Супрацоўнікі Навагрудскай раённай бібліятэкі зберагаюць крыніцу духоўнасці

Супрацоўнікі Навагрудскай раённай бібліятэкі  зберагаюць крыніцу духоўнасці

Супрацоўнікі Навагрудскай раённай бібліятэкі зберагаюць крыніцу духоўнасці

15 сентября 2021 941

Супрацоўнікаў Навагрудскай раённай бібліятэкі чытачы называюць захавальнікамі чалавечай мудрасці і нават аптэкарамі душ. І гэта сапраўды так. У звычайнай аптэцы нам выдадуць лякарствы ад фізічных захворванняў, а ў бібліятэку мы ідзём па кнігі, у якіх знаходзім адказы на шматлікія пытанні. Менавіта кнігі застаўляюць задумацца, часам дапамагаюць разабрацца ў розных жыццёвых сітуацыях.

У сераду, 15 верасня, бібліятэкары Беларусі, а з імі і чытачы, адзначаць Дзень бібліятэк. Гісторыя свята пачынаецца ў 2001 годзе. Дата свята абрана ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі – галоўнага кнігасховішча краіны. Аднак гісторыя бібліятэк у Беларусі пачалася нашмат раней. Першыя зборы кніг на тэрыторыі краіны з'явіліся яшчэ ў ХІ ст., і першапачаткова яны ствараліся пры цэрквах і манастырах. Самай старажытнай лічыцца бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора. Першая ж публічная бібліятэка на тэрыторыі Беларусі адкрылася ў Гродне, і гэта было ў 1830 г. Дзесьці ў 1860-х гадах у Навагрудку таксама была адкрыта першая грамадская публічная бібліятэка, ініцыятарам яе заснавання выступіў мастак, выкладчык, асветнік, грамадскі дзеяч Эдвард Паўловіч.

Напярэдадні свята мы завіталі ў Навагрудскую раённую бібліятэку, каб даведацца, якімі клопатамі жывуць работнікі гэтай сферы.

– Нягледзячы на тое, што мы шмат часу праводзім у інтэрнэце, кнігі не страцілі сваёй каштоўнасці як і кнігасховішча – бібліятэка. І я ўпэўнена: у які час мы ні жылі б, наколькі хутка да нас ні прыходзіла б інфармацыя, сустрэчы з кнігай і асалоду чытання яе на паперы не заменіць ніводнае электроннае прыстасаванне, – на пачатку нашай размовы адзначае дырэктар Навагрудскай раённай бібліятэкі Ірына ЦАРУК. –  Сёння ў нашым раёне працуе 17 бібліятэк, 13 з іх сельскія (яны працуюць амаль ва ўсіх аграгарадках), ёсць бібліятэка ў Любчы і тры ў горадзе, сярод іх і спецыяльная для інвалідаў па зроку. Фонд бібліятэк прадстаўлены ўсёй палітрай выданняў – кнігі, часопісы, газеты, грампласцінкі, кампакт-дыскі, дыяпазітывы, выяўленчыя і электронныя дакументы. Усё гэта да паслуг чытачоў, яны – самае галоўнае багацце для нас.

– У нашай рабоце пераплятаецца шмат відаў дзейнасці. Работа бібліятэкара патрабуе сістэматычнай вучобы, пастаяннага пошуку новых і цікавых форм работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва. Дарослыя чытаюць дэтэктывы, меладрамы, вучні школ і навучэнцы каледжаў – пазнавальную літаратуру, самыя маленькія наведвальнікі выбіраюць прыгожыя ілюстраваныя кнігі. Навагрудская раённая бібліятэка – гэта пляцоўка для шматлікіх мерапрыемстваў, у тым ліку раённых, – расказвае Ірына Міхайлаўна. – У нас праводзяцца літаратурныя вечарыны, выстаўкі, прэзентацыі для людзей рознага ўзросту. Штогод калектыў раённай бібліятэкі рэалізуе для карыстальнікаў шэраг творчых  праектаў і інтэрактыўных праграм з мэтай захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць свету. Мы хочам жыхарам Навагрудчыны і гасцям нашага краю больш расказваць пра нашу гісторыю і рабіць гэта цікава і пазнавальна. Так і з’явілася ідэя «візуалізаваць» нашу гісторыю. І перш у нашай бібліятэцы з’явіўся міні-музей макетаў архітэктурных жамчужын краю «Страчаная спадчына». Наступным крокам стала адкрыццё фотастудыі «Рэтра-фотаатэлье»,  праект, які быў рэалізаваны дзякуючы Гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А яшчэ большай папулярызацыі рэтра-фотаатэлье паспрыялі супрацоўнікі аддзела турызму, упраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама, – дадае дырэктар бібліятэкі. – Было арганізавана некалькі вучэбных заняткаў па рэкламе і напісанні інтэрактыўнай экскурсіі. Падрыхтавалі інтэрактыўную праграму «Прагулка з гараджанкай».

У красавіку Навагрудская раённая бібліятэка сумесна
з Навагрудскім турысцка-інфармацыйным цэнтрам прыняла ўдзел у XXIII Міжнароднай выстаўцы-кірмашы турыстычных паслуг «Адпачынак-2021», дзе прэзентавала новую інтэрактыўную праграму «Рэтрападарожжа з навагрудскай гараджанкай». Папулярнасцю карысталася рэтрафотазона, дзе кожны жадаючы мог прымераць вобразы гараджан пачатку XX стагоддзя.

– Падчас прагулкі з навагрудскай гараджанкай мясцовыя жыхары і госці нашага горада знаёмяцца з цікавымі гісторыямі Навагрудчыны. У фармаце імправізаванай вясёлай гульні-варажбы прымяраюць на сабе ролі гістарычных асоб горада. Разам з гараджанкай аглядаюць гарадскія забудовы, а менавіта гандлёвыя рады, даведваюцца шмат новага і цікавага пра храмы, вуліцы нашага горада. У канцы падарожжа разам наведваюць мясцовую кавярню, дзе за кубачкам кавы раскрываюць сакрэты навагрудскіх хатніх гаспадынь, – расказвае І. Царук. – Мы не стаім на месцы, развіваемся, прыкладаем максімум намаганняў, каб зацікавіць нашых чытачоў, наведвальнікаў.

І сапраўды, заўсёды застаюцца самыя прыемныя ўражанні пасля наведвання бібліятэкі, а яшчэ не пакідае ўпэўненасць у тым, што будуць жыць кнігі і бібліятэкі, пакуль працуюць такія самаадданыя, высакакласныя спецыялісты, як навагрудскія бібліятэкары. Яны ідуць у нагу з патрабаваннямі часу і запытамі сваіх наведвальнікаў, чытачоў, укараняюць у сваю дзей­насць новыя  інфармацыйныя тэхналогіі. Усім супрацоўнікам гэтай сферы выражаем словы ўдзячнасці за захаванне добрага, вечнага, мудрага. Жадаем ім здароўя, шчасця, дабрабыту, творчага натхнення і верных чытачоў.

Вольга Пісар, «НЖ»