«Сырная» гісторыя Людмілы Ціхановіч

«Сырная» гісторыя Людмілы Ціхановіч

«Сырная» гісторыя Людмілы Ціхановіч

21 сентября 2021 1570
Цяжка ўявіць наша жыццё без сыру. Гэты прадукт традыцыйна выкарыстоўваецца ў кулінарыі большасці краін свету і з’яўляецца традыцыйнай ежай на нашым стале. «Сыр – больш чым проста прадукт харчавання і важны інгрэдыент многіх страў, ён – частка мясцовых традыцый і культуры», – упэўнена любчанка Людміла Ціхановіч, якая праславілася на ўсю акругу сваімі смачнымі хатнімі сырамі. Яно і нядзіўна: пра сыр жанчына ведае амаль усё. Даведалася, як Людміла стала сыраварам і ў чым сакрэт самага смачнага хатняга сыру.

Аб прамудрасцях сыраварэння Людміла сёння, мабыць, раскажа значна лепш нават усякай кулінарнай энцыклапедыі. Жанчына вырабляе больш за 6 гатункаў сыру. Выкарыстоўвае традыцыйныя рэцэпты, але эксперыментаваць таксама любіць. Родныя і сябры Людмілы завяраюць, што, паспрабаваўшы яе сыроў аднойчы, адмовіцца ад іх ужо не могуць. У адказ на гэта жанчына толькі ўсміхаецца. На яе думку, сакрэт якасці просты: зроблена з любоўю.

Не шукала лёгкага хлеба
Усё сваё жыцце Людміла Ціхановіч пражыла ў Любчы. Бацькі ніколі жывёлу не трымалі, але дзўчына бачыла, як вядуць гаспадарку суседзі, таму ведала, што гэта вельмі складана. Цяжкасці маю суразмоўцу не спалохалі. Калі ў Людмілы з’явілася свая сямья, яна вырашыла завесці карову, курэй і свіней. У сціплай і працавітай жанчыны ўсё атрымалася: малаком ад каровы забяспечвала сваю сям’ю і аднавяскоўцаў, а на сямейным стале ў яе заўсёды былі смятана, сыр, масла, прыгатаваныя яе ўмелымі рукамі. Было няпроста, але з гадамі прыйшоў вопыт, і сёння без гаспадаркі Людміла Мікалаеўна ўжо не можа. Бо ведае, што хатнія прадукты – самыя карысныя.
– Я заўсёды хацела, каб мая сям'я харчавалася натуральнымі прадуктамі. Таму мы з мужам трымаем вялікую гаспадарку і вырошчваем гародніну. У нас на стале кожны дзень ёсць свае чыстыя прадукты, – дзеліцца Людміла. – Канешне, гаспадарку весці – справа складаная, але наш народ да працы прывык. Таму шмат хто ў гарадскім пасёлку сумяшчае асноўную працу і вядзенне гаспадаркі.
Да кароў у сям’і Ціхановічаў адносяцца з вялікім клопатам і любоўю. Таму з часам іх колькасць вырасла да трох. А разам з ростам пагалоўя павялічылася і колькасць малака, з якім трэба было нешта рабіць...
– Спачатку была адна карова, потым другая, і калі з'явілася трэцяя, я стала думаць: а што з малаком рабіць? Тварог зрабіла, раздала, а далей што? Тры каровы – гэта 80 літраў малака ў дзень! Не выліваць жа! – расказвае Людміла Мікалаеўна.
Амаль 20 гадоў Людміла Ціхановіч працавала ў філіяле «Любчанскі сыраробны цэх» ААТ «Навагрудскі масларобны камбінат». Гонар гэтага прадпрыемства, безумоўна, сыры, якія асвойваюць рынкі суседніх краін і карыстаюцца папулярнасцю. Па словах жанчыны, Любчанскі цэх ніколі не ганяўся за навінкамі і моднымі тэндэнцыямі. На вытворчасці застаюцца вернымі тым відам сыру, якія на працягу многіх гадоў карыстаюцца попытам пакупнікоў і займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў розных конкурсах.
– Калі сутыкнуліся з праблемай вялікай колькасці малака, на дапамогу прыйшло сыраробства, якое некалі было маёй асноўнай працай. А зараз яно стала маім захапленнем, – успамінае жанчына. – Я вырашыла вярнуцца да любімай справы, але ў хатніх умовах. Вядома, дома я і раней рабіла сыры, але ў невялікай колькасці. Зараз я вырабляю 6 гатункаў сыру: з праванскімі травамі, літоўскі, з фенугрэкам і г.д. Хатні сыр па смаку і якасці прыкметна пераўзыходзіць «сапернікаў» з магазінаў і таму «разлятаецца» па сталах сваякоў і сяброў.


