Аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці Навагрудскага завода металавырабаў і стварэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі ішла размова на чарговым пасяджэнні райвыканкама

Аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці Навагрудскага завода металавырабаў і стварэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі ішла размова на чарговым пасяджэнні райвыканкама

Аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці Навагрудскага завода металавырабаў і стварэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі ішла размова на чарговым пасяджэнні райвыканкама

27 октября 2020 1517

На чарговым пасяджэнні райвыканкама заслухалі справаздачу дырэктара завода металавырабаў Віталія Яраша аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства. Аб стварэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна паведаміла начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Людміла Мароз.

Рух з плюсам

Першы намеснік старшыні райвыканкама Алена Сялевіч адзначыла, што праведзены аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасці ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў» за студзень-жнівень 2020 г. дазваляе зрабіць выснову, што, нягле­дзячы на скарачэнне аб’ёму таварнай прадукцыі, фінансавае становішча прадпрыемства значна палепшылася. Існуе і шэраг праблем з выкананнем аднаго з ключавых прагнозных паказчыкаў – экспарту тавараў і дадатковага паказчыка па індэксе фізічнага аб’ёму вытворчасці прадукцыі. Разам з тым назіраецца невялікае павелічэнне сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў: за студзень-жнівень яна склала 593,7 руб., што вышэй за паказчык, вызначаны бізнес-планам (523,9 руб.), але пакуль яна застаецца невысокай у параўнанні з сярэднямесячнай заработнай платай на прамысловых прадпрыемствах раёна – 953,6 руб.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг павялічылася да аналагічнага перыяду 2019 года на 533 тыс. руб. або 20,1%. За студзень-жнівень 2020 года атрыманы прыбытак у памеры 39 тыс. руб. і чысты прыбытак у памеры 29 тыс. руб. супраць страт за аналагічны перыяд 2019 г.


Добрыя ідэі – у справу

На пасадзе дырэктара прадпрыемства Віталій Яраш працуе не поўны год, але за гэты перыяд у маладога кіраўніка з’явілася шмат ідэй, якія, без сумнення, заслугоўваюць увагі. Зразумела, для таго, каб іх рэалізаваць, неабходна шмат складнікаў: ад устойлівай фінансавай дзейнасці да падтрымкі калектыву. Апошнія месяцы бягучага года паказваюць, што прадпрыемства працуе з прыбыткам, а паляпшэнне плацежаздольнасці значна паўплывала на зніжэнне складскіх запасаў гатовай прадукцыі і крэдыторскай запазычанасці, у тым ліку па крэдытах і займах.

Ідэі новага кіраўніка знаходзяць водгук у калектыве. На прадпрыемстве добра разумеюць, што для паспяховай работы неабходна не толькі шукаць новыя рынкі збыту, але і пераарыентавацца на выраб новых відаў прадукцыі. Напрыклад, сетка «Рабіца», якая займае значную ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме вытворчасці прадукцыі прадпрыемства, не карыстаецца попытам на рынку тавараў, бо існуе шмат новых і больш сучасных выбараў для агароджы.

Па словах кіраўніка прадпрыемства, адным з перспектыўных напрамкаў у асваенні новых відаў прадукцыі з’яўляецца вытворчасць металаканструкцый. Завод ужо атрымаў сертыфікат адпаведнасці патрабаванняў тэхнічнага рэгламента ТР 2009/013/BY «Будынкі і збудаванні, будаўнічыя матэрыялы і вырабы. Бяспека». Вядзецца работа па атрыманні сертыфіката адпаведнасці на будаўнічыя фермы (металаканструкцыі).

У тэму

Асноўным відам дзейнасці ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў» з’яўляецца вытворчасць вырабаў з металу: мэбля металічная, сетка «Рабіца», зварныя панэлі, стэлажы, цвікі, паліўныя бакі.

Прадпрыемства валодае падрыхтаванай матэрыяльна-тэхнічнай базай, вытворчымі будынкамі з падведзенымі камунікацыямі і крыніцамі энергіі ў колькасці 8 аб’ектаў, а таксама неабходнай інфраструктурай. Тэрыторыя прадпрыемства складае 5,12 га.

Гандлёвая сетка завода прадстаўлена магазінам «Цвік», які размешчаны па адрасе: г. Навагрудак, вул. Міцкевіча, д. 37, гандлёвай плошчай 14,8 кв. м. У дадзеным аб’екце прадстаўлена прадукцыя ўласнай вытворчасці, ажыццяўляецца рэалізацыя буйнагабарытнай прадукцыі па ўзорах.


Бяспека дзяцей у прыярытэце

– Установамі адукацыі забяспечана правядзенне работы па стварэнні бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, – адзначыла начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Людміла Мароз.

Для паспяховай работы ў гэтым накірунку арганізавана міжведамаснае ўзаемадзеянне з міжраённым аддзелам Дзяржаўтаінспекцыі, аддзелам Дэпартамента аховы, Навагрудскім РАНС, занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Сумесна са службамі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку дзіцячага траўматызму, фарміраванне кампетэнцый бяспечных паводзін.

Так, сістэмамі відэаназірання абсталяваны ўсе ўстановы адукацыі. Выкарыстоўваецца 97 відэакамер з запісам відэаматэрыялу не менш за 30 сутак. Відэакамеры ўстаноўлены на ўсіх харчаблоках. На гэтыя мэты выкарыстана 11 тыс. руб. бюджэтных і 18 тыс. руб. пазабюджэтных сродкаў.

