Няма часу расслабляцца: каронавірусная інфекцыя не дрэмле

Няма часу расслабляцца: каронавірусная інфекцыя не дрэмле
10 июля 2021
У Навагрудскім раёне апошні час рэгістравалася ўстойлівае зніжэнне захворвання на кавід. Але ці варта расслабляцца, асабліва цяпер, калі на гарызонце з’явіўся яшчэ адзін нечаканы госць – індыйскі штам. Калі судзіць па сітуацыі ў суседняй Расіі, то новы вірус не шкадуе ні старых, ні маладых. Больш за тое, для маладых людзей ён нават больш небяспечны.

Тэму распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі, прафілактычных мерапрыемстваў і вакцынацыі мы неаднаразова паднімалі на старонках газеты. Але паўстаюць новыя пытанні, напрыклад, ці варта чакаць прыходу новага штама ў Беларусь, наколькі эфектыўны вакцынацыя на гэтым фоне і сродкі індывідуальнай абароны. За каментарыямі мы звярнуліся да спецыялістаў.

– У нашым раёне, нягледзячы на тэндэнцыю зніжэння захворвання, назіраецца нестабільная эпідэміялагічная абстаноўка па захворванні на каронавірусную інфекцыю, – адзначыла ўрач-гігіеніст, загадчык аддзела гігіены Навагрудскага занальнага ЦГЭ Вольга Кропікава.

– Таму ў чарговы раз хачу нагадаць жыхарам нашага рэгіёну пра неабходнасць захавання ўсіх мер прафілактыкі вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку і COVID-19: звесці да мінімуму неабавязковыя наведванні месцаў з вялікай колькасцю людзей, абавязкова выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны (маскі) у грамадскіх месцах, транспарце, выконваць сацыяльнае дыстанцыяванне, гігіену рук і рэспіраторны этыкет, падтрымліваць у чысціні жылыя і працоўныя памяшканні, рэгулярна праветрываць іх і праводзіць вільготную ўборку. Толькі пры выкананні прапанаваных мер прафілактыкі можам абараніць сябе і навакольных ад інфекцыйных захворванняў і магчымых ускладненняў. Хачу таксама звярнуць увагу адміністрацыі грамадскіх аб’ектаў на своечасовае запаўненне дазатараў антысептычным сродкам для рук, а гандлёвых аб’ектаў на забеспячэнне наяўнасці аднаразовых пальчатак для наведвальнікаў і рэалізацыю вагавай прадукцыі ў індывідуальнай упакоўцы.

– На каронавірус я не хварэў, але маю шэраг хранічных захворванняў ды і ўзрост даволі сталы: мне ўжо 67 гадоў, – прызнаўся Барыс Міхайлавіч. – Вось і вырашыў зрабіць прышчэпку ад каронавіруса. Тым больш што і па тэлебачанні, і ў газетах пра неабходнасць вакцынацыі сёння шмат інфармацыі. На мой погляд, кожны чалавек павінен уважліва адносіцца да свайго здароўя і да здароўя блізкіх людзей.

Сёння ў розных СМІ шмат паведамленняў пра новы індыйскі штам і зразумела, што не час расслабляцца. Мы таксама павінны быць гатовымі да прыходу індыйскіх штамаў «Дэльта» і «Дэльта плюс», бо яны могуць быць смяротна небяспечныя для чалавека. Пагэтаму так актуальна для кожнага чалавека, які хоча абараніць сябе і сваіх блізкіх, прайсці вакцынацыю, – падкрэсліла Вольга Сяргееўна. – Хачу звярнуць увагу, што летні перыяд – гэта найбольш аптымальны час для правядзення вакцынацыі, так як імунная сістэма на дадзены момант у большасці людзей менш аслаблена і ёсць час для фарміравання імуннага адказу да пачатку ўздыму захворвання сезоннымі вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Большасць экспертаў-вірусолагаў лічаць, што вакцынацыя абароніць ад мутацыі віруса – імунная сістэма, навучыўшыся з дапамогай вакцыны распазнаваць каронавірус, будзе рэагаваць і на яго разнавіднасці, – падвяла вынік урач-гігіеніст.

Калі расслабіліся многія, то гэтага нельга сказаць пра медыкаў.

– Вакцынацыя ў нашым раёне не такая маштабная, як хацелася б, але рухаецца, – канстатуе галоўны ўрач Навагрудскай ЦРБ Аляксандр Сіліч. – Па даных на 7 ліпеня першым кампанентам прывіліся 4321 чал. (10,36 %), з іх два кампаненты атрымалі 2848 (6,83 %) жыхароў раёна. Зараз у наяўнасці маецца вакцына «Спутнік V».

Па словах Аляксандра Іванавіча, з мая назіралася зніжэнне колькасці пацыентаў з пнеўманіямі, выкліканымі каронавіруснай інфекцыяй, пагэтаму было прынята рашэнне аб зваротным перапрафіляванні кавідных ложкаў. Усе пацыенты, у якіх выяўляецца каронавірусная інфекцыя і якія патрабуюць стацыянарнага лячэння, накіроўваюцца ў Лідскую ЦРБ. Мы штотыднёва сочым за сітуацыяй у нашым раёне па ўзроўні захворвання на каронавірус і ўжо адчуваем, што пачынаецца рост інфіцыраваных. За мінулы тыдзень у Лідскую ЦРБ накіравана ў чатыры разы больш пацыентаў з каронавіруснай пнеўманіяй чым за папярэдні.

Вельмі гарачае надвор’е ў другой дэкадзе чэрвеня, агульная сітуацыя па зніжэнні захворвання на каронавірусную інфекцыю, відавочная стомленасць ад захавання прафілактычных мер прывялі да таго, што людзі сталі ігнараваць маскі.

Гэта пацвярджае і загадчык цэнтральнай раённай аптэкі № 60 Людміла Даўлюд. – Наша аптэчная сетка поўнасцю забяспечана сродкамі індывідуальнай абароны. У дастатковай колькасці ёсць маскі, дэзсродкі, але назіраецца значнае зніжэнне попыту на гэтыя тавары. А што купляюць? Ваду, вітаміны, лекавыя сродкі. Дарэчы, у нашых аптэках маецца поўны асартымент як імпартных, так і айчынных прэпаратаў для аказання жыхарам нашага рэгіёну якаснай медыцынскай дапамогі. Хачу адзначыць, што пры ўваходзе ў аптэку большасць людзей апрацоўваюць рукі дэзсродкам. Што ж датычыцца маскі, то нашым работнікам прыходзіцца ўвесь час нагадваць наведвальнікам аб неабходнасці яе надзяваць пры ўваходзе ў памяшканне. Хтосьці рэагуе і адзявае маску, якая знаходзіцца ў кішэні ці сумцы, а хтосьці проста ігнаруе нашы заўвагі, – заўважыла Людміла Іванаўна.

Сёння адным з правераных метадаў прафілактыкі інфекцыйных захворванняў з’яўляецца вакцынацыя. Вакцынавацца ці не – асабістая справа кожнага. Аднак урачы і навукоўцы ўсяго свету ў гэтым пытанні аднадушныя: альтэрнатыва прышчэпцы пакуль адна і зусім не самая прыемная – перахварэць.

А. Ермакова, «НЖ»