
Нагадаем, Дзень беларускага пісьменства з’яўляецца нацыянальнам святам і адзначаецца штогадова з 1994 года. З прапановай заснавання свята, канцэпцыя якога прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі, выступіла Міністэрства культуры і друку Беларусі неўзабаве пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Пастанова аб зацвярджэнні свята была прынята пасля ўзгаднення гэтай прапановы з Саветам Міністраў і Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 25 мая 1994 года.
Першапачаткова свята было прымеркавана да дня выдання першай беларускай друкаванай кнігі – скарынаўскага «Псалтыра» (6 жніўня 1517 г.), але з 1998 года яно адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Свята традыцыйна праводзіцца ў населеных пунктах Беларусі з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, даўніх цэнтрах кнігадрукавання. За ўсю гісторыю Дня беларускага пісьменства ён праходзіў у 27 населеных пунктах. Двойчы месцам правядзення станавіліся Тураў і Заслаўе, тройчы – радзіма Францыска Скарыны Полацк. Дарэчы, ІІІ Дзень беларускага пісьменства прымаў 1996 года Навагрудак.
Сёлета арганізатары прапаноўваюць гасцям і ўдзельнікам свята багатую і змястоўную двухдзённую праграму. Урачыстае адкрыццё XXXII Дня беларускага пісьменства, цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і навукова-практычная канферэнцыя «Лідскія чытанні» запланаваны на 6 верасня. Традыцыйна Міністэрства інфармацыі ладзіць Фестываль кнігі і прэсы, дзе можна будзе пазнаёміцца з навінкамі беларускага выдавецкага рынку.
Спецыяльна для лiдчан i гасцей горада будзе арганізавана турыстычнае падарожжа «Месцы сiлы Лiдскага раёна». Яго маршрут распрацаваны ў Лiдскiм раённым турыстычным iнфармацыйным цэнтры і ўключае шэраг аб’ектаў, якiя да гэтага часу не былi ў полi зроку турыстаў.
Полюсам прыцягнення гледачоў і ўдзельнікаў стане старажытны і велічны Лідскі замак. Тут адбудзецца культурнавiдовiшчнае мерапрыемства «Дзень сярэднявечнай культуры ў Лiдскiм замку», будуць працаваць зброевая i гарбарная майстэрнi, сярэднявечныя кузня, кухня, рыцарскi лагер, лучны цiр.
Шэраг цікавых мерапрыемстваў будзе арганізаваны ў святочныя дні ў доме пiсьменнiка Валянцiна Таўлая – лiтаратурным аддзеле Лiдскага гiсторыка-мастацкага музея. Актыўнымі ўдзельнікамі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе будуць бібліятэкары Гродзенскай вобласці. Яны стануць арганізатарамі пляцоўкі «Гродзеншчына: скарбы бiблiятэк i традыцыi роднага краю», разнастайных творчых выставак і майстэрняў, абласнога конкурсу бiблiятэчнага дэкору, які ў рамках свята адбудзецца ўпершыню. Супрацоўнiкi бiблiятэк Гродзеншчыны стварылі ўнiкальныя кнiжныя вiтрыны, якiя адлюстроўваюць лiтаратурныя творы. А іх калегі з Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi прадэманструюць у Лiдзе выстаўку рэдкіх рукапiсных часопiсаў i газет часоў Вялiкай Айчыннай вайны.
Са сваімі праектамі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі, павільёнамі ўдзел у святкаваннях прымуць таксама «Белпошта», «Белкніга», Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, грамадскія аб’яднанні «Саюз пісьменнікаў Беларусі», «Белая Русь», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларускі саюз жанчын» і інш.
Арганізатары мяркуюць, што святочныя мерапрыемствы выклічуць ціка васць не толькі ў аматараў нацыянальнага пісьменства, але і ў тых, хто захапляецца народнымі рамёствамі і промысламі. Будзе працаваць горад майстроў, адбудуцца майстар-класы ўмельцаў з розных мясцін Беларусі, а ў гандлёвых радах можна будзе знайсці прадуцыю на любы густ.
Разнастайныя мерапрыемствы прадугледжаны таксама для прыхільнікаў спорту і здаровага ладу жыцця, розных напрамкаў музыкі (фальклорнай, эстраднай, акадэмічнай), кулінарыі.
Больш падрабязна з праграмай Дня беларускага пісьменства-2025 можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (http://mininform.gov.by).
Падрыхтаваў В. СВЁКЛА, «НЖ».
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |



















