# Ладзенікі: край, які нельга забыць

# Ладзенікі: край, які нельга забыць

# Ладзенікі: край, які нельга забыць

16 Апреля 2021 627
Нам заўсёды здаецца, што аб сваёй малой радзіме мы ведаем усё ці амаль усё. Але каб адчуць багацце фарбаў у палітры нашага мінулага, трэба ўслухацца ў голас гісторыі, убачыць непрыкметную прыгажосць роднага краю, адчуць сябе часткай гэтага дзіўнага свету. Мы запрашаем вас у чарговае падарожжа па роднай зямлі і сёння паспрабуем па-новаму адкрыць для сябе Ладзеніцкі край.

А ці задумваліся вы, колькі цудоўных і малавядомых куточкаў на нашай роднай Навагрудчыне, якая багатая гісторыя ў кожнага населенага пункта? Калі вы жадаеце ўбачыць край, дзе яшчэ ў XІ стагоддзі жылі нашы продкі, а сёння магутныя крылы раскінулі ў неба ветракі, адпраўляйцеся ў вандроўку па ладзеніцкай зямлі. На машыне ці веласіпедзе, а то і пешшу – любы від падарожжа падорыць прыемныя ўражанні і асаблівыя эмоцыі. І ехаць за імі далёка не трэба – аграгарадок Ладзенікі размясціўся ўсяго ў 7 кіламетрах ад Навагрудка.

Ветрапарк

Адправіўшыся ў падарожжа, абавязкова завітайце ў адно з самых вядомых месц Навагрудчыны – ветрапарк. Магутныя 80-метровыя лопасці ветраўстановак, якія можна ўбачыць далёка ад горада, – уражваюць і прыцягваюць сваёй маштабнасцю. А пабываць на незвычайным энергетычным аб’екце і пазнаёміцца з яго дзейнасцю, згадзіцеся, атрымліваецца рэдка. Між тым значны вопыт будаўніцтва і эксплуатацыі ветраэнергетычных установак выклікае цікавасць не толькі спецыялістаў у галіне энергетыкі, але і звычайных людзей.

Грабнікі – гэта другая па вышыні кропка ў Беларусі (320 метраў над узроўнем мора), дзе размясціліся 7 ветраэнергетычных установак агульнай магутнасцю 1,5 МВт і падстанцыя.

Працуюць ветраўстаноўкі пры хуткасці ветру 3 м/с, пры тым што сярэднегадавая хуткасць ветру ў нашым раёне складае 6 м/с. Уся моц і сіла ветра асабліва адчуваецца паблізу магутных гігантаў, якія размясціліся адзін побач з другім – карціна, згадзіцеся, уражвае. Нездарма ветрапарк становіцца месцам для фотасесій і прываблівае турыстаў. Канешне, можна проста палюбавацца незвычайнымі пейзажамі, паслухаць гоман ветракоў і ўразіцца маштабнасцю і вышынёй магутных канструкцый. Але я раю пабываць у ветрапарку, заказаўшы экскурсію.

Вам абавязкова раскажуць, што на ветрагенератах устаноўлены датчыкі напрамку ветру, пры змене якога, лопасці аўтаматычна паварочваюцца, каб злавіць вецер, а пры парывах ветру 25 м/с работа ветракоў аўтамтычна адключаецца. Адметна і тое, што ў год ветрапарк выпрацоўвае каля 22 млн кВт / г электраэнергіі, а гэта каля 25% агульнай колькасці электраэнергіі, неабходнай для жыццядзейнасці горада. Уся інфармацыя аб дзейнасці ветраўстановак паступае на камп’ютар. У рэальным часе адсочваецца скорасць ветру, колькасць выпрацаванай электраэнергіі, праца кожнай ветраўстаноўкі. І яшчэ многае-многае іншае…

Заказаць экскурсію неабходна папярэдне, звярнуўшыся ў адукацыйна-кансультацыйны цэнтр Навагрудкага аграрнага каледжа. Яго супрацоўнікі пазнаёмяць вас з развіццём «зялёных» тэхналогій на Навагрудчыне і арганізуюць групавую экскурсію на ветрапарк.

