До дня Великой
Победы осталось

Прафесіяналізм, мэтанакіраванасць, адказнасць
13 июля 2025

Прафесіяналізм, мэтанакіраванасць, адказнасць

У другую нядзелю ліпеня мы віншуем работнікаў падатковай службы Беларусі – тых, хто кіруе фінансавымі патокамі краіны і мае непасрэднае дачыненне да яе эканамічнага дабрабыту.

– 35 гадоў гісторыі падатковай службы, якія мы святкуем у гэтыя дні, паказалі: высокі прафесіяналізм работнікаў, глыбокія веды, мэтанакіраванасць і адказныя адносіны да справы дазволілі забяспечыць устойлівае функцыянаванне бюджэтнай сістэмы, умацаваць фінансавую дысцыпліну, павысіць падатковую культуру, – пачынае размову намеснік начальніка інспекцыі – начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне Таццяна Касцюкевіч.

Прадказальнасць і дакладнасць норм заканадаўства, безумоўная эфектыўнасць мер падатковага стымулявання, стварэнне спрыяльных умоў для вядзення бізнесу з’яўляюцца ключавымі прынцыпамі ў рабоце сучасных падатковых органаў.

– Крок за крокам падатковая сістэма пераходзіць на электроннае ўзаемадзеянне з плацельшчыкамі, аператыўна прымаюцца меры па карэкціроўцы ў заканадаўчых актах праблемных месцаў і прабелаў, эфектыўным прымяненні льгот, спрашчэнні парадку платы падаткаў. Усё гэта дапамагае ўмацаванню даверлівых і партнёрскіх адносін паміж дзяржавай і бізнесам, – лічыць Таццяна Генадзьеўна і падкрэслівае, што акцэнт у рабоце падатковых органаў робіцца на правядзенне мер прафілактычнага характару, шырокамаштабную і комплексную інфармацыйна- тлумачальную работу па папярэджванні і спыненні правапарушэнняў.

Дзякуючы напружанай і карпатлівай працы, прафесіяналізму, канструктыўным і адказным адносінам да даручанай справы супрацоўнікаў інспекцыі за кошт падатковых паступленняў фарміруецца 90 працэнтаў даходаў бюджэту раёна. На сённяшні дзень на ўліку ў інспекцыі знаходзіцца 31250 фізічных асоб – плацельшчыкаў падаткаў. Аператыўна прымаюцца меры па скарачэнні запазычанасці і своечасоваму напаўненню даходнай часткі бюджэту.

Прыемна адзначыць, што па выніках работы за 2024 год інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне прызнана лепшай у сваёй падгрупе сярод інспекцый вобласці.

– Гісторыя падатковай службы на тэрыторыі Навагрудскага раёна пачынаецца з ліпеня 1990 года, калі былі ўтвораны дзве дзяржаўныя падатковыя інспекцыі – па Навагрудскім раёне з колькасцю
13 работнікаў і па горадзе Навагрудку, дзе працавала 11 чалавек. У 2005 годзе гэтыя інспекцыі былі аб’яднаны ў адну структурную адзінку – інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне, – працягвае Таццяна Касцюкевіч. – З моманту ўтварэння інспекцыі ў калектыве працуюць Ірына Фурса, Іна Харонжая, Дзіна Вінаградава, Марына Гуламава, Святлана Маляўка, Ігар Брычкоўскі.

Асобныя словы ўдзячнасці намеснік начальніка інспекцыі адрасуе ветэранам падатковай службы – Міхаілу Уласевічу, Зоі Каралько, Марыне Лазар, Галіне Савасцюк, Тамары Антропавай, Антаніне Манкевіч, Людміле Недабольскай, Тамары Юшкевіч і іншым былым супрацоўнікам.

У завяршэнне размовы Таццяна Генадзьеўна пажадала ўсім работнікам інспекцыі, ветэранам службы моцнага здароўя, дабрабыту, новых поспехаў і дасягненняў.

