
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у дзейнасці суда па ажыццяўленні правасуддзя ў якасці народных засядацеляў у парадку і выпадках, устаноўленых Кодэксам Рэспублікі Беларусь «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў» ад 29.06.2006 № 139-З і іншымі заканадаўчымі актамі. Такая форма народнага ўдзелу ў правасуддзі на працягу шэрагу гадоў даказала сваю эфектыўнасць у забеспячэнні абароны правоў і інтарэсаў як абвінавачаных, так і пацярпелых, стварэнні дадатковых гарантый па забеспячэнні адкрытасці правасуддзя, па захаванні неабходнай сувязі суда і грамадства.
Народным засядацелем можа стаць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 25-гадовага ўзросту і валодае як беларускай, так і рускай мовамі. Разам з тым вызначаны пэўныя абмежаванні, якія не дазваляюць стаць народным засядацелем:
-
асобы, у дачыненні да якіх маецца абвінаваўчы прысуд суда, які ўступіў у законную сілу;
-
асобы, прызнаныя абмежавана дзеяздольнымі або недзеяздольнымі рашэннем суда, які ўступіў у законную сілу;
-
асобы, якія стаяць на ўліку ў псіханеўралагічным і (або) наркалагічным дыспансерах;
-
дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіруючыя работнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, пасады якіх уключаны ў кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь, суддзі, пракурорскія работнікі, работнікі судоў, супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, работнікі органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, натарыусы, адвакаты, а таксама асобы, якія займаюць выбарныя пасады ў органах мясцовага кіравання і самакіравання;
-
свяшчэннаслужыцелі.
Папярэдні адбор кандыдатаў у народныя засядацелі ажыццяўляецца выканаўчым камітэтам у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, з ліку асоб, прапанаваных працоўнымі калектывамі і грамадскімі аб’яднаннямі; вызначаных шляхам выпадковай выбаркі са спісаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, рэферэндуме, галасаванні аб адкліканні дэпутата.
Са згоды на ўключэнне асоб, якія адпавядаюць патрабаванням, вызначаным заканадаўствам, складаецца спіс народных засядацеляў. Спіс народных засядацеляў раённага суда ўзгадняецца адпаведнымі раённай пракуратурай і абласной калегіяй адвакатаў. Складзены і ўзгоднены, ён зацвярджаецца абласным Саветам дэпутатаў, пасля чаго накіроўваецца ў суд.
Да прыкладу, рашэннем Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў ад 20 лістапада 2017 года № 293 зацверджаны спіс народных засядацеляў суда Навагрудскага раёна. У яго склад уваходзіць не менш за 35 народных засядацеляў на аднаго суддзю. Са спісам можна азнаёміцца ў памяшканні суда, ён размешчаны на інфармацыйным стэндзе ў фае. Падбор кандыдатаў і складанне спісаў народных засядацеляў ажыццяўляюцца тэрмінам на пяць гадоў, адпаведна ў наступным годзе ў Навагрудку і Навагрудскім раёне будзе праводзіцца работа па падборы кандыдатаў і зацвярджэнне новага спісу народных засядацеляў суда.
Абавязкі народных засядацеляў
Народныя засядацелі прыцягваюцца да разгляду крымінальных спраў аб злачынствах, за якія крымінальным законам прадугледжваюцца пакаранне звыш дзесяці гадоў пазбаўлення волі або смяротнае пакаранне, а таксама аб злачынствах, учыненых непаўналетнімі.
На час выканання абавязкаў народных засядацеляў у працоўны час работнікам гарантуецца захаванне месца працы (пасады служачага, прафесіі працоўнага) і сярэдняга заробку. Непрацуючым народным засядацелям, у тым ліку пенсіянерам, за выкананне абавязкаў у судзе ажыццяўляюцца выплаты ў памеры сярэдняга заробку для мясцовасці (раёна, горада) па месцы знаходжання суда. У выпадку выезду народных засядацеляў для выканання абавязкаў у судзе ў іншай мясцовасці па-за пастаяннага месца жыхарства ім таксама прадастаўляюцца гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя заканадаўствам пры службовых камандзіроўках.
Звальненне народных засядацеляў з асноўнай працы па ініцыятыве наймальніка, за выключэннем выпадкаў здзяйснення народным засядацелем вінаватых дзеянняў (бяздзейнасці), дапускаецца пры выкананні агульнага парадку, прадугледжанага заканадаўствам аб працы, і толькі са згоды органа (службовай асобы), які зацвердзіў спісы народных засядацеляў.
К. Фурса,
вядучы спецыяліст суда Навагрудскага раёна



