Жывая гісторыя

Літаральна праз пару кіламетраў ад ветрапарку справа ад дарогі ўбачыце ўказальнік – Ладзенікі. Напэўна, вы неаднойчы праязджалі міма яго па дарозе на Гродна. А вось завітаць у гэтую ўтульную і спакойную вёску наўрад ці атрымалася. Скажаце, што ж тут цікавага – вёска як вёска. Некалькі вуліц, школа, магазін, сельскі дом культуры – на першы погляд, усе звычайна. Але калі вы жадаеце ўбачыць, як ажывае гісторыя, завітайце ў Ладзеніцкі дзіцячы сад- базавую школу.

Ужо шмат гадоў адраджэннем і захаваннем мінулага роднага краю тут займаецца настаўніца гісторыі, былі дырэктар школы Аляксандра Мікалаеўна Варава. Разам са сваімі вучнямі яна праводзіць экскурсіі для школьнікаў і іх бацькоў і заўсёды рада гасцям школьнага музея.

Самабытны, цікавы, па-роднаму ўтульны, музей, сапраўды, з’яўляецца цэнтрам школьнага жыцця, скарбонкай гісторыі ладзеніцкай зямлі. Беражліва сабраная экспазіцыя музея раскажа пра побыт нашых продкаў і станаўленне калгаснага руху, адкрые новыя старонкі цяжкіх ваенных гадоў і ўзгадае гісторыю школы.

Тут вы даведаецеся, што вёска Ладзенікі (сустракаецца Лойдзейнікі або Лодзенікі) ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1575 годзе.

А яшчэ зможаце пагартаць старонкі буквара, 1969 года выдання, убачыць калекцыю жбаноў, якія некалькі выраблялі амаль у кожнай ладзеніцкай хаце, патрымаць старажытны прас ці паспрабаваць папрацаваць на ткацкім станку. Адметнасць музея – усе экспанаты вы зможаце патрымаць у руках і даведацца іх гісторыю.

Музей у Ладзеніках – адзіны ў нашым раёне, дзе сабрана экспазіцыя беларускай хусткі. Вам не толькі раскажуць, колькі відаў хусткі мелі некалі жанчыны, але і навучаць, як завязваць хустку і з якой нагоды насіць. Упэўнена, наведванне музея стане прыемнай і цікавай падзеяй, якая падорыць не толькі шмат новых адкрыццяў, але і самыя добрыя і шчырыя ўражанні.

Лоўчыцы

Вяртаючыся ў горад, абавязкова наведайце вёску Лоўчыцы, што размясцілася ўсяго ў пару кіламетраў ад Навагруда. Думаю, вам цікава будзе ўбачыць старажытную драўляную мячэць – адну з першых на тэрыторыі Еўропы.

Мячэць у Лоўчыцах – адзін з самых старажытных мусульманскіх храмаў, вядомых у Беларусі, адлічвае свой час ад 1420 г.

Гэта месца добра вядомае сярод беларускіх мусульман. Пабудаваная з дрэва, мячэць неаднаразова абнаўлялася. Будынак, які мы тут бачым сёння, быў узведзены ў 1688 годзе і адрэстаўраваны ў 2002 годзе. Адноўлены храм па сваёй архітэктуры цалкам адпавядае арыгінальнай пабудове, прычым у цяперашняй мячэці выкарыстоўваюцца фрагменты старадаўняй канструкцыі.

Размяшчаецца яна на могілках. Мусульманскія могілкі (мізар) у Лоўчыцах таксама адны з самых старых у Беларусі. Гэта месца для мусульман з'яўляецца беларускай Меккай. На могілках пахаваны вядомыя татарскія дзеячы: генералы Юсуф Беляк, Мацвей Туган-Бараноўскі, Аляксандр Палтаржыцкі, шматлікія ўдзельнікі паўстанняў 1794, 1830-1831, 1863 гадоў. На могілках знаходзіцца магіла святога Эўліі Контуся, якому прыпісвалі цудатворную сілу вылячэння хворых і калекаў, – яна абнесена камянямі, утрымоўваецца ў чысціні, дагледжана. Легенда распавядае пра магчымасці Контуся ў адно імгненне пераносіцца з Лоўчыц у Меку. Магіла Контуся з'яўляецца месцам паломніцтва.

Нават калі вашы продкі, як, да слова, і мае, некалі жылі на ладзеніцкай зямлі, абавязкова адпраўляйцеся адкрываць яе невядомыя старонкі. Упэўнена, вандроўка па гэтых мясцінах не толькі будзе прыемнай і пазнавальнай, але і падорыць шмат цікавых сустрэч, дапаможа па-іншаму паглядзець на сябе і сваю малую радзіму. 

Алена Пятрова, «НЖ»