Праект «Бацькаўшчына». Уклад жыцця і насельніцтва горада

Праект «Бацькаўшчына». Уклад жыцця і насельніцтва горада

02 июня 2022 422

Адсутнасць чыгуначнага транспарту праз Навагрудак не спрыяла актыўнаму далучэнню горада да дасягненняў цывілізацыі. Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, горад рос літаральна з году ў год.

На пачатку ХХ ст. у Навагрудку было зафіксавана 956 жылых будынкаў, з якіх толькі 70 былі мураванымі, 41 – крытых жалезнымі дахамі. Заселеная тэрыторыя горада складала 2,3 кв. вярсты, працягласць 13 вуліц – 19 вёрст, з іх брукаваных – 3,5. Дашчатыя тратуары складалі 6 вёрстаў. У 1907 г. у горадзе з’явіўся першы газавы ліхтар.

Жыхары навакольных вёсак не вельмі прыязна ставіліся да гарадскіх новаўвядзенняў, бо яны яшчэ больш аддалялі горад, робячы яго зусім непадобным да прывычнай ім вёскі.

У 1897 г. адбыўся першы ўсеагульны перапіс насельніцтва Расійскай імперыі. Пры ўсіх заўвагах, што рабіліся ў яго адрас, гэта вельмі каштоўныя матэрыялы, якія даюць найбольш дакладныя і падрабязныя звесткі пра насельніцтва населеных пунктаў. Так, у дачыненні да Навагрудка адназначна пры падліках насельніцтва горада, якое складала 7,9 тыс. чалавек, было ўлічана і насельніцтва некаторых найбольш блізкіх прыгарадаў: Кладкі (68 чал.), Пярэсека (148), Антовіль (27), Фартунка (6), Скрыдлава (50) і вёсак: Скрыдлава (15), Эканомія (65), Мітраполле (117), Пярэсека (66).

Згодна з перапісам у горадзе пражывала 5015 яўрэяў, што складала больш як 63 % ад усяго насельніцтва, хрысціяне ўсіх веравызнанняў складалі каля 30 % гараджан, мусульмане – 6,3 %.

Прамысловае аблічча горада фарміравалі перыядычна дзеючыя невялікія заводы і фабрыкі (піваварні, медаварні, цагельныя, кафельныя). Іх прадукцыя не ўступала па якасці многім імперскім брэндам. Так, навагрудскі завод па вытворчасці кафлі грамадзяніна Швейцарыі Лейтнекера атрымаў у 1882 г. на Усерасійскай выстаўцы прамысловых тавараў бронзавы медаль. Выключную ролю ў эканамічным жыцці горада адыгрываў гандаль: навагрудскія «кантракты», зацверджаныя ў 1799 г., былі вядомы далёка за межамі беларуска-літоўскіх губерняў.

Грамадска-палітычнае жыццё Навагрудка ў ХІХ ст. было насычана знакавымі падзеямі, што адбываліся ў той час на беларускай зямлі. Хоць горад і не стаў арэнай ваенных дзеянняў у час вайны 1812 г., тым не менш яго жыхары адчулі на сабе перыядычную прысутнасць то французскіх войскаў пад камандаваннем Жэрома Банапарта, то царскіх. Прынялі жыхары горада непасрэдны ўдзел і ў паўстанні 1830-1831 гг. Галоўнымі арганізатарамі паўстанскіх выступленняў тут былі маршалак Юзэф Кашыц і капітан Мікалай Межаеўскі. У час паўстання на Навагрудчыне нават склалася тайная арганізацыя. Яе камітэт узначальвалі ўрачы Уладзіслаў Барзабагаты і Зянон Навадворскі.

Навагрудак і прылеглыя да яго тэрыторыі з’яўляліся рэгіёнам, які быў арэнай рэвалюцыйных падзей 1905- 1907 гг. Менавіта ў Навагрудскім павеце ўзнікла ідэя стварэння асобнага «часовага ўрада» для кіравання рэгіёнам пасля падзення расійскай улады.

Разам з тым сацыяльныя катаклізмы пачатку ХХ ст. прадэманстравалі высокую адказнасць навагрудчан за сваю будучыню: яны змагаліся за свае правы, выступалі ў акцыях салідарнасці, захоўваючы пры гэтым эканамічны і культурны патэнцыял свайго горада і яго наваколля.



Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!