Касцёл Святога Міхала Арханёла – храм з няпростым лёсам і амаль 300-гадовай гісторыяй

Касцёл Святога Міхала Арханёла – храм з няпростым лёсам і амаль 300-гадовай гісторыяй

Касцёл Святога Міхала Арханёла – храм з няпростым лёсам і амаль 300-гадовай гісторыяй

04 июня 2020 3520

Храм з няпростым лёсам і гісторыяй, помнік архітэктуры эпохі барока, гістарычна-культурная каштоўнасць, адна з галоўных славутасцей Навагрудка, ядро духоўнага жыцця каталіцкіх хрысціян раёна, цэнтр культурнага жыцця і спраў міласэрнасці... Размова ідзе пра касцёл Святога Міхала Арханёла. У чарговым матэрыяле праекта рэдакцыі газеты «Новае жыццё», гістарычна-краязнаўчага музея і рэлігійных абшчын Навагрудчыны «Духоўная радаслоўная краю» расказваем пра храм, які амаль тры стагоддзі ўзвышаецца ў цэнтры нашага ўнікальнага горада.

– Каля 1624 г. у Наваградку па ініцыятыве магната Крыштафа Хадкевіча на набытых ім участках ва ўсходняй частцы Рыначнай плошчы, на вуглу паміж вуліцамі Слонімскай (цяпер вул. Міцкевіча) і Яўрэйскай (цяпер Савецкая), быў заснаваны манастыр дамініканаў, – знаёміць з гісторыяй касцёла старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. – Пазней, 3 жніўня 1636 г., стаўшы віленскім каштэлянам, Хадкевіч павялічыў першапачатковы фундуш (дар), да яго ў канцы XVII ст. далучыліся Астроўскія і Бральніцкія. Спачатку касцёл быў драўляны. Да стагоддзя заснавання манастыра ў 1724 г. быў пабудаваны каменны храм.


Ёсць некалькі меркаванняў наконт таго, калі адбылося асвячэнне касцёла ў імя Міхала Арханёла. Па адной версіі – яшчэ з пачатку будаўніцтва драўлянага храма. Па другой – у XVIII ст., калі храм адбудавалі пасля пажару 1751 г.


– Асаблівае шанаванне Архангела Міхаіла ў Навагрудку пачалося пасля вайны 1654-1667 гг., калі, паводле падання, ён выратаваў горад ад поўнага знішчэння, – расказвае Галіна Тадэвушаўна. – У 1751 г. і 1831 г. храм гарэў і абодва разы паспяхова аднаўляўся. Пасля аднаўлення храма ў 1831 г. да першапачатковай барочнай архітэктуры былі дададзены элементы позняга класіцызму, у прыватнасці спрошчаны галоўны фасад са строгім трохкутным франтонам без дэкору. У 1829 г. на поўдзень ад будынка касцёла была ўзведзена званіца, але да нашага часу яна не захавалася. У 1751-1831 гг. пры храме дзейнічала дамініканская школа, у якой з 1807 па 1815 гг. вучыўся Адам Міцкевіч. Тут атрымліваў першапачатковую адукацыю і Ян Чачот.


У 1853 г. дамініканскі манастыр быў зачынены, а храм Святога Міхала з манастырскага стаў звычайным парафіяльным. Будынкі былога манастыра не захаваліся.


У 1948 г. храм быў закрыты, выкарыстоўваўся пад склад і магазін, паступова разбураўся. У 1992 г. ввернуты Каталіцкай Царкве ў паўразбураным стане. Пасля працяглай рэстаўрацыі ў 1997 г. пераасвечаны. У выніку аднаўленчых работ будынак не страціў гістарычную ўнікальнасць свайго знешняга выгляду. Унутраныя багацці, раскошная ляпніна і фрэскі таксама па максімуме захаваны.


– Калі гаварыць пра архітэктуру храма, то гэта трохнефная базіліка. Цэнтральны неф завяршаецца паўкруглай апсідай аднолькавай з нефам вышыні. З правага боку да апсіды прылягае сакрысція – прыбудова з асобным уваходам. Галоўны фасад падзелены шырокім паясным карнізам на два гарызантальныя ярусы, завершаны трохкутным франтонам, увянчаным маленькай квадратнай вежай. Галоўны ўваход аформлены невысокім тамбурам з асобным двухсхільным дахам, – адзначае Галіна Кавальчук. – Дэкор інтэр’ера і паліхромныя роспісы на скляпеннях захаваліся часткова. У храме – тры алтары: цэнтральны і два бакавыя, усе тры багата дэкарыраваны ляпнінай. У галоўным алтары змешчаны абраз Святога Міхала Арханёла – апекуна і абаронцы Навагрудка.

