Кніга едзе да чытача

Кніга едзе да чытача

15 сентября 2024 297

Аматары добрай кнігі ёсць у кожным сельскім населеным пункце. У самыя аддаленыя вёскі, дзе няма бібліятэк, кнігі, часопісы і газеты прывозіць бібліобус. Адзін з яго маршрутаў праходзіць праз вёскі Бенін, Рахавец і Нізаўцы, дзе бібліятэку на колах ужо чакаюць мясцовыя жыхары.


На першым прыпынку ў Беніне да мікрааўтобуса падыходзяць трое жанчын. У кожнай у руках – кнігі.



– Люблю чытаць часопісы «Гаспадарыня», «Сад і агарод», люблю газеты, – пералічвае Тамара Гівойна. Жанчына раней працавала заатэхнікам у мясцовай гаспадарцы, цяпер – сацыяльны работнік. Яе захапленне – рукадзелле. Прыгожа вяжа кручком і спіцамі, вышывае крыжыкам. А новыя ідэі для сваіх работ чэрпае з перыёдыкі.

Шмат гадоў адпрацавала эканамістам у калгасе «Новы шлях» і СВК «Уселюб» Часлава Зуевіч. І на пенсіі жанчына не сумуе. Пасля вясковых клопатаў на агародзе любіць маляваць карціны, глядзець кінафільмы, асвоіла алмазную вышыўку. Асаблівае месца ў яе жыцці зай­мае літаратура.

– Падабаецца чытаць раманы пра пачуцці, лірычныя, – прызнаецца яна. – З аўтараў найбольш падабаецца Ірына Котава. У яе творах ёсць усё, што мне даспадобы – эмоцыі, захапляльны сюжэт, цікавыя героі.

– Любоў да кніг у мяне з маладосці, – уступае ў размову 80-гадовая Алена Галіцкая. Сціпла расказвае пра сябе: у свой час закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, працавала заатэхнікам у калгасе «Свіцязь», а калі выйшла замуж – пераехала ў Бенін, дзе іх сям’я атрымала добраўпарадкаваную кватэру.

– Цяпер у чатырохкватэрным доме я жыву адна, – з сумам гаворыць жанчына. Кнігі для яе – магчымасць адпачыць душой ад штодзённых клопатаў. Аддае перавагу раманам з жыццёвым сюжэтам, у якіх расказваецца пра лёс людзей.

– Алена Канстанцінаўна, для Вас мы прывезлі новыя кнігі – «Асколкі мінулага» Лоры Бекіт, «Даруй…» Галіны Пярун, – прапануе бібліятэкар аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі Іна Шаўчук.

– Цудоўныя жанчыны, сціплыя, таленавітыя, шчырыя, – не ўтойвае павагі да сваіх чытачоў Іна Анатольеўна і шчыра віншуе іх са святам – Днём бібліятэк.

Уладзімір Аблам чакае бібліобус дома. На акуратным, дагледжаным падворку нас сустракае любімец гаспадара – аднавухі кот. Уладзімір Уладзіслававіч – таксама чытач са стажам. Прызнаецца, што любіў кнігі заўсёды, а пасля выхаду на пенсію вольнага часу стала больш. З задавальненнем чытае кнігі на гістарычную тэму, перыядычныя выданні.

– Працаваў ветурачом, заатэхнікам, старшынёй парткама, намеснікам старшыні калгаса, – акрэслівае вехі сваёй працоўнай біяграфіі мужчына і расказвае пра сваіх родных – дзяцей, унукаў, пра сёлетні ўра­джай бульбы і прапануе паспы­таць духмянае малінавае варэнне.

Да фельчара Бенінскага ФАПа Валянціны Чуб і прадаўца магазіна «Родны кут» Аксаны Шэдзь бібліятэкар прывозіць кнігі прама на рабочае месца. «Зручна? А як жа!» – задаволены жанчыны.

– У вёсках жывуць выдатныя людзі: шчырыя, добрыя, адкрытыя, – гаворыць Іна Шаўчук. – З імі прыемна сустракацца, размаўляць, іх хочацца бачыць. Для вяскоўцаў кніга мае асаблівую значнасць, бо ў іх, на жаль, не так многа кантактаў і магчымасцей для зносін. На гэтым маршруце паслугамі бібліобуса карытаюцца 42 чалавекі. Некаторыя бяруць адразу памногу кніг, ёсць тыя, хто дарыць свае кнігі бібліятэцы.

Сацыяльная функцыя бібліобуса не вымяраецца ніякімі паказчыкамі. Але тое, што бібліятэку на колах чакаюць у кожным населеным пункце – бясспрэчна. Трэба было бачыць, як сустракалі людзі гэты мікрааўтобус, як радаваліся новым кнігам і заказвалі, што ім прывезці ў наступны раз. Значыць, ім гэта патрэбна.




«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 

Автор: Ольга Новогран «НЖ»