На працягу 40 гадоў работнікі ясляў-саду №8 Навагрудка ствараюць умовы для гарманічнага росту і развіцця сваіх выхаванцаў

 На працягу 40 гадоў работнікі ясляў-саду №8 Навагрудка ствараюць умовы для гарманічнага росту і развіцця сваіх выхаванцаў

На працягу 40 гадоў работнікі ясляў-саду №8 Навагрудка ствараюць умовы для гарманічнага росту і развіцця сваіх выхаванцаў

21 августа 2021 1729

Зусім нядаўна свой дзень нараджэння адзначыў яслі сад № 8 г. Навагрудка. Установа дашкольнай адукацыі расчыніла свае дзверы для юных навагрудчан у ліпені 1981 года. Юбілей – гэта радаснае свята, час падвядзення вынікаў, разважанняў аб дасягненнях, поспехах, планах на будучыню. З упэўненасцю можна сказаць, што дарога ўстановы адукацыі, даўжынёю ў 40 гадоў, адзначана актыўным назапашваннем педагагічнага вопыту, павышэннем якасці адукацыі, творчымі знаходкамі і паляпшэннем матэрыяльна тэхнічнай базы. Сёння яслі-сад № 8 – гэта камфортнае, бяспечнае адукацыйнае асяроддзе, якое, захоўваючы традыцыі, стабільна функцыянуе і актыўна развіваецца.

– Бацькі заўсёды хочуць, каб ва ўстанове дашкольнай адукацыі іх дзеці знаходзілі разуменне, павагу, цікавыя заняткі, – пачала размову загадчык ясляў-сада №8 Вольга ВЕСЯЛУХА. – Наш калектыў гэта выдатна разумее і імкнецца зрабіць усё магчымае, каб выхаванцам было максімальна камфортна ў яслях-садзе. Сёння ўстанову адукацыі наведваюць 210 дзяцей, якія займаюцца ў 12 групах (дзве з іх – для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення). Прыемна назіраць, з якой радасцю раніцай яны ідуць у свае групы. Для кожнага нашага выхаванца яслі-сад – гэта прыгожы і ўтульны дом, у якім пануе атмасфера дружбы і ўзаемадапамогі. Гэта асаблівы свет дзяцінства, любві, ведаў і творчасці.

З вялікім гонарам Вольга Сяргееўна адзначае, што ёй пашанцавала ўзначальваць дружную, зладжаную каманду аднадумцаў.

– Большасць педагогаў ясляў-сада №8 мае шматгадовы вопыт работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Свае веды і майстэрства яны з задавальненнем перадаюць маладым спецыялістам. Штодня мы разам вырашаем мноства задач, якія датычацца навучання і выхавання дашкольнікаў, іх аздараўлення і сацыялізацыі, стварэння псіхалагічнага базісу для паўнавартаснага развіцця асобы. Калектыў ідзе ў нагу з часам, вучыцца і прафесійна расце, пры гэтым памятае і шануе традыцыі.

Як адзначыў загадчык, у апошнія гады яслі-сад змяніўся: стаў больш сучасным і ўтульным.

– Сапраўднай матывацыяй дзіцяці да дзейнасці можа быць толькі цікавасць, таму мы знаходзімся ў пастаянным пошуку новых магчымасцей для самавыяўлення нашых выхаванцаў, – падкрэсліла Вольга Сяргееўна.

Педагогі, памочнікі выхавальнікаў з любоўю ствараюць гульнявую прастору, якая дапамагае дзецям з задавальненнем вучыцца і развівацца.

– Карыстаючыся выпадкам, шчыра дзякую ўпраўленню адукацыі райвыканкама, «Навагрудскія Дары» філіялу ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», бацькам за тое, што нашы задумкі рэалізуюцца, – адзначыла Вольга Весялуха. – Выдатны калектыў ясляў-сада, ветэранаў працы, выхаванцаў і іх бацькоў, выпускнікоў ясляў-сада № 8 віншую з саракагадовым юбілеем. Жадаю ўсім моцнага здароўя, поспеху і дабрабыту. Няхай у нашай установе заўсёды пануе любоў да дзяцей і сваёй працы, узаемапаразуменне ў калектыве, хатняя ўтульнасць і радасная атмасфера.  

Вопыт і майстэрства

Вы калі-небудзь задумваліся, чаму ўстанова, дзе выхоўваюць дзяцей, называецца дзіцячым садам? Напэўна таму, што дзень за днём тут растуць нашы кветачкі жыцця – дзеці. Працу выхавальніка можна параўнаць з працай садоўніка – творчай, карпатлівай, якая патрабуе цярпення і клопату. Выхавальнік павінен быць і ласкавай мамай, і добрым сябрам, і мудрым настаўнікам для кожнага дзіцяці, якое прыйшло ў яслі-сад.

У савецкага педагога-наватара, дзіцячага пісьменніка Васілія Сухамлінскага ёсць выдатныя словы: «Каб стаць сапраўдным выхавальнікам дзяцей, трэба аддаць ім сваё сэрца». Часцінку свайго сэрца і душы кожны дзень аддаюць малышам выхавальнікі Таісія Пятроўна Ляпешка і Людміла Яўгеньеўна Новік.

