До дня Великой
Победы осталось

«Зялёныя» ідэі для Навагрудка

19 марта 2019
Дзякуючы міжнародным праектам тэхнічнай дапамогі, у паўсядзённае жыццё нашага горада ўжо даўно ўвайшлі такія паняцці, як ветрагенератары, сонечныя электрастанцыі, кіраванне адходамі, энергаэфектыўнае асвятленне. Адзін з такіх праектаў – «Беларусь: Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. – Навагрудак быў выбраны ў якасці аднаго з «пілотных» гарадоў праекта невыпадкова, – гаворыць кіраўнік праекта Ірына Усава. – Горад з’яўляецца падпісантам Пагаднення мэраў і можа быць прыкладам таго, як мясцовая ўлада імкнецца выкарыстаць усе магчымыя крыніцы для ўкаранення інавацый. Задача праекта «Зялёныя гарады» – укараніць у горадзе сістэму «разумнага» святлодыёднага вулічнага асвятлення і «разумных» лічыльнікаў уліку спажытых рэсурсаў, што таксама ўнясе свой уклад ва ўстойлівае развіццё горада. «Разумнае» асвятленне і «зялёныя» закупкі У «зялёным» горадзе «разумнае» асвятленне кіруецца сістэмамі кантролю, якія ўлічваюць наяўнасць людзей, транспарту, асветленасць і час сутак. У залежнасці ад гэтых фактараў ідзе аўтаматычнае ўключэнне і выключэнне асвятлення, тым самым эканомяцца электра­энергія і грошы. Акрамя гэтага, на вуліцах зніжаецца колькасць траўмаў і паляпшаецца крымінагенная абстаноўка ў горадзе. Укараненне энергаэфектыўнага асвятлення ў Навагрудку дазволіць эканоміць энергарэсурсы ў памеры 596 МВт гадзін у год, што эквівалентна 90 тыс. долараў. – На сённяшні дзень ужо абраны пастаўшчык абсталявання, і ў хуткім часе пачнецца яго мантаж, – расказвае пра тэхнічны бок праекта кансультант па энергетычнай эфектыўнасці Іван Філюціч. –  Да слова, пры выбары пастаўшчыка мы ўлічвалі не толькі кошт абсталявання, але і яго энергаспажыванне, усе сукупныя выдаткі, якія можа панесці эксплуатуючая арганізацыя, а таксама кошт утылізацыі. Такім чынам мы імкнуліся прадэманстраваць, як на практыцы прымяняецца інавацыйны прынцып «зялёных» закупак. Акрамя гэтага, ужо завершаны выбар падраднай арганізацыі, якая будзе распрацоўваць першае ў Беларусі тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне ўкаранення сістэм інтэлектуальнага ўліку энергарэсурсаў. «Разумныя» лічыльнікі, якія бу­дуць устаноўлены ў жылым сектары Навагрудка, будуць дакладна паказваць, як  расходуецца цяпло, электрычнасць і вада. Такім чынам чалавек будзе ведаць, за што плаціць і як можна зэканоміць. Плануецца, што за кошт устаноўкі смарт-лічыльнікаў эканомія спажывання рэсурсаў хатнімі гаспадаркамі складзе не менш за 5-10% План «зялёнага» горадабудаўніцтва Як адзначыла кіраўнік праекта, «Зялёныя гарады» –  гэта  не толькі тэхнічныя мерапрыемствы. Каб зрабіць «зялёнае» развіццё гарадоў у Беларусі агульнай практыкай, распрацоўваюцца прапановы па ўдасканаленні заканадаўства, якія дазволяць зрабіць беларускія гарады больш адкрытымі, бяспечнымі і экалагічна ўстойлівымі. Канкрэтна для пілотных гарадоў, у тым ліку і для Навагрудка, распрацоўваецца план «зялёнага» горадабудаўніцтва, які дапаможа вызначыць напрамкі развіцця горада на перыяд да 2040 года. План уключае ўсе асноўныя аспекты гарадской жыццядзейнасці: забудову гарадскіх тэрыторый, энергаэфектыўнасць будынкаў і кварталаў, «разумнае» кіраванне спажываннем энергарэсурсаў і вады, устойлівую мабільнасць, абыходжанне з адходамі, азеляненне тэрыторый горада з падтрыманнем біяразнастайнасці і г.д. – Перш чым стварыць план «зялёнага» горадабудаўніцтва, нашымі экспертамі быў праведзены аналіз сучаснага стану Навагрудка, які зафіксаваны ў «Профілі горада», – адзначае Ірына Усава. – Падчас Еўрапейскага тыдня мабільнасці «Профіль горада» быў прадстаўлены журналістам у форме гарадскога квеста. Таксама на цэнтральнай плошчы прайшло ўзнагароджанне навучэнцаў, якія сталі пераможцамі экалагічных конкурсаў, і велапрабег для ўсіх жадаючых. У гэтым мерапрыемстве прыняла ўдзел кіраўнік Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі. Аднак мала пабудаваць «зялёны» горад толькі «тэхнічна», трэба і сам горад, і навакольнае асяроддзе пастаянна падтрымліваць у належным стане. Для гэтага ў першую чаргу свядомасць людзей павінна мяняцца ў бок «зялёнага» мыслення, «зялёнага» ладу жыцця. У рамках правядзення інфармацыйнай кампаніі каманда праекта праводзіць у розных фарматах сустрэчы з жыхарамі пілотных гарадоў. Удзельнікі такіх сустрэч выказваюць свае пажаданні па далейшым удасканаленні камфортнага гарадскога асяроддзя, абмяркоўваюцца пытанні добраўпарадкавання тэрыторый, функцыянавання грамадскага транспарту. Прапановы жыхароў абавязкова будуць улічвацца пры распрацоўцы плана зялёнага горадабудаўніцтва. Алена Ганцэвіч, «НЖ» Фота носіць ілюстрацыйны характар (з інтэрнэту)