На Навагрудчыне праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы

На Навагрудчыне праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы

На Навагрудчыне праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы

17 февраля 2021 1535

  З 15 па 22 лютага ў Навагрудскім раёне праходзіць тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, што адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага па ініцыятыве ЮНЕСКА.

Як паведаміла дырэктар Навагрудскага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Стасевіч, ва ўстановах адукацыі раёна ў межах тыдня праходзяць самыя разнастайныя мерапрыемствы. Гэта, да прыкладу, інтэрактыў «Смак роднай мовы», буккросінг з беларускай кніжкай  «Дакраніся да роднага слова», квэст-гульня «Збяры Беларусь у сваім сэрцы», паэтычны чэлендж «Мова», турнір «Знаўцы беларускай мовы», інфармацыйныя хвілінкі «Дзень роднай мовы» і іншыя.

Сучаснай пляцоўкай для развіцця таленту дэкламацыі сярод моладзі стане паэтычны чэлендж «Мова», прыняць удзел у якім прапануецца дэпутатам маладзёжнага парламента , актывістам грамадскіх арганізацый і астатнім маладым людзям. Удзельнікам чэленджа неабходна запісать відэадэкламацыю вершаў народных паэтаў Беларусі і перадаць эстафету сябрам. Апублікаваць відэаролік можна ў дадатку TikTok, сацыяльных сетках Аднакласнікі, ВКонтакте і Інстаграм з хэштэгам #Мова краіны маёй#Моладзевы парламент.

Акрамя таго, у раённе праходзіць конкурс буктрэйлераў «Чытаем беларускіх класікаў», прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, Івана Мележа, 125-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы. Таму на гэтым тыдні ва ўсіх установах адукацыі раёна пройдуць конкурсы чытальнікаў твораў названых аўтараў.

Запланаваныя мерапрыемствы накіраваны на папулярызацыю паэтычнай беларускай спадчыны, культуры і гісторыі беларускага народа, стымуляванне праектна-даследчай дзейнасці вучняў. Дзеці і моладзь павінны любіць родную мову, ганарыцца ёю.

Аб самых цікавых мерапрыемствах мы раскажам на нашым сайце. Сачыце за навінамі.

Вучні і настаўнікі сярэдняй школы №3 гучна адзначаюць гэтае свята, не забываюцца пра тое, што наша мова прыгожая, мілагутная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная.

На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашыя продкі. Толькі гэту мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёраў і лясоў. Але зараз беларуская мова забываецца, усё радзей чуем яе на вуліцах.

                                 Кажуць, мова мая аджывае

                                Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

                                Для мяне ж яна вечна жывая,

                                Як раса, як сляза, як зара.


Каб прывіць вучням цікавасць і любоў да роднай мовы, у нашай школе праходзіць тэматычны тыдзень. У гэтым годзе вучні прынялі актыўны ўдзел у акцыі «Рускай мове дай разгрузку, гавары са мной па-беларуску». Моладзь яшчэ раз зразумела, што без мовы не будзе беларускага народа. Хацелася б, каб беларуская мова гучала заўсёды з нашых вуснаў, каб яна заставалася такой мілагучнай, каб яе пачулі нашы нашчадкі.

Пяцікласнікаў зацікавіў турнір «Знаўца беларускай мовы». Былі прапанаваны пытанні на розныя тэмы, звязаныя з вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, этнаграфіі, культуры, навукі і прыроды Беларусі. Для вучняў старэйшых класаў быў арганізаваны паэтычны чэлендж «Мова» з удзелам членаў маладзёжнага парламенту.

У кожнага чалавека родная мова абслугоўвае розныя сферы яго дзейнасці. Якім можа быць слова ў вуснах чалавека, гэта мы высветлілі ў час гульні-віктарыны «Век жыві, мая родная мова». Гульня праводзілася паміж вучнямі 7-8 класаў. Каманды: «Песняры» і , «Васількі»’ спаборнічалі ў конкурсах: «Свет роднага слова», «Ці ведаеш ты?», «Лексічная хвілінка». Асаблівую ўвагу ў ходзе мерапрыемства ўдзялілі абароне праектаў. Госці прыслухоўваліся да нашай пявучай мовы, а мы адчувалі ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму, Бацькаўшчыну.     

Хочацца, каб часцей гучала наша «калі ласка», бо слова роднае, як і думку, нішто не можа стрымаць і абмежаваць. З гэтай мэтай для вучняў старэйшых класаў працаваў адкрыты мікрафон «Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску? », «Як выратаваць родную мову?»

У школьняй бібліятэцы вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў арганізавалі завочнае падарожжа па творчасці пісьменнікаў-юбіляраў (К.Крапівы, І.Шамякіна, І.Мележа). А вось конкурс малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, які падрыхтавалі вучні 6 класаў, здзівіў усіх і выклікаў захапленне. Буслы, бясконцыя палі, блакітнае неба з вясёлкай, магутныя зубры, празрыстыя азёры паўставалі з малюнкаў як жывыя сведкі.

Усе мерапрыемствы, прысвечаны Дню роднай мовы, былі прасякнуты клопатам аб тым, каб выхаваць у вучняў беражлівыя адносіны да мастацкага слова, да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускага народа. Галоўнае, што вучні ўсвядомілі: наша беларуская мова жывая і сапраўдная, і калі будзе жыць мова - будзе жыць Беларусь. І таму кожны, хто тут нарадзіўся і жыве на сваёй маленькай радзіме, павінен не толькі дасканала моваю валодаюць, але і шанаваць яе, і захоўваць сваю мову для нашчадкаў.

Зоя Белуш,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №3 г.Навагрудка


/БУДЕТ ДОПОЛНЕНО/