Для Таісіі Пятроўны юбілей ясляў-сада – свята асаблівае: ва ўстанове адукацыі яна працуе з моманту яе заснавання, больш за 30 гадоў займала пасаду кіраўніка.

– За сорак гадоў, сапраўды, многае змянілася як ва ўстанове дашкольнай адукацыі, так і ў сістэме адукацыі ў цэлым. Нязменным застаецца майстэрства педагогаў, клопат абслугоўваючага персаналу і цяпло, з якім прымае яслі-сад №8 сваіх выхаванцаў, – адзначае Т. Ляпешка. – У нашым калектыве шмат граматных, адданых сваёй справе педагогаў, людзей з невычэрпнай энергіяй, аптымізмам і любоўю да сваёй прафесіі. Не адно дзесяцігоддзе свайго жыцця гэтай установе адукацыі прысвяцілі Марына Барысаўна Сільвановіч, Галіна Пятроўна Баяроўская, Святлана Васільеўна Кулак, Святлана Аляксандраўна Дубовік, Наталля Мікалаеўна Бака. Гэтыя педагогі і зараз з задавальненнем спяшаюцца на любімую работу. Вялікі ўклад у развіццё ясляў-сада ўнеслі Вiлена Мiкалаеўна Госкінд, Алена Віктараўна Грынь, Наталля Віктараўна Жулінская, Людміла Яўгеньеўна Новік, Наталля Георгіеўна Койда, Алена Мiкалаеўна Аляшкевіч, Зоя Мікалаеўна Кашэпа, Ларыса Уладзiмiраўна Букша, Ірына Аляксандрауна Гузнічак, Ванда Станiславаўна Бузук, Людмiла Яуненьеўна Бахар, Тэрэза Пятроўна Снягір, Галіна Рыгораўна Самец, Святлана Якаўлеўна Гладкая, Галіна Аляксандраўна Стагановіч. Хочацца падзякаваць ім за прафесіяналізм, добрасумленную працу, падтрымку і бясконцую любоў да дзяцей.

Добрага, ветлівага выхавальніка, Людмілу Яўгеньеўну Новік, любяць дзеці, паважаюць бацькі і калегі. У яслі-сад №8 (у той час дзіцячы сад) жанчына прыйшла працаваць памочнікам выхавацеля ў далёкім 1985 годзе. З часам скончыла Гродзенскае педагагічнае вучылішча і вось ужо больш за 30 гадоў займаецца навучаннем і выхаваннем дашкольнікаў. Некалькі пакаленняў дзяцей яна выпусціла за гэтыя гады ў вялікае жыццё. Многія былыя выхаванцы ўжо прыводзяць ва ўстанову адукацыі сваіх дзяцей.

– Яслі-сад №8 – гэта ўсё маё жыццё. Вельмі рада, што аднойчы прыйшла працаваць менавіта ў гэту ўстанову дашкольнай адукацыі. У краіне пад назвай «Дзяцінства» няма месца старасці і суму. Каб зразумець сваіх выхаванцаў, зрабіць іх жыццё цікавым і камфортным, мы глядзім на свет вачыма дзяцей. Мая прафесія дапамагае мне заўсёды заставацца маладой, – прызналася Людміла Яўгеньеўна. – Яшчэ адна старонка ў жыцці ясляў-сада перавернута, і пачаты адлік новага дзесяцігоддзя. Хочацца пажадаць установе далейшага росквіту, няхай наперадзе ў яе будзе яшчэ шмат юбілеяў!

Выхавальнік – майстар на ўсе рукі

«Выхавальнік – гэта не прафесія, а прызванне», – лічыць малады выхавальнік Лізавета Трапша. Гледзячы на тое, як яна лёгка знаходзіць агульную мову з кожным дзіцём, разумееш, што гэта сапраўды так.

Лізавета Генадзьеўна ўсяго толькі год пасля заканчэння Лідскага педагагічнага вучылішча працуе ў яслях-садзе, але ўжо цяпер з упэўненасцю гаворыць, што з выбарам прафесіі не памылілася.

– Прафесія выхавальніка шматгранная. Выхавальнік – будаўнік: ён узводзіць падмурак маральнага аблічча чалавека. Выхавальнік – настаўнік: ён рыхтуе дзіця да школы з улікам сучасных задач. Выхавальнік – артыст: ён лёгка пераўвасабляецца ў любога казачнага персанажа. Выхавальнік – мастак: ён вучыць дашкольнікаў назіраць за навакольным асяроддзем, а потым перадаваць яго ў вобразах. Выхавальнік – музыкант: ён спявае з дзецьмі і для дзяцей. Выхавальнік – спартсмен: ён арганізуе фізкультурныя заняткі, спартыўныя гульні. Выхавальнік – майстар на ўсе рукі, – абагульніла Лізавета Трапша.

Малады педагог сваёй штодзённай працай імкнецца зрабіць дзяцінства сваіх выхаванцаў яркім і шчаслівым. Мяркуючы па тым, што дзеці назвалі свой дзіцячы сад утульным і добрым светам цяпла, фантазіі, пытанняў і адказаў, маладое пакаленне педагогаў ясляў-сада №8 з’яўляецца дастойным прадаўжальнікам традыцый, закладзеных ва ўстанове 40 гадоў таму.

Таццяна Сазановіч, «НЖ»