Сакрэт поспеху сыравара
Калі Людміла расказвае пра сыры, зробленыя сваімі рукамі, адразу хочацца паспрабаваць і ацаніць кожны – настолькі цёплымі і шчырымі словамі характарызуе кожны гатунак. Жанчына завярае, што выраб сыру ў яе асацыіруецца з медытацыяй. Пасля складанага працоўнага дня – гэта тое, «што доктар прапісаў». Яна цалкам пагружаецца ў працэс сыраварэння і атрымлівае задавальненне. Людміла Мікалаеўна ўпэўнена, што прыгатаваць сыр можа кожная гаспадыня – было б жаданне і, канешне, якаснае малако.
– Добрае малако для сыравара – гэта сакрэт поспеху. Яно павінна быць смачным, ні ў якім разе не кіслым і без паху, – падзялілася гаспадыня. – З добрага малака можна зрабіць дрэнны сыр, а з дрэннага малака добры сыр не зробіш.
Падчас размовы даведваюся: каб атрымаць кілаграмовую галоўку хатняга сыру, спатрэбіцца прыкладна 10 літраў малака, якое спачатку павінна «адпачыць» пасля даення – інакш яно можа прыгарэць.
– Для таго, каб прыгатаваць сыр, патрэбна ёмістасць, у якой ён будзе варыцца, – расказала Л. Ціхановіч. – Таксама патрэбны кантэйнеры, у якіх ён будзе выспяваць і захоўвацца. У гэтым выпадку можна выкарыстоўваць звычайныя чыстыя судочкі. Таксама патрэбны градуснік, каб вымераць тэмпературу вадкасці. Многія сыраробы выкарыстоўваюць закваскі, але я вару сыр без іх.
Жанчына дадае, што працэс прыгатавання вельмі адказны, таму для многіх складаны. Увесь час трэба трымаць руку на пульсе. Бо калі зрабіць памылку ў адным з крокаў, атрымаецца няякасны сыр або наогул нічога не атрымаецца.
– Безумоўна, тут вялікую ролю адыгрывае вопыт і веды, якія неабходна ўвесь час удасканальваць. Калі ў цябе ёсць толькі веды і няма вопыту, на жаль, можа нічога не атрымацца, – упэўнена жанчына. – Але галоўнае – не баяцца эксперыментаваць. Нават калі вы і зробіце памылкі, паверце, іх робіць кожны сырароб, а з часам вы ўжо іх рабіць не будзеце.


Любімая справа пачынаецца з працы
Энергічная і няўрымслівая жанчына з жывым іскрыстым позіркам без справы сядзець не можа. Летам увесь вольны час яна адводзіць свайму прысядзібнаму ўчастку, дзе вырошчвае бульбу, гародніну, садавіну і ягадныя кусты – парэчкі, маліну, агрэст і іншыя. На яе невялікім, але дагледжаным участку вельмі шмат самых розных кветак. Любіць гаспадыня і хадзіць у лес у ягады і грыбы. Да зімы кожны год умудраецца запоўніць свой скляпок самымі рознымі разнасоламі – хапае і сабе, і дзяцей з унучкай пачаставаць.
Па словах Людмілы Ціхановіч, сыраробства для яе не бізнес, а любімая справа. Таму у кожным кавалачку сыру частачка яе душы.
– У маім жыцці хапіла і гора, і цяжкасцей, але я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам таму, што я знайшла сваё прызванне. Я вельмі хачу не страціць любві да сваёй справы. Вучыцца як мага больш, развівацца, пазнаваць новае, паколькі сыраробства – гэта творчы і ў нейкай меры магічны працэс, які захоплівае цябе цалкам і больш не адпускае.
Гледзячы на гэтую жанчыну, дзівішся таму, што ні перажыванні, ні цяжкае вясковае жыццё не зрабілі яе душу чэрствай. Яна заўсёды адкрытая, добразычлівая, спагадлівая. Рабіць дабро і займацца любімай справай – такі дэвіз яе жыцця.
Сіл, цярпення, жыццёвай мудрасці, здароўя Вам, Людміла Мікалаеўна, у Вашай рабоце, Вашым захапленні.

 Карына Вальшонак, «НЖ»