Вучні сярэдняй школы №7 цікава адзначылі Дзень роднай мовы

Вучні сярэдняй школы №7 цікава адзначылі Дзень роднай мовы

21 февраля 2024 219

Родная мова… Якая яна прыгожая, мілагучная, модная! Колькі любові, шчырасці, адкрытасці ў родных словах...

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для ўсяго беларускага народа, бо народа без мовы не існуе, няма мовы без яго носьбіта.

Кожны год вучні, настаўнікі, бацькі чакаюць гэтага незабыўнага свята. І вось яно прыйшло!

Раніцай у фае сярэдняй школы №7 г. Навагрудка вучняў і педагогаў сустракалі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах, якія не толькі віншавалі са святам, але і дарылі паштоўкі, салодкія пачастункі.

Пачаўся дзень роднай мовы з квэст-гульні «Мова мая загадкавая» для вучняў 6-х, 8-х класаў.

Цікавыя і змястоўныя заданні садзейнічалі не толькі фарміраванню ў дзяцей павагі і любові да роднай мовы, але і ўзбагацілі іх новымі ведамі, далучылі да духоўнай спадчыны нашага народа.

Гульня прайшла весела, цікава, пазнавальна. Навучэнцы школы прадэманстравалі сваю кемлівасць, эрудыцыю. А калі на выхадзе яшчэ і вынеслі пару арыгінальных беларускіх слоў, данеслі іх дадому, расказалі бацькам, то, напэўна, запомнілі, што мы – беларусы. Што мы – самабытны, таленавіты народ.

У межах Міжнароднага дня роднай мовы настаўнікі і вучні 3-х класаў удзельнічалі ў квэст-гульні «Збяры Беларусь у сваім сэрцы», а вучні 4-класаў былі заняты ў конкурснай праграме «Залацінкі народнай мудрасці». Падчас мерапрыемстваў вучні далучыліся да вытокаў беларускай народнай культуры праз вусную народную творчасць, дазналіся шмат новага пра гісторыю і культуру нашага народа, пра яго духоўную і гістарычную спадчыну. Усім сёння было цікава і пазнавальна. Будзе пра што расказаць сваякам і сябрам.