Рэтра-фота-атэлье адкрылася ў Навагрудку

Рэтра-фота-атэлье адкрылася ў Навагрудку

Рэтра-фота-атэлье адкрылася ў Навагрудку

05 Января 2021 1232

Рэтра-фота-атэлье 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя з’явілася ў Навагрудку. Праект Навагрудскай раённай бібліятэкі рэалізаваны дзякуючы атрыманаму гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Завітаўшы ў рэтра-фота-атэлье, вы зможаце прымераць на сябе вобразы навагрудчан пачатку ХХ ст. Прыгожыя сукенкі, форма гімназісткі, капялюшы і вееры, пацеркі і парасоны – усё гэта гарманіруе са своеасаблівым інтэр’ерам.


Тут жа ў фотастудыі стагадовай даўніны, пераапрануўшыся, можна сфатаграфавацца і імгненна атрымаць фотаздымкі, для гэтага закуплена прафесійнае абсталяванне – фотабокс.


– Значная работа ў 2020 годзе была накіравана намі, супрацоўнікамі Навагрудскай раённай бібліятэкі, на рэалізацыю наватарскага культурнага праекта «Рэтра-фота-атэлье» ў рамках атрыманага гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, – расказвае аўтар праекта, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Чубрык. – Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць свету. У нас багатая гісторыя, якую мы цэнім. Мы хочам жыхарам Навагрудчыны і гасцям нашага краю больш расказаць пра нашу гісторыю і рабіць гэта цікава і пазнавальна. Так і з’явілася ідэя «візуалізаваць» нашу гісторыю. Набыта фотатэхніка, пашыта калекцыя адзення пачатку мінулага стагоддзя, з'явілася фотазона, дзе кожны жадаючы зможа сфатаграфавацца. А наша фотаатэлье размешчана ў будынку бібліятэкі, якраз на шляху ад цэнтра горада да Замкавай гары – гэта значыць на самым ажыўленым турыстычным маршруце Навагрудка. Калі гаварыць пра ідэю ўзнікнення праекта, то яна нарадзілася ў нас яшчэ ў 2017 годзе, калі мы адкрывалі міні-музей макетаў архітэктурных жамчужын краю «Страчаная спадчына». Паступова пачалі вывучаць гісторыю, традыцыі, архітэктуру горада, побыт навагрудчан, нас зацікавіла мода міжваеннага перыяду. Выпадкова ў нас з’явілася фатаграфія, на яе звароце мы прачыталі прозвішча навагрудскага фатографа Мельцэра. Макет яго фотаатэлье, якое знаходзілася на Рынкавай плошчы, таксама маецца ў нашым міні-музеі. Фотасправа ў Навагрудку нас вельмі зацікавіла, пачалі шукаць звесткі па розных гістарычных крыніцах, энцыклапедычных даведніках. Даведаліся, што былі ў нашым горадзе ажно тры фотастудыі, – дадае Святлана Канстанцінаўна.


Адкрыццё фотастудыі – значная падзея для ўсяго калектыву раённай бібліятэкі. Супрацоўнікі бібліятэкі запрашаюць навагрудчан і гасцей нашага горада завітаць у студыю, якая нагадвае атмасферу фотаатэлье стагадовай даўніны, дзе кожны жадаючы зможа сфатаграфавацца ў інтэр’ерах мінулага стагоддзя.



Упэўнены, што «Рэтра-фота-атэлье» пры Навагрудскай раённай бібліятэцы будзе спрыяць папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу горада.

Гасцей з нецярпеннем чакаюць па адрасе: г. Навагрудак, вул. 1 Мая, д. 1.
Вольга Пісар, «НЖ»