Повязь часоў: ад старажытных летапісаў Лаўрышаўскага манастыра да святочных Касцюковічаў-2026
06 сентября 2026

Повязь часоў: ад старажытных летапісаў Лаўрышаўскага манастыра да святочных Касцюковічаў-2026

Беларускае друкаванае слова – гэта моцная нітка, якая праз стагоддзі звязвае наша мінулае, сучаснасць і будучыню. Традыцыйна ў першую нядзелю верасня краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. 5 – 6 верасня 2026 года гэтае свята прымае гасцінны горад Касцюковічы на Магілёўшчыне. Горад ператварыўся ў сапраўдную культурную сталіцу, дзе галоўнай задачай мерапрыемстваў стала дэманстрацыя непарыўнага адзінства роднага слова з гісторыяй, культурай і глыбокімі нацыянальнымі традыцыямі нашага народа.

изображение_2026-09-05_234009010.png

Сёлетняя канцэпцыя мерапрыемстваў адметная сваёй шматграннасцю. Яна гарманічна аб’ядноўвае адразу некалькі важных для краіны тэм: Год беларускай жанчыны, пяцігодку якасці, 85-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама юбілеі славутых класікаў айчыннай літаратуры – Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Васіля Хомчанкі, Аляксея Русецкага і Алеся Пісьмянкова, чые лёсы непарыўна звязаны з калыскай касцюковіцкага краю.

Наведвальнікі і госці фэсту ў Касцюковічах маюць магчымасць дакрануцца да сапраўдных скарбаў асветніцтва. Упрыгожваннем свята стане ўнікальны музей рэдкай кнігі плошчай больш за 300 квадратных метраў. Пад яго скляпеннямі сабраны каштоўныя старадрукі, факсіміле і мініяцюрныя выданні, якія адлюстроўваюць шлях станаўлення беларускага кнігавыдання. Ключавой і самай чаканай падзеяй праграмы традыцыйна застаецца ўрачыстае ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі лепшым сучасным майстрам слова.

Гісторыя гэтага велічнага свята бярэ свой адлік з 1994 года. Тады першай сталіцай фэсту стаў старажытны Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці і радзіма нашага славутага першадрукара Францыска Скарыны. З таго часу мегапраекты і ўрачыстасці штогод вандруюць па найважнейшых гістарычных цэнтрах асветы краіны, кожны раз адкрываючы новыя старонкі рэгіянальнай спадчыны.

Хоць Навагрудчына сёлета не ўдзельнічае ў афіцыйных рэспубліканскіх пляцоўках (нагадаем: летась на фэсце ў Лідзе наш край годна прадставілі ваенна-гістарычны музей Шчорсаўскай сярэдняй школы і Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «ДАР»), нашым жыхарам ёсць чым ганарыцца, ёсць што і сёння ўзгадаць.

Навагрудчына: векавечныя традыцыі і вытокі летапісання

Навагрудскі край мае асаблівае, вельмі цёплае стаўленне да гэтага ўрачыстага дня. Наш старажытны горад ужо прымаў эстафету Дня беларускага пісьменства ў далёкім 1996 годзе. Знакавай вехай і сапраўдным друкаваным помнікам нашаму краю тады стаў выхад у свет фундаментальнай гісторыка-дакументальнай кнігі «Памяць. Навагрудскі раён». Гэтае выданне і сёння застаецца ўзорам беражлівага захавання гістарычнай праўды пра нашу Радзіму.

Яшчэ адным велічным знакам ушанавання векавечнага асветніцтва на нашай зямлі стала адкрыццё каля Свята-Успенскай царквы ў Лаўрышаве помніка прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму. Менавіта ён лічыцца заснавальнікам славутага манастыра, які на працягу стагоддзяў быў адным з найбуйнейшых і найважнейшых асяродкаў пісьменства, летапісання і кнігавыдання на беларускіх землях.

