Яўгенія Сакевіч працуе бібліятэкарам, хоць у свой час выбрала зусім іншую прафесію. – У юнацтве я вельмі хацела стаць педагогам, ці хаця б выхавальнікам, – прызнаецца Яўгенія Міхайлаўна. – А ў выніку выбрала прафесію тэхніка-тэхнолага і некаторы час працавала ў інстытуце аховы раслін пры Акадэміі навук у Мінску. Потым выйшла замуж і пераехала на Навагрудчыну, на радзіму мужа.
Гісторыя яе знаёмства з будучым мужам цікавая і незвычайная. Званіла сяброўцы, набіраючы па памяці тэлефонны нумар, выпадкова пераблытала дзве лічбы і вельмі здзівілася, калі пачула ў трубцы прыемны мужчынскі голас. Завязалася знаёмства, якое потым перарасло ў сапраўднае каханне. Ну і як пасля гэтага не верыць у лёс?
Муж аказаўся навагрудчанінам, пасля заканчэння Гродзенскага сельгасінстытута працаваў загадчыкам участка ў Беніне. Там пачалося іх сямейнае жыццё.
– Дачцы было каля двух гадоў, я спакойна знаходзілася ў водпуску па доглядзе дзіцяці, і тут мне нечакана прапанавалі пасаду бібліятэкара ў Бенінскай школе. І я адразу ж зразумела: гэта маё! – усміхаецца жанчына. – Гэта быў 2009 год.
Працаваць у школьнай бібліятэцы ёй спадабалася. Але неўзабаве школу расфарміравалі, і зноў прыйшлося штосьці мяняць у жыцці. Праца на аўтазапраўцы, нараджэнне дзяцей, пераезд ва Уселюб – і зноў бібліятэка, на гэты раз сельская. Са сваёй спецыфікай работы, са сваімі асаблівасцямі.
– У школе ўсё было зразумела: у зоне абслугоўвання дзеці, настаўнікі. А тут прыходзяць самыя розныя людзі – па ўзросце, ступені адукаванасці, культуры зносін. Але з кожным можна знайсці агульную мову.
У бібліятэчнай картатэцы 259 чытачоў, з якіх 173 дарослых і 86 дзяцей. Любяць чытаць папулярную літаратуру – класіку, раманы, дэтэктывы. Гэта карысталася і карыстаецца попытам. Ахвотна бяруць кнігі сучасных аўтараў, у тым ліку на беларускай мове. Запатрабавана перыёдыка, выпісваем шмат газет і часопісаў.
– Мы – вяскоўцы, а ў вёсцы размаўляюць больш па-беларуску, таму гэта важна, – удакладняе Яўгенія Сакевіч. – Радуе, што ў апошні час бібліятэка папаўняецца літаратурай на ваенную і гістарычныя тэмы, у прыватнасці, шмат кніг па генацыдзе. Для мяне тэма вайны вельмі блізкая, бо мая бабуля прайшла праз нямецкія лагеры.
Яна паказвае новыя выданні для дзяцей: прыгожа і маляўніча аформленыя дэтэктывы, фэнтэзі, захапляльныя гісторыі. Дзеці ахвотна іх чытаюць.
Як любому бібліятэкару, ёй хочацца мець больш класічнай літаратуры па школьнай праграме, якая асабліва запатрабавана ў вучняў. Не заўсёды гэтыя творы ёсць у патрэбным аб’ёме. Яўгенія Міхайлаўна нават завяла так званую картатэку адмоў – гэта кнігі, якія дзеці папрасілі, а іх у патрэбнай колькасці няма. Інфармацыя затым падаецца ў аддзел камплектавання раённай бібліятэкі.
Дзеці – удзячныя чытачы і нярэдка прыходзяць у бібліятэку з падарункамі, зробленымі сваімі рукамі. Яўгенія Міхайлаўна з гонарам паказвае папяровыя фігуркі, якія ёй падарылі школьнікі. Для іх у бібліятэчнай зале адведзена цэлая паліца. На відным месцы – імправізаваная выстаўка дзіцячых малюнкаў.