«Заплаці падаткі і спі спакойна», – гэтыя словы ўжо даўно сталі крылатымі. Чаму ж так важна плаціць падаткі?

– У кожнага з нас ёсць свае абавязкі перад дзяржавай – як у грамадзян, так і ў арганізацый і прадпрыемстваў, – тлумачыць загадчык сектара падатка абкладання даходаў фізічных асоб Ірына Фурса. – Нашы падаткаплацельшчыкі ведаюць свае правы і абавязкі, выдатна разумеюць усю адказнасць і не парушаюць законы.

Асноўная мэта выплаты падаткаў – гэта фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Сумы падаткаў ідуць на фінансаванне сацыяльнай сферы – будаўніцтва і ўтрыманне школ, бальніц, дарог, а таксама на падтрымку пенсіянераў і малазабяспечаных, выкарыстоўваюцца для фінансавання дзяржаўных праграм, накіраваных на стварэнне працоўных месцаў і падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу, і інш. Усё гэта забяспечвае камфортнае пражыванне грамадзян і павышае якасць жыцця.

– Мы жывём у нашай дзяржаве, павінны падтрымліваць яе і сваёй працай даказваць гэта, – падсумоўвае Ірына Фёдараўна. – Трэба сказаць, што навагрудчане імкнуцца жыць без парушэнняў. І калі з’явілася неабходнасць падаць дэкларацыю, заплаціць падатак – выконваюць.

Пра сваю працу Ірына Фёдараўна можа расказваць шмат. Яна – адзін з найбольш вопытных работнікаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне. Запіс аб прыеме яе на працу ў такую сур’ёзную і важную структуру датаваны 1 красавіка 1992 года. Да гэтага каля года адпрацавала бухгалтарам у адой з гаспадарак Дзятлаўскага раёна.

– Мае бацькі ў 1982 годзе пераехалі з Дзятлаўшчыны ў вёску Ракевічы Навагрудскага раёна і вельмі хацелі, каб мы, іх дзеці, таксама абуладкаваліся на Навагрудчыне. Бацька нават намаляваў карту раёна і сказаў нам з братам: гэта межы для вашага працаўладкавання, – усміхаецца жанчына. – Так я засталася ў Навагрудку, і не шкадую!

Яна з удзячнасцю ўспамінае былога начальніка Навагрудскай падатковай інспекцыі Міхаіла Уласевіча, які сустрэў маладога работніка прыязна і дабразычліва, накіраваў у аддзел падаткаабкладання арганізацый.

– У гэтым аддзеле я адпрацавала больш за 23 гады, большую частку з якіх пад кіраўніцтвам Галіны Савасцюк. А ў верасні 2015 года прыняла прапанову змяніць вектар дзейнасці і перайшла ў сектар падаткаабкладання даходаў фізічных асоб, – працягвае Ірына Фурса.

– Работа падабаецца, надае сілы і натхненне, – гаворыць яна і адзначае, што заўсёды выхоўвала сваіх дзяцей у павазе і любові да роднай Беларусі.

– Мы любім сваю Радзіму і ганарымся сваім працавітым і шчырым народам, – падкрэслівае Ірына Фёдараўна.

Існуе меркаванне, што прафесія бухгалтара сумная, аднастайная і нецікавая. Мноства лічбаў, справаздач, разлікаў – і так кожны дзень. Галоўны бухгалтар інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Навагрудскім раёне Іна Шайпак з гэтым катэгарычна не згодная.

– На нашай рабоце не засумуеш, – усміхаецца яна. – Сфера фінансаў вельмі дынамічная і пастаянна абнаўляецца, таму бухгалтару, каб паспяхова спраўляцца са сваімі задачамі, неабходна актыўна развівацца і павышаць кваліфікацыю. Увогуле, бухгалтэрыя патрабуе ўважлівасці, акуратнасці, дысцыплінаванасці, умення аналізаваць, а мне гэта цікава.

У інспекцыю Іна Уладзіміраўна прыйшла ў 2015 годзе на пасаду галоўнага дзяржаўнага інспектара. Да гэтага часу працавала галоўным бухгалтарам у адной са спартыўных школ.