Па меркаванні гісторыкаў, Лаўрышаўскі манастыр быў цэнтрам пачатковага беларускага летапісання. Тут у ХІІІ стагоддзі быў створаны Навагрудскі летапіс, які, на жаль, да нашага часу не захаваўся, але адклаўся ў складзе Галіцка-Валынскага летапісу. Ёсць меркаванне, што і знакаміты Іпацьеўскі летапіс (калі не цалкам, то значная частка яго) напісаны лаўрышаўскімі летапісцамі.

У першай палове XIV стагоддзя манастыр з’яўляецца калыскай рукапіснай кнігавытворчасці Беларусі. Тут працаваў скрыпторый (майстэрня па перапісцы кніг), з якога каля 1329 года выйшаў выдатны твор пісьмовай культуры і жывапіснага мастацтва – Лаўрышаўскае Евангелле.

изображение_2026-09-05_234547649.png

Евангелле напісана на пергаменце царкоўнаславянскай мовай і змяшчае кананічны тэкст чатырох евангельскіх кніг Новага Запавету. Тэкст выкананы ўставам – адмысловым пісьмом з прамымі вялікімі літарамі выразнай, амаль геаметрычнай формы. У тыя часы ён не дзяліўся на сказы, не было нават інтэрвалаў паміж словамі. Першая ж літара – ініцыял – традыцыйна адлюстроўвалася яркай чырвонай фарбай і па-мастацку ўпрыгожвалася выявамі раслін і жывёл. Ёсць таксама 14 укладных запісаў, якія не маюць адносін да царкоўнага тэксту (напісаны на старабеларускай мове і паведамляюць аб асобах, якія дарылі манастыру землі, дваровых людзей, грошы).

На першым аркушы гэтай цудоўна ілюмінаванай пергаментнай кнігі намаляваны арханёл Міхаіл – апякун княскай улады. Кніга аздоблена вялікай колькасцю па-мастацку выкананых ініцыялаў і 19-цю мініяцюрамі на рэлігійныя тэмы.

Мініяцюры не заўсёды займаюць асоб ны аркуш, а размяшчаюцца ў канцы раздзела, на палях, збоку. Мы ўпершыню сустракаемся не толькі з ілюмінацыяй кнігі (г.зн. упрыгожваннем яе мініяцюрамі, якія прыраўноўваюцца да абразоў), але і з ілюстрацыяй тэксту (змяшчэннем малюнкаў, якія раскрываюць змест напісанага). Усе выявы напісаны почыркам, блізкім да беларускага скорапісу XV – пачатку XVI стагоддзяў.

На пераплёце Лаўрышаўскага Евангелля замацаваны адзін з самых старажытных беларускіх абкладаў (XVI ст.). Аснова яго зроблена з дошак, абцягнутых малінавым аксамітам. На верхняй дошцы, у цэнтры – вялікая пяцікантовая пласціна ў выглядзе каплічкі з востраканцовым дахам, з выразаным усярэдзіне абразом святога ў плашчы, які трымае шчыт і дзіду. Верагодна, што гэта св. Дзімітрый Салунскі – патрон Вялікага князя і Навагрудскай зямлі.

Кніга рэстаўрыравана ў 1887 годзе і па сённяшні дзень зберагаецца ў бібліятэцы імя князёў Чартарыйскіх у Кракаве (Польшча). Факсімільныя выданні (беларускае і ўкраінскае) захоўваюцца ў бібліятэцы Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра.

Ад Любчанскай друкарні да сусветнай класікі

Гаворачы пра друкаванае слова Навагрудчыны, нельга не згадаць і друкарню ў Любчы, дзе былі выдадзены дзясяткі кніг. Любчанская друкарня працавала на працягу ўсяго XVII стагоддзя. Яна была заснававана ў 1612 годзе выдаўцом і друкаром Пятром Бластусам Кмітам, які перавёз сваю майстэрню з Вільні ў Люб чу. Сярод яе славутых выданняў вылучаюцца «Эпітоме» Саламона Рысінскага (1614), «Апафеграмы» Сымона Буднага (1614), «Навагрудскі дыспут» Яна Зыгроўскага (1616), «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх» Мацея Стрыйкоўскага (1626), «Статут Слуцкай школы» (1628) і іншыя.

