До дня Великой
Победы осталось

Быць грамадзянінам — значыць ствараць будучыню, памятаючы пра мінулае
01 марта 2026

Быць грамадзянінам — значыць ствараць будучыню, памятаючы пра мінулае

26 лютага ў Шчорсаўскай сярэдняй школе прайшоў насычаны дзень, прысвечаны выхаванню сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Цэнтральнай падзеяй для старшакласнікаў стаў адзіны дзень інфармавання ў рамках праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна» на тэму «Быць годным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – значыць быць часткай беларускага грамадства».
1.jpg
На дыялогавую пляцоўку да вучняў 8 – 11 класаў завіталі ганаровыя госці: дырэктар школы І.М.Палазок і намеснік камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце в/ч 75158 М.М.Цвірко. Разам з экспертамі рабяты разважалі над глыбокімі пытаннямі: што такое грамадзянскасць і дзе заканчваецца простае пражыванне на тэрыторыі і пачынаецца сапраўдны ўдзел у лёсе дзяржавы?
2..jpeg

Афіцэр звярнуў увагу моладзі на глыбінны сэнс паняцця «грамадзянін». Міхаіл Міхайлавіч падкрэсліў, што быць годным грамадзянінам сваёй краіны – гэта не проста мець пашпарт, а быць неад’емнай часткай беларускага грамадства, адчуваць адказнасць за яго будучыню і мірнае неба.

Сустрэча мела і практычны кірунак. Госць правёў з будучымі выпускнікамі прадметную прафарыентацыйную гутарку. Ён падрабязна расказаў пра асаблівасці службы ў сучасных Узброеных Сілах, а таксама даў парады тым, хто марыць звязаць свой лёс з абаронай Айчыны. Хлопцы і дзяўчаты даведаліся пра ўстановы адукацыі, дзе можна атрымаць афіцэрскія пагоны, і пра патрабаванні да кандыдатаў у курсанты.

Удзельнікі прыйшлі да супольнай высновы: быць часткай беларускага грамадства – гэта штодзённая праца і свядомы выбар, заснаваны на любові да Радзімы.

Пакуль старэйшыя вучні абмяркоўвалі дзяржаўныя каштоўнасці, для малодшых школьнікаў гісторыя літаральна ажыла. Настаяцель мясцовага храма святога велікапакутніка Дзімітрыя Салунскага, іерэй Дзмітрый Пачабут, арганізаваў для выхаванцаў 1 – 4 класаў перасоўную выставу прадметаў са свайго міні- музея.

4.JPG

Айцец Дзмітрый, які з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) за лепшую сістэму духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання, чарговы раз паказаў, як важна ведаць свае карані. Экспазіцыя ўразіла дзяцей сваёй разнастайнасцю: ад традыцыйнага адзення нашых продкаў XIX – пачатку XX стагоддзяў да рэдкіх артэфактаў вайсковай гісторыі.

Маленькія наведвальнікі з цікавасцю разглядалі калекцыю манет і гузікаў ХVIII – ХХ стагоддзяў, а асаблівае захапленне выклікалі незвычайныя пярсцёнкі, па-майстэрску вырабленыя з манет. Не пакінулі нікога абыякавымі і сведкі гераічнага мінулага – рэчы часоў Айчыннай вайны 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

3.jpeg

Святар не проста паказаў экспанаты, а даступна і цікава расказаў пра лёс кожнай рэчы, звязваючы падзеі мінуўшчыны з духоўнымі каштоўнасцямі нашага народа. Вучні з захапленнем слухалі апавяданні, задавалі пытанні і з непрыхаванай цікавасцю дакраналіся да сапраўдных рарытэтаў.

Такія сустрэчы дапамагаюць дзецям з маленства адчуць сувязь пакаленняў і выхоўваюць павагу да гісторыі сваёй Радзімы.

М.Антончык, кіраўнік па ваенна- патрыятычным выхаванні Шчорсаўскай сярэдняй школы

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |