Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

17 апреля 2022 754

Умілаваныя ў Хрысце вернікі!

Урачыстасць Пасхі закранае самую істотную праўду хрысціянства. Калісьці, паводле яўрэйскай традыцыі, Хрыстос сам святкаваў Пасху – успамін выхаду Божага Народа з Егіпецкай няволі. Ён сказаў сваім вучням: «Я вельмі хацеў з'есці гэтую Пасху з вамі, перш чым цярпець» (Лк 22, 15). Тады ён увайшоў у сваю Пасху: аддаў сябе на смерць і выйшаў пераможцам, як Уваскрэслы. Ад Айца паслаў Духа Святога сваім вучням. Так, Ён сабраў людзей, рассеяных грахом, у супольнасць, якая з'яўляецца Яго містычным Целам – Касцёлам.

Для нас, вернікаў, Вялікдзень – час радасці новага жыцця, якое пастаянна ў нас адраджаецца дзякуючы таямніцы ахвяры Езуса Хрыста. Гэта Ён – укрыжаваны і ўваскрэслы Пан – адкрывае перад намі цудоўную жыццёвую перспектыву, якая праходзіць праз пакуты крыжа і магілы, каб ззяць святлом і сілай уваскрэсення.

Хрысціянскі спосаб выказвання пажаданняў закранае перш за ўсё праўду пра ўваскрэсенне нашага Госпада. Дзякуючы гэтай праўдзе, мы ўмацоўваемся ў намеры ісці за Езусам і несці свой крыж, саўдзельнічаючы ў Яго ўваскрэсенні. Верым, што сілай Уваскрэслага, мы ў стане пераўзысці ўсе трывогі, якія нам прыносяць складаныя і неспакойныя часы выпрабаванняў і духоўнага ачышчэння. Усё гэта можна прайсці, калі будзем заставацца ў яднанні з Хрыстом. Таму давайце найперш клапаціцца пра блізкія адносіны з Хрыстом і не дазваляць, каб нішто і ніхто не змог нас з Ім разлучыць. Паяднаныя з нашым Збаўцам, укаранёныя ў Яго Пасхальную таямніцу, будзем людзьмі, якія выпраменьваюць радасць і надзею, каб жыць далей і даваць гэтую надзею тым, хто яе не мае.

З нагоды гэтай светлай урачыстасці выказваю ўсім вернікам найлепшыя пажаданні. Жадаю сапраўднага ўнутранага спакою, непахіснага даверу Богу, узаемнай любові і міласэрнасці, а таксама гатоўнасці раздзяліць смутак і цяжар братоў і сясцёр у самых цяжкіх жыццёвых сітуацыях!

Няхай Уваскрэслы Хрыстос дадасць Вам адвагі, умацуе Вашу веру і накіруе Вашы жаданні і намаганні да дасягнення вечнай радасці збаўлення!

Хрыстос Уваскрэс!

 Спраўды Уваскрэс!

Ад усяго сэрца ксёндз Юрый Жэгарын