Крытыкаваць — гэта адно, а зрабіць — зусім іншае

Крытыкаваць — гэта адно, а зрабіць — зусім іншае

14 июля 2020 1677
Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве Аляксандр СОНГІН упэўнены: кожны беларус можа адшукаць сваё месца ў жыцці. Было б жаданне, а магчымасці ёсць.


— Гады незалежнасці Беларусі для мяне, па-першае, — час майго станаўлення, прафесійнага росту, набыцця жыццёвага досведу, бо калі наша дзяржава стала незалежнай, мне было 25 гадоў. Ажаніўся, у 1994-м у мяне з’явіўся першы сын.

За час суверэнітэту я здолеў набыць даступнае і камфортнае жыллё. І я лічу: толькі лянівы не змог ці набыць, ці пабудаваць, ці прыватызаваць памяшканне — у краіне для гэтага зроблена ўсё, усе магчымасці былі дадзены.

У пачатку 90-х трэба было думаць, які гасцінец прывезці малому з паездкі, — сёння паглядзіце, якія нашы крамы. Літаральна ёсць усё, каб задаволіць нават загранічныя густы і патрэбнасці.

Гэтаксама і ў сельскагаспадарчым, і ў бытавым, і ў культурным плане. У Віцебску — «Славянскі базар», у Гродне — Фестываль нацыянальных культур... Я бачу, як развіваецца Гродзеншчына (дзе мая выбарчая акруга) з увядзеннем бязвізавага рэжыму. Гэта сур’ёзны, упэўнены крок у будучыню.

Шмат будуецца спартыўных аб’ектаў, яны адкрытыя для людзей. Вельмі радуе, што беларусы імкнуцца да здаровага ладу жыцця: карыстаюцца самакатамі, веласіпедамі, бегаюць, займаюцца скандынаўскай хадой. Для гэтага створана ўся інфраструктура.

Я ганаруся тым, што жыву ў Беларусі. На ліпеньскіх выхадных прывозіў у Мінск свайго 87-гадовага тату, каб паказаць сталіцу, у якой ён не быў каля трыццаці год. Тата адразу спытаў, дзе Нацыянальная бібліятэка. Наведалі плошчу Перамогі, паглядзелі праспекты... Прыгажосць. І гонар за сваю краіну — адназначна.

Шмат зроблена Беларуссю на шляху краіны-міратворцы, у прыватнасці, кіраўніком дзяржавы. А гэта ж напрацоўкі, настойлівая штодзённая праца. Гэта не робіцца імгненна.

Так, можна па-рознаму казаць, што і як трэба рабіць. Але казаць — гэта адно, а рабіць — зусім іншае. Чамусьці калі даходзіць да справы, шмат з тых, хто гаворыць, кудысьці знікаюць. Калі ты, вобразна, з рыдлёўкай, закасаўшы рукавы, нешта робіш, а нехта з боку крытыкуе — яму ж прасцей.

Сёння любы беларус можа сябе рэалізаваць — калі толькі ён гэтага хоча, а не проста крытыкуе (ёсць пэўная катэгорыя, якой што ні рабі, усё дрэнна). Незадаволеныя заўсёды прысутнічалі, а ў нейкі момант гэта крытычнасць абвастрылася.

З задавальненнем пагляджу, дзе і як такія грамадзяне будуць увасабляць у жыццё свае ідэі пасля галоўнай палітычнай падзеі. Калі ласка, у нас у краіне ўсім даецца магчымасць выконваць тую ці іншую задачу — разумную, у рамках заканадаўства.

Так, час няпросты, складаны. Інтэрнет, новыя тэхналогіі і дзесьці ломка меркаванняў... Гэта правільна, нішто не мусіць стаяць на месцы. І вось тое разумнае, разумнае, што дапаможа рухацца наперад, кожны павінны для сябе вызначыць — каб развівалася наша краіна, кожны населены пункт, каб на вуліцах было спакойна. Мне давялося служыць у адной з гарачых кропак былога Савецкага Саюза, і я выразна разумею, што значыць гэты спакой. Мір каштуе дорага.

zviazda.by/be