До дня Великой
Победы осталось

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь - гарант беларускай дзяржаўнасці

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь - гарант беларускай дзяржаўнасці

15 марта 2019

Дзень Канстытуцыі – адно з важнейшых дзяржаўных свят. Менавіта 15 сакавіка ў далёкім ужо 1994 годзе быў прыняты першы Асноўны Закон незалежнай Рэспублікі Беларусь.

З тых часоў беларуская Канстытуцыя некалькі разоў удасканальвалася. Але асновы канстытуцыйнага ладу заставаліся і застаюцца непарушнымі. Як і вышэйшая каштоўнасць Асноўнага Закона – чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі.

Безумоўна, змест Канстытуцыі краіны павінен ведаць кожны яе грамадзянін. Мы ж сёння нагадаем чытачам аб некаторых палажэннях Асноўнага Закона і раскажам цікавыя факты.

Дзеючая Канстытуцыя стала для Беларусі пятай па ліку пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. У савецкі перыяд нашай гісторыі Асноўны Закон прымаўся ў 1919, 1927, 1937 і 1978 гадах. А 15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12-га склікання прыняў Асноўны Закон суверэннай беларускай дзяржавы.

Падмурак Канстытуцыі

Асноўны Закон Беларусі – гэта ўвасабленне пераемнасці і вопыту шматвяковага гістарычнага шляху нашай краіны. Пры яе складанні быў выкарыстаны вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва Аўстрыі, Бельгіі, Даніі, Італіі, ЗША, Францыі, ФРГ, Швецыі і іншых краін. Вядома ж – з улікам асаб­лівасцей развіцця нашага грамадства і яго гістарычных традыцый.

Значэнне і структура Асноўнага Закона

Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Дзеючая Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, асноўнай часткі, заключ­ных і пераходных палажэнняў. Яна падзелена на 146 артыкулаў, згрупаваных у дзевяці раздзелах.

Адметнымі рысамі дзеючай Канстытуцыі з’яўляюцца: замацаванне ў якасці эканамічнай асновы разнастайнасці форм уласнасці; устанаўленне роўнасці дзяржавы і грамадзяніна, наяўнасць у іх узаемных абавязацельстваў; арыентацыя заканадаўства на агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права; па­дзел і ўзаемадзеянне ўлад; прамы характар дзеяння Канстытуцыі. Яна валодае вяршэнствам ў дачыненні да ўсіх іншых прававых актаў, складае ядро прававой сістэмы дзяржавы.

IMG_3178

Канстытуцыя – гэта не толькі правы

Асноўны Закон абвяшчае правы і свабоды чалавека вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Разам з тым Канстытуцыя ўскладае на грамадзян шэраг абавязкаў, неабходных для захавання існуючага канстытуцыйнага ладу, у тым ліку замацаваных правоў і свабод.

Кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны:

– выконваць Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі;

– паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб;

– берагчы гісторычна-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці, забяспечваць ахову прыроднага асяроддзя.

Усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.

Акрамя абавязкаў, у Канстытуцыі агавораны і некаторыя абмежаванні. Так, згодна з артыкулам 36, пры дэклараваным праве кожнага на свабоду аб’яднанняў шэраг катэгорый грамадзян усё ж не можа быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца палітычных мэт. Да такіх адносяцца суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя.

Канстытуцыя нашай краіны аб’яўляе Прэзідэнта галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь.

У артыкуле 84 указана, што Прэзідэнт фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узброеных Сіл, а таксама Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі, узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі.

У выпадку ваеннай пагрозы або нападу Прэзідэнт уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ваеннае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю.

Як змяніць Канстытуцыю

Непахіснасць канстытуцыйнага ладу ўвасоблена ў адмысловым парадку прыняцця, змены або адмены Асноўнага Закона, які замацаваны ў самой Канстытуцыі (Раздзел VIII).

Там, у прыватнасці, пазначана, што пытанне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі разглядаецца палатамі парламента па ініцыятыве Прэзідэнта або не менш як 150 тысяч грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам.

Таксама змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум. Пры гэтым найбольш важныя раздзелы І, ІІ, ІV, VІІ Асноўнага Закона могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь змянялася двойчы – 24 лістапада 1996 года і 17 кастрычніка 2004 года – у выніку рэспубліканскіх рэферэндумаў.

З 2004 года па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза мола­дзі штогод з 10 па 15 сакавіка ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны праходзяць мерапрыемствы Усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!».

image

Падчас акцыі 14-гадовым юнакам і дзяўчатам – лепшым прадстаўнікам адоранай моладзі, выдатнікам вучобы, удзельнікам навукова-практычных канферэнцый, пераможцам і прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд – прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, ганаровыя лю­дзі, ветэраны вайны і працы ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюць пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь.

З гісторыі

Слова «канстытуцыя» паходзіць ад лацінскага constitutio – прылада, усталяванне, складанне. У гісторыі існавала нямала правобразаў сучасных канстытуцый, якія рэгулявалі асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, сістэму дзяржаўных органаў, правы і абавязкі грамадзян. Такія дакументы прымаліся ў Старажытнай Грэцыі і Рыме, у сярэдневяковай Еўропе і ў новы час. Прыкметы асноўнага закона мелі статуты Вялікага Княства Літоўскага, якія рэгулявалі праваадносіны на нашай зямлі ў XVI-XVIII стагоддзях.

Але ўсё ж першай Канстытуцыяй у сучасным разуменні стала Канстытуцыя ЗША, прынятая ў 1787 годзе. У Еўропе першай з’явілася на свет Канстытуцыя Рэчы Паспалітай (3 мая 1791 года), якая дзейнічала непрацяглы час, у тым ліку на частцы тэрыторыі сучаснай Беларусі.

1 студзеня 1919 года быў апублікаваны Маніфест аб стварэнні БССР (ССРБ). 5 лютага 1919 года Прэзідыум ВЦВК прыняў пастанову аб прызнанні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Рэспубліка выдзялялася з саставу РСФСР як самастойная дзяржаўная адзінка і абвяшчалася вольнай і незалежнай, а ўсе працоўныя атрымлівалі роўныя правы.

Першая Канстытуцыя Савецкай Беларусі была прынята I Усебеларускім з’ездам Саветаў 3 лютага 1919 года. Канстытуцыя ССРБ 1919 года заканадаўча замацавала акт дзяржаўна-нацыянальнага самавызначэння Беларусі.

Алена Ермакова, «НЖ»

 Фото носит иллюстративный характер (из интернета)