Неф – выцягнутае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці з абодвух падоўжаных бакоў шэрагам калон ці слупоў, якія аддзяляюць яго ад суседніх нефаў.

Апсіда – паніжаны выступ будынка, які прымыкае да асноўнага аб’ёму, паўкруглы, гранёны, прамавугольны або ўскладнены, перакрыты паўкупалам або самкнутым паўсводам.

Сакрысція – месца ў алтары або асобнае памяшканне пры хрысціянскім храме для захоўвання богаслужбовага ўбору святароў і царкоўных рэчаў.


Сёння парафія (прыход) Святога Міхала Арханёла адносіцца да Навагрудскага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Вось ужо больш за пяць гадоў настаяцелем з’яўляецца ксёндз-доктар Юрый Жэгарын. За час яго святарства ў Навагрудку для духоўнай асветы навагрудчан, выхавання ў веры маладога пакалення, абнаўлення храма і капліц, згуртавання сем’яў зроблена вельмі шмат. Паспрабуем коратка расказаць, што ж сабой сёння ўяўляе прыход Святога Міхала Арханёла.


Дзверы храма адчынены для ўсіх. Можна папрысутнічаць на святой імшы ці завітаць на канцэрт класічнай музыкі і пачуць 200-гадовы арган, які быў адноўлены дзякуючы намаганням ксяндза Юрыя. Шмат за апошнія гады зроблена для вонкавага і ўнутранага абнаўлення касцёла Святога Міхала Арханёла, які ўключаны ў дзяржаўны спіс гістрычна-культурных каштоўнасцей Беларусі і з’яўляецца месцам пастаяннага наведвання турыстаў. Прайшоў рамонт у крыпце, якая знаходзіцца пад касцёлам, завершаны будаўнічыя работы ў былым дамініканскім манастыры пры касцёле. У лютым гэтага года на будынку былой дамініканскай гімназіі ўсталявалі барэльеф з профілем Адама Міцкевіча, які быў выратаваны ад знішчэння.


– За кожнай справай ці мерапрыемствам, якія мы ладзім, стаіць не толькі мая праца, а таксама самых актыўных прыхаджан. Па сваіх сілах і магчымасцях людзі дапамагаюць у іх арганізацыі і правядзенні, – падчас нашай размовы падкрэслівае настаяцель.

Богаслужэнні, духоўна-асветніцкія сустрэчы, рэкалекцыі, курсы катэхезы, святыя місіі, пілігрымкі (поломніцтва) – аснова жыцця прыхаджан. Ладзяцца дабрачынныя акцыі, арганізуецца дапамога сем’ям, якія маюць неабходнасць у падтрымцы. Не засталіся ў баку прыхаджане і ад сённяшняй складанай сітуацыі з распаўсюджаннем каронавіруснай інфекцыі – для медыцынскіх работнікаў Навагрудскай бальніцы была прыгатавана і перада­дзена хатняя выпечка.


Парафіяльная супольнасць касцёла Святога Міхала Арханёла вялікую ўвагу надае папулярызацыі традыцыйных хрысціянскіх сямейных каштоўнасцей. Чаго толькі варты фестываль сям’і, які заўсёды збірае вялікую колькасць навагрудчан.

– Нам вельмі пашанцавала з настаяцелем – ксёндз Юрый не проста выконвае свае пастырскія абавязкі, а ўсёй душой і сэрцам перажывае за ўвесь прыход і кожнага чалавека асобна, – лічыць навагрудчанка Ядзвіга Лысая, якая прыхаджанкай касцёла Святога Міхала Арханёла з’яўляецца больш як 30 гадоў. – Наш настаяцель – прыклад адданага служэння Богу і людзям. А яшчэ ксёндз Юрый  вельмі адукаваны, выдатны псіхолаг і шчыры чалавек, з якім заўсёды можна проста пагутарыць і параіцца. Мы, прыхаджане, вельмі адказна ставімся да свайго храма, сочым за парадкам у ім, дапамагаем у арганізацыі мерапрыемстваў. Парафія духоўна адраджаецца, за гэта вельмі ўдзячны нашаму настаяцелю.


– Кожны святар у сваім служэнні імкнецца, каб прыхаджане мяняліся да лепшага, станавіліся людзьмі моцнай веры, якія здольны сілай Божай перамагаць і пашыраць Валадарства Божае, – тлумачыць і сваю місію Ксёндз Юрый. – Веру, што разам з Езусам у нас усё атрымаецца!

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»
Фота з архіва музея, "НЖ" і адкрытых крыніц.