– Захацелася паспрабаваць штосьці новае, – тлумачыць яна прычыну пераходу. – Але не атрымалася: амаль адразу ж мне прапанавалі пасаду галоўнага бухгалтара.

Пасада галоўнага бухгалтара ў любой установе ці арганізацыі – гэта ў першую чаргу вялікая адказнасць. Забеспячэнне заканадаўства ў сферы фінансаў, удзел у бюджэтным працэсе і фінансавым
планаванні, складанне і своечасовае прадастаўленне справаздачнасці – з гэтымі і іншымі сур’ёзнымі задачамі Іна Шайпак спраўляецца ў поўнай меры.

– Прафесія бухгалтара – мая прафесія, – прызнаецца яна. – Пасля школы закончыла Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, затым Мінскі інстытут кіравання. Мне падабаецца мая работа, падабаец-
ца працаваць у рэжыме шматзадачнасці. Хаця, калі шчыра, паступаючы ў гандлёва-эканамічны каледж, я выбірала не столькі будучую прафесію, колькі месца пражывання. Я вельмі люблю Навагрудак, і мне хацелася атрымліваць адукацыю ў навучальнай установе ў сваім горадзе. Аб прафесіі бухгалтара тады мала што ведала, але яшчэ падчас вучобы зразумела: гэта – маё!

Іна Уладзіміраўна з удзячнасцю ўспамінае ўсіх выкладчыкаў каледжа, асабліва Ганну Уладзіміраўну Белаус і Ганну Канстанцінаўну Лебедзь, якія не толькі далі моцныя веды, але і прывілі любоў да бухгалтарскай справы.

Важным складнікам паспяховай працы Іна Шайпак лічыць і ўзаема адносіны ў калектыве.

– Адметнасць нашага калектыву – стабільнасць, – гаворыць яна. – Усе супрацоўнікі вопытныя, большасць – з вялікім стажам работы. Таму нам усім разам працаваць камфортна і лёгка.

Граматны і кваліфікаваны спецыяліст, які бездакорна выконвае свае службовыя абавязкі, ветлівая і тактоўная, сур’ёзная і мэтанакіраваная – намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела ўліку арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў Святлана Цвірко па праву карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калектыве.

Стаж яе работы ў падатковай сферы – 22 гады.

– Пачынала ў аддзеле па кантролі за юрыдычнымі асобамі, а праз некаторы час была пераведзена ў аддзел уліку, – расказвае Святлана Тадэвушаўна. – Мы кантралюем падачу падатковых дэкларацый ад юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў і плату падаткаў, у тым ліку прымусовае спагнанне падаткаў.

Аб выніках работы аддзела лепш за ўсё скажуць лічбы: за 2024 год план даходнай часткі кансалідаванага бюджэту выкананы на 101, 49%, у тым ліку мясцовага – 100, 52%; за першы квартал бягучага года – адпаведна на 115,3% і 111,7%.

– Сістэма падаткаабкладання пастаянна мяняецца, удасканальваецца заканадаўчая база, – гаворыць Святлана Цвірко. – Таму нам патрэбна заўсёды быць у курсе ўсіх навацый, развівацца ў прафесіі.

Аб тым, што ў свой час прыйшла працаваць у такую складаную, але вельмі важную падатковую сферу, не шкадуе. Цікавая праца, стабільны калектыў – усё гэта падабаецца.

У аддзеле, які яна ўзначальвае, пяць чалавек. Пра кожнага з іх Святлана Тадэвушаўна расказвае з асаблівай павагай і падкрэслівае, што адметнасцю іх невялікага калектыву з’яўляецца
ўзаемападтрымка, узаемазамяняльнасць і цёплая сяброўская атмасфера.

Працоўныя заслугі Святланы Цвірко адзначаны граматамі і падзякамі рознага ўзроўню, а яе імя было занесена на Дошку гонару інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |   

Автор: Ольга Новогран, «НЖ»