бесперапыннай адукацыі на найбліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву.

Алена Ермакова, «НЖ»