Казіміраўскія выхадныя ва Уселюбе аб'ядналі моладзь і старэйшае пакаленне, творчасць, спевы, гульні

Казіміраўскія выхадныя ва Уселюбе аб'ядналі моладзь і старэйшае пакаленне, творчасць, спевы, гульні

Казіміраўскія выхадныя ва Уселюбе аб'ядналі моладзь і старэйшае пакаленне, творчасць, спевы, гульні

17 августа 2024 813

Плануючы адпачынак, многія беларусы шукаюць цікавыя і прыгожыя месцы, дзе можна было б атрымаць душэўную асалоду, далучыцца да гісторыі роднага краю. Упэўнены, што многія навагрудчане, госці маляўнічага мястэчка Уселюб не пашкадавалі, што 17 жніўня зазірнулі на фестываль «Казіміраўскія выхадныя разам».


Святочнае мерапрыемства ў аграгарадку Уселюб, якое штогод праходзіць на тэрыторыі касцёла Святога Казіміра, даўно стала традыцыйным. Ва Уселюбе можна падмацавацца не толькі духоўна, але і адпачыць фізічна, паглядзець і паслухаць тут заўсёды ёсць што, а таксама  зарадзіцца энергіяй і дабрынёй. Арганізатары мерапрыемства – парафія Святога Казіміра і аддзел культуры Навагрудскага райвыканкамама парадавалі ўсіх прысутных канцэртамі, разнастайнымі цікавымі лакацыямі, сустрэчай з творчымі людзьмі і не толькі.

Мерапрыемства пачалося з канцэрта арганнай музыкі і ўрачыстага набажэнства.


Падчас урачыстага адкрыцця свята ўдзельнікаў фестывалю вітаў старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чаркоўскі.


– Паважаныя госці, Навагрудская зямля шчыра вітае вас. Хачу адзначыць, што Уселюб даўно стаў цэнтрам духоўнага развіцця, куды людзі прыязджаюць адпачыць душой, правесці разам час. І ўсё гэта дзякуючы настаяцелю прыхода Святога Казіміра ксяндзу Віталію Цыбульскаму, які аб’ядноўвае вакол сябе людзей, захоўвае добрыя традыцыі, перададзеныя нам. Ва Уселюб усе едуць з вялікім жаданнем, – адзначыў Сяргей Сяргеевіч і пажадаў усім гасцям свята адпачыць душой і сэрцам, моцнага здароўя і добрага настрою.


Да віншаванняў далучыліся настаяцель прыхода Святога Казіміра ксёнд Віталій Цыбульскі і іерэй Сяргей Капітан, клірык Тураўскай епархіі.


Вядома ж, якое свята без танцаў і спеваў! Іх было на фестывалі дастаткова.

Танцавальная праграма народнага ансамбля песні і танца «Свіцязь», музычная альтанка «Ад усёй душы з паклонам і любоўю» Уселюбскага сельскага Дома культуры не пакінула раўнадушным на свяце нікога.



Госці з задавальненнем слухалі канцэрт дзіцячага юнацкага ансамбля народнага эстраднага танца «Палеская зорачка» і ўзорнага харэаграфічнага калектыву «Фарбы Палесся» г. Мазыр. Парадавала выступленне навучэнцаў Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў, ансамбля «Чароўны мікрафон» з аг. Геранёны Іўеўскага раёна і танцавальнай групы «Німфея» г. Мінск.


На працягу дня маленькіх і дарослых наведвальнікаў чакалі забавы, кірмашы-выстаўкі рамесніцкай прадукцыі. Не абміналі госці і фудкорт, дзе ўдзельнікам мерапрыемства прапаноўвалі грыль-меню, бліны, плоў і іншыя не менш смачныя стравы. У доме паломніка, які дзейнічае пры касцёле, на ўтульнай тэрасе гасцей частавалі свежай выпечкай, кавай і травяным чаем. 


На літаратурным падворку, што размясціўся на тэрыторыі касцёла, супрацоўнікі Навагрудскай раённай бібліятэкі ўдзельнікам фэсту прапанавалі  пачытаць вершы беларускіх паэтаў, а ў літаратурным салоне Дома-музея Адама Міцкевіча і творы нашага знакамітага земляка.


Шмат жадаючых скарысталіся магчымасцю сфатаграфавацца на фоне незвычайных фотазон, кветкавых кампазіцый. А дзеці бавілі час на спартыўных і гульнявых пляцоўках.



У завяршэнне свята аматарам класічнай музыкі прапанавалі прыняць удзел у дабрачынным канцэрце «Музычныя шэдэўры».

Калі вы жадалі, але па нейкіх прычынах не змаглі наведаць фестываль ва Уселюбе, то няма прычын хвалявацца. Фестываль «Казіміраўскія выхадныя разам» праходзіць штогод і вы зможаце наведаць яго ў наступным годзе. 


«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |

Аўтар: Вольга Пісар, «НЖ»