Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

04 апреля 2021 868

Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце!

У свята Уваскрэсення кожны хрысціянін чарговы раз для сябе адкрывае, што Бог схіляецца да чалавека, узвышае яго годнасць і ратуе. Здзяйсняе штосьці неверагоднае, нестандартнае, што не паддаецца звычайнай логіцы духу гэтага свету, нягледзячы на тое, што чалавек адыходзіць ад Бога, няверны Яму, ходзіць толькі сваімі эгаістычнымі шляхамі.

Вялікдзень не можа пакінуць нас абыякавымі. Да ўрачыстасці Уваскрэсення Госпада мы не можам падыходзіць як да рытуалу і абавязку, які неабходна выканаць. Сапраўдная вера скіроўвае наш позірк не на павярхоўнае выкананне святочных традыцый, а на тое, у якім стане знаходзіцца наша сэрца і сумленне. Толькі той чалавек, які ў глыбокай веры скарыў сваё сэрца перад Богам праз пакаянне, любы Госпаду і ў стане па-сапраўднаму свабодна і радасна адсвяткаваць гэта свята. Для вернага вучня Хрыста не існуе слова смутак і прыгнечанасць, нават калі абставіны могуць якімсьці чынам намагацца яго да гэтага схіліць.

Езус заклікае нас у гэтыя дні, не адкладваючы на потым, паяднацца з Богам праз сакрамант пакаяння – святую споведзь. Паяднацца, папрасіць прабачэння ў тых, каго пакрыўдзілі, і прабачыць тым, хто нас пакрыўдзіў. Прызнаць асабістыя памылкі і прабачыць самім сабе, даручыць Богу сваё мінулае, цяперашняе і будучае. Старайцеся ў гэтыя святочныя дні прысвяціць свой час найперш на наведванне храма і асабістую малітву, пабыць больш са сваёй сям’ёй і блізкімі. Дзяліцеся радасцю і спагадлівасцю асабліва з тымі, хто гэтага на дадзены момант пазбаўлены. Не шкадуйце асабістага часу для бліжняга і не паддайцеся спакусе таму, што час – гэта грошы, бо для Бога час – гэта любоў, і гэта насамрэч сапраўдная мера жыцця веруючага, Божага чалавека.

Няхай Бог Айцец у сваім Сыне Езусе Хрысце, які чарговы раз нас знайшоў і вызваліў з пут грахоўнай няволі, будзе для нас правадніком, а радасць Велікоднай раніцы зробіць нас сапраўднымі, вернымі сведкамі Хрыста сярод іншых, далёкіх ад Бога людзей.

Са святам Вас!

Хрыстос Уваскрэс!

Сапраўды Уваскрэс!

Ад усяго сэрца ксёндз-доктар Юрый Жэгарын