Бібліятэкар – адна з самых цікавых і шматгранных прафесій. Крыху псіхолаг, крыху акцёр, паэт, выхавальнік, спецыяліст камп’ютарных тэхналогій – сучасны бібліятэчны работнік павінен умець вельмі многае. Інфарматызацыя сучаснага грамадства, Інтэрнет – сур’ёзныя сапернікі на інфармацыйным полі. А значыць, патрэбна шукаць новыя формы дзейнасці, якія прыцягнуць увагу чытачоў. Конкурсы, праекты, творчыя сустрэчы, выстаўкі – бібліятэка не абмяжоўваецца адной толькі выдачай кніг і даўно выйшла за рамкі сваёй прывычнай дзейнасці.
Яўгенія Сакевіч праводзіць мяне па невялікай, але ўтульнай бібліятэчнай зале, паказвае тэматычныя выстаўкі кніг і расказвае, якую цікавую віктарыну ладзілі сёлета ў бібліятэцы – «Класны супраць класа». І дзіўна: дзеці перамаглі настаўнікаў!
– Магчыма, таму, што мы жывём у вёсцы, дзеці любяць кнігу. Кніжныя старонкі пакуль што нічым не заменіш. Нерухомыя рады кніг захоўваюць у сябе мноства цікавых таямніц і самай разнастайнай інфармацыі. І ніякія электронныя кнігі не параўнаць з адчуваннямі, калі трымаеш у руках кнігу, перагортваеш старонкі і слухаеш іх шорах, – гаворыць жанчына. – Мы цесна сябруем з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Аксанай Аляксандраўнай Цераховіч. Яна прывівае любоў да кніжных старонак. У многіх дзяцей ёсць электронныя кнігі, але традыцыйныя кнігі яны не замянілі, а дапоўнілі.
– Чамусьці лічыцца, што ў сельскай бібліятэцы абслугоўваюцца пераважна бабулькі і дзядулі. Гэта абсалютна не так, – не пагаджаецца Яўгенія Міхайлаўна. – У мяне такіх каля 15%. Асноўны кантынгент чытачоў – людзі ва ўзросце 40-50-60 гадоў. Ёсць аматары чытання, якім ужо за 80 гадоў, якія шмат чытаюць. Напрыклад, самы старэйшы чытач – Таіса Максімаўна Савошчык 1938 года нараджэння. Самы юны – мой сын Глеб, трэцякласнік. У яго самы вялікі фармуляр. Чытае такую літаратуру, якую не кожны падлетак адолее.
Яўгенія Міхайлаўна з такім захапленнем расказвае пра сваю працу, і пры гэтым у вачах запальваюцца такія яркія агеньчыкі, што я не магла не запытаць: ці не памылілася яна ў свой час, выбіраючы прафесію тэхніка-тэхнолага? Магчыма, варта было адразу ісці па бібліятэчным шляху?
– Нічога ў жыцці не бывае проста так, – адказвае на пытанне жанчына. – У мяне шмат што засталося ад ранейшай прафесіі – кветкі, агарод, вялікі сад, у якім больш за 100 дрэў. Удваіх з мужам спраўляемся. Мы – разам! Мае бабуля і мама былі аграномамі, і ад іх у спадчыну перадалася павага да роднай зямлі. Калі выхоўваешся ў такім асяроддзі, інакш глядзіш не толькі на зямлю, але і на іншыя рэчы, на расліны і ўвогуле на жыццё. Дарэчы, муж Юрый Уладзіміравіч – вядучы аграном у СВК «Прынёманскі». Так што мы – аднадумцы і амаль што калегі. А наконт працы – калі табе нецікава тое, чым ты займаешся, як ні маскіруйся, гэта будзе відно.
У сям’і Сакевіч чацвёра дзяцей – радасць, памножная на чатыры.
– Там, дзе расце адно дзіця, знойдзецца месца другому. А дзе другое – там і трэцяе, і гэтак далей, – жартуе Яўгенія Міхайлаўна.
Старэйшая дачка Аляксандра – навучэнка Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі, выбрала спецыяльнасць «экалогія», піша вершы. Мацвей у дзявятым класе, Глеб у трэцім, а самай малодшай Міры хутка 4 гады. Яна з любоўю расказвае пра кожнага са сваіх дзяцей, а я не магу паверыць, што гэтая прыгожая, стыльная і вельмі жвавая маладая жанчына – шматдзетная маці.
– Люблю дзяцей, люблю сваю сям’ю, люблю сваю працу – усё гэта мне цікава, – усміхаецца Яўгенія Сакевіч.
Са святам, Яўгенія Міхайлаўна! Са святам Вас, бібліятэкары Навагрудчыны!
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |Instagram | YouTube | TikTok |