Наш край вызначаўся высокай агульнай кніжнай культурай: далёка за межамі Навагрудчыны былі вядомыя кніжная прадукцыя названай ужо Любчанскай друкарні і славутая бібліятэка шляхетнага роду Храптовічаў у Шчорсах. На канец XVIII – пачатак XX стагоддзя яна з’яўлялася адным з найбагацейшых і найважнейшых кнігасховішчаў Усходняй Еўропы, дзе налічвалася каля 20 000 тамоў рэдкіх кніг, каштоўных рукапісаў і гістарычных дакументаў. Даследчыкі творчасці Адама Міцкевіча сцвярджаюць, што ў згаданай бібліятэцы вялікі паэт збіраў матэрыял да сваёй паэмы «Конрад Валенрод». Менавіта тут, у Шчорсах, пісалася і яго знакамітая паэма «Гражына».

изображение_2026-09-05_234817809.png

Дарэчы, Адам Міцкевіч таксама наш зямляк – ён нарадзіўся на хутары Завоссе на Навагрудчыне, а вёску Літоўка навечна ўславіў у «Гражыне». Ды і знакамітае чароўнае возера Свіцязь трапіла на старонкі сусветна вядомых кніг дзякуючы баладам і вершам Адама Міцкевіча і Яна Чачота – ягонага сябра і аднакласніка, які пэўны час працаваў бібліятэкарам у Храптовіча. З Навагрудчынай непарыўна звязаны імёны і іншых выбітных дзеячаў беларускай культуры: Вінцэнта Каратынскага, першага беларускага мемуарыста Фёдара Еўлашоўскага, першага беларускага фалькларыста Саламона Рысінскага.

Пераемнасць пакаленняў і нязломнасць духу

Асаблівай старонкай у летапісе нашай літаратурнай славы з’яўляецца творчасць Гаўрыіла Шутэнкі. Ураджэнец далёкага Стаўрапольскага краю, адважны паэт-франтавік прыехаў у 1946 годзе пагасцяваць да свайго брата ў Навагрудак. Беларускі край вельмі спадабаўся паэту, і ён застаўся тут назаўсёды. Страціўшы на фронце зрок, ён не страціў мужнасці. Менавіта на нашай зямлі раскрыўся яго паэтычны талент: шчырыя зборнікі вершаў «Мои глаза», «Память», «Солнце на ресницах», напоўненыя любоўю да жыцця і мірнага неба, сталі сапраўдным узорам нязломнасці чалавечага духу.

Багатыя літаратурныя традыцыі годна працягваюць нашы сучаснікі. Нельга не згадаць самабытнае слова паэтэсы і краязнаўцы Святланы Кошур (ураджэнкі вёскі Валеўка), чыя творчасць прасякнута шчырай любоўю да роднага краю.

Навагрудчына заўсёды валодала дзіўнай сілай прыцягнення, стаўшы творчай радзімай для многіх талентаў, якія нарадзіліся ў іншых кутках, але звязалі свой лёс з нашым краем. Яркай зоркай на літаратурным небасхіле ззяе творчасць Святланы Абдулаевай, якая жыве тут і нястомна праслаўляе прыгажосць Навагрудскай зямлі і яе людзей у сваіх пранікнёных вершах. Назаўжды ўпісана ў гісторыю рэгіёна імя Янкі Паддубіцкага. Яго, на жаль, ужо няма з намі, але засталася жывая, глыбокая і вельмі шчырая паэзія, напоўненая любоўю да краю, які стаў для яго родным.

І няхай сёлета ХХХІІІ Дзень беларускага пісьменства прымаюць далёкія ад нас Касцюковічы, творчы і духоўны патэнцыял Навагрудчыны выразна адчуваецца ў агульнай атмасферы свята. Набытак нашых сучаснікаў – гэта важкая частка таго трывалага падмурка, на якім грунтуецца ўся нацыянальная культура.

Таму Дзень пісьменства – свята кожнага, хто шануе роднае слова. І Навагрудчына заўсёды застаецца яго нязгаснай, велічнай і неад’емнай часткай.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 

Аўтар: Мікалай Антончык, «НЖ»