Дадатковая ўстаноўка «трывожных кнопак» у снежні 2019 года ў 12 установах адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, дазволіла забяспечыць усе ўстановы адукацыі магчымасцю экстраннага выкліку міліцыі.


Для абмежавання доступу старонніх асоб выкарыстоўваюцца замкі і электрычныя званкі пры ўваходзе на тэрыторыю ўсіх устаноў дашкольнай адукацыі, у яслях-садзе №7 устаноўлены замкі з дыстанцыйным кіраваннем.

З 1 верасня бягучага года дадаткова ўведзены 33 стаўкі вартаўнікоў-вахцёраў, што дало магчымасць забяспечыць кругласутачную ахоўную дзейнасць ва ўсіх установах адукацыі.

Прыняты арганізацыйна-распарадчыя меры па абмежаванні выкарыстання мабільнай сувязі, вызначаны месцы захоўвання мабільных тэлефонаў падчас адукацыйнага працэсу. З мэтай ажыццяўлення кантролю за выхадам у сетку Інтэрнэт ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вядуцца адпаведныя журналы, пастаянна праводзіцца маніторынг сацыяльных сетак вучняў.

Людміла Мароз падкрэсліла, што забяспечаны кантроль за спраўным станам сістэмы аўтаномнай пажарнай сігналізацыі, праведзена абследаванне будынкаў і збудаванняў з прыцягненнем спецыялізаваных арганізацый усіх устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (17 школ) на суму 25,5 тыс. руб. Праведзена пашпартызацыя ўсіх вентыляцыйных сістэм на харчаблоках устаноў адукацыі і ў кабінетах хіміі.

Акцэнт на якаснае харчаванне

– Якаснае харчаванне вучняў – адно з ключавых пытанняў па забеспячэнні здароўя вучняў. У гэтым накірунку шмат увагі надаецца рэканструкцыі харчаблокаў і заменены тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання ўстаноў адукацыі і дзіцячых садоў. На гэтыя мэты выдзяляецца значная сума з бюджэту раёна, – падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі.


Праведзена рэканструкцыя харчаблокаў Вераб’евіцкага дзіцячага сада-базавай школы і сярэдняй школы №7 на суму 701 тыс. руб. з поўнай заменай тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання.

З лістапада 2020 г. запланавана правядзенне мадэрнізацыі харчаблока ў яслях-садзе №10 з асваеннем каля 278 тыс. руб.

Штогод ажыццяўляецца замена абсталявання. За 2016-2020 гг. устаноўлена 75 адзінак тэхналагічнага і 46 адзінак халадзільнага абсталявання на агульную суму 137 тыс. руб.

Для больш якаснага прыгатавання ежы ў 12 установах адукацыі устаноўлены параканвектаматы, што складае 42% ад агульнай колькасці.

У 2020 годзе праведзена поўная замена гандлёва-тэхналагічнага, халадзільнага і дапаможнага абсталявання ў Любчанскай сярэдняй школе на суму 35 тыс. руб.


Удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы

Значным крокам ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі ў частцы стварэння бяспечных умоў стала мадэрнізацыя фасада сярэдняй школы №5 з заменай інжынерных сетак у рамках мадэрнізацыі сістэмы адукацыі за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця на суму 785 тыс. руб.

Будаўніцтва ў 2018 годзе новай дашкольнай установы ў мікрараёне «Паўднёвы-захад-2» дало магчымасць у поўным аб’ёме забяспечыць крокавую даступнасць.

Праведзены бягучы рамонт фасада будынка з частковай заменай вокнаў у яслях-садзе №11 г. Навагрудка, капітальна адрамантаваны спартыўныя залы ў 5-і ўстановах адукацыі (СШ №3, 4, 7 г. Навагрудка, Нягневіцкая СШ, Гарадзечанскай дзіцячы сад-сярэдняй школе).

Праведзена работа па рамонце агароджы стадыёнаў у СШ №1, 4 г. Навагрудка, Пятрэвіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, а таксама рамонт агароджы тэрыторый у яслях-садзе №7, СШ №5, 7 г. Навагрудка, Навагрудскай спецшколе-інтэрнат.

У рамках рэалізацыі праекта «Вёска будучыні» праводзіцца мадэрнізацыя даху Любчанскай сярэдняй школы на суму 350 тыс. руб., устаноўка новай агароджы ў Любчанскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці на суму 15 тыс. руб.


Разам з тым, нягледзячы на планамернае абнаўленне транспарту для падвозу вучняў у 2020 годзе, выкарыстоўваюцца 3 аўтобусы з тэрмінам эксплуатацыі звыш 10 гадоў. Падвоз па шэрагу маршрутаў дапускае знаходжанне дзяцей у дарозе звыш 30 хвілін. У 2020 годзе не праведзены капітальны рамонт харчаблока сярэдняй школы №3. Не вырашана пытанне прывядзення ў належны стан фасадаў будынкаў сярэдняй школы №7 і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і інш. Усе гэтыя пытанні патрабуюць вырашэння, і работа ў гэтым накірунку будзе прадоўжана, – запэўніла Людміла Мароз.

Па вынікаў пасяджэння райвыканкама прыняты адпаведныя рашэнні, вызначаны адказныя за іх выкананне.

Алена Ермакова, «НЖ»
Фота з архіва рэдакцыі