15 верасня бібліятэкі Навагрудчыны запрашаюць у госці

15 верасня бібліятэкі Навагрудчыны запрашаюць у госці

15 верасня бібліятэкі Навагрудчыны запрашаюць у госці

14 Сентября 2021 213
У сераду 15 верасня бібліятэкары Беларусі, а з імі і іх чытачы, адзначаць Дзень бібліятэк. Гісторыя свята пачынаецца ў 2001 годзе, яно было ўстаноўлена згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ініцыятарам выступіла Беларуская бібліятэчная асацыяцыя. Дата свята абрана ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, галоўнага кнігасховішча краіны.

Тым часам, гісторыя бібліятэк ў Беларусі пачалася нашмат раней, чым адкрылася Нацыянальная бібліятэка. Першыя зборы кніг на тэрыторыі краіны з'явіліся яшчэ ў ХІ стагоддзі, і першапачаткова яны ствараліся пры цэрквах і манастырах. Самай старажытнай лічыцца бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора, у ХVІІ стагоддзі кнігасховішчы ўжо дзейнічалі ў Мінску, Слуцку, Магілёве. Першая ж публічная бібліятэка на тэрыторыі Беларусі адкрылася ў Гродна, і гэта быў 1830 год, а неўзабавае, дзесьці ў 1860-х гадах ў Навагрудку таксама была адчынена першая грамадская публічная бібліятэка, ініцыятарам яе заснавання выступіў Эдвард Паўловіч (1825-1909), мастак, выкладчык, асветнік, грамадскі дзеяч.

Што тычыцца сённяшніх часоў, то па выніках 2020 года ў краіне налічваецца крыху больш 2,5 тысяч публічных бібліятэк. Да паслуг насельніцтва – больш за 42 мільёны асобнікаў разнастайнай па тэматыцы і жанрах літаратуры, электронныя інфармацыйныя рэсурсы, а таксама вялікае мноства сацыякультурных мерапрыемстваў, гэтым сучасныя публічныя бібліятэкі адрозніваюцца ад сваіх папярэдніц. Сёння бібліятэка – гэта месца, куды можа прыйсці любы ахвочы і «адпачыць душой»: пачытаць кнігу ці сустрэцца з яе аўтарам, пазнаёміцца ​​з выставай, музейнай экспазіцыяй, нават сфатаграфавацца ў незвычайным вобразе, паслухаць песні, паглядзець спектакль ці, нават, проста пагутарыць з бібліятэкарам і іншымі чытачамі. Галоўнае, што гэта запатрабавана. Заўважу: практычна кожны трэці жыхар Беларусі з'яўляецца карыстальнікам якой-небудзь публічнай бібліятэкі.

У апошні час па розных прычынах колькасць бібліятэк паступова скарачаецца, зрэшты, тая ж тэндэнцыя і на Навагрудчыне. На працягу апошніх дзесяці гадоў іх лік у ДУК “Навагрудская раённая бібліятэка” зменшыўся на 12, у выніку на цяперашні час мы маем 17 бібліятэк, 13 з іх сельскія (яны працуюць амаль што ва ўсіх аграгарадках), ёсць бібліятэка ў Любчы і тры ў горадзе, сярод іх і спецыяльная для інвалідаў па зроку. Сукупны фонд бібліятэк установы налічвае каля 290 тысяч экзэмпляраў. Ён прадстаўлены ўсёй палітрай відаў выданняў – кнігі, часопісы, газеты, грампласцінкі, кампакт-дыскі, дыяпазітывы, выяўленчыя і электронныя дакументы. Усё гэта да паслуг чытачоў, яны – самае галоўнае багацце бібліятэк.

Метавіта для іх, нашых любімых чытачоў, з нагоды свята кожная наша бібліятэка падрыхтавала нейкі сюрпрыз, той, на які яна здольная. Хтосьці прапануе тэматычныя кніжныя выстаўкі, нехта будзе ладзіць экскурсіі (накшталт дзён адчыненых дзвярэй), некаторыя бібліятэкі нават правядуць масавыя мерапрыемствы. І ўсе нашы намаганні для таго, каб паказаць бібліятэку ва ўсёй яе красе, каб зрабіць яе неад’емнаай умовай жыцця людзей.

Школьнікаў у гэты дзень мы запрашаем на экскурсіі “Чароўны свет бібліятэк”, напэўна, найбольш цікава гэта будзе першакласнікам, для кагосьці гэта можа быць увогуле “Першае наведванне бібліятэкі”. Ведаю дакладна, што такая вось экскурсія пройдзе ў Ладзеніцкай сельскай бібліятэцы.

У Навагрудскай раённай бібліятэцы свята будзе адзначана больш маштабна, у гэты дзень насычаную і цікавую праграму яна прапануе як дзіцячым, так і дарослым чытачам: з 10.30 да 16.00 тут будзе ладзіцца бібліятэчны круіз “У бібліятэкі свята!”, а з 16.00 жадаючыя запрашаюцца на бібліязмярканне “Вячэрняя кнігаманія”, якое будзе прысвечана “Маленькаму прынцу” Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры.

Удзельнікі бібліязмяркання ў складзе некалькіх каманд наведаюць загадкавыя літаратурныя планеты, дзе іх будуць чакаць займальныя квэставыя заданні ад герояў твора.

Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка 15 верасня правядзе дзень адчыненых дзвярэй “Кожнаму чалавеку шлях адкрыты ў бібліятэку”. Наведвальнікаў чакае цікавая праграма, якую загадзя я агучваць не буду, скажу толькі, што тут будзе арганізаваны куток бібліятэрапіі «Лячэнне чытаннем», так што ў Дзень бібліятэк едзьце ў Любчу, спецыяльна для вас там будзе працаваць так званы бібліядоктар.

Навагрудская бібліятэка сямейнага чытання ў гэты дзень арганізуе святочны марафон “Дзень закаханых… у БІБЛІЯТЭКУ”. Апроч розных віктарын і экскурсій тут вас чакае гульня «Я сёння бібліятэкар», таму, тых, хто хоча трохі папрактыкавацца ў прафесіі бібліятэкара, сардэчна запрашаем!

         Як бачыце, бібліятэкі грунтоўна падрыхтаваліся да свайго свята, з вашага ж боку, паважаныя навагрудчане, просім зацікаўленасці і простага ўдзелу ў святочнай праграме. Не ігнаруйце нашы мерапрыемствы, як вядома, у бібліятэцы заўсёды можна пачарпнуць шмат карыснага для сябе, таму заахвочваю вас наведваць бібліятэкі, ніколі не позна павярнуцца тварам да ведаў, напоўніце сваё жыццё кнігай і чытаннем.

Фаіна Малюжэнец,

метадыст Навагрудскай раённай бібліятэкі