З дзяцінства чалавек павінен ганарыцца сваёй нацыянальнай прыналежнасцю, любіць сваю Радзіму, ведаць родную мову, цікавіцца культурай, гісторыяй свайго народа. У гэтым упэўнены педагогі ясляў-сада № 6 г. Навагрудка, у якім ужо больш за 6 гадоў паспяхова выхоўваюць дзяцей па ўнікальнай вучэбна-выхаваўчай праграме, галоўны арыенцір якой – выкарыстанне роднай мовы.
Беларускамоўныя групы, якіх на дадзены момант ва ўстанове адукацыі 3, наведваюць каля 60 дзяцей. Увесь працэс навучання і выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак у гэтых групах ажыццяўляецца на роднай мове. Беларускую гутарку можна пачуць не толькі на занятках, але і ў свабодных зносінах паміж педагогамі і выхаванцамі. Выключэнне складаюць заняткі з лагапедам, на якіх дзеці размаўляюць на рускай мове.
Па словах загадчыцы ясляў-сада № 6 Алены Сапегі, вельмі добра, што бацькі і дзеці праяўляюць цікавасць да беларускамоўнага навучання.
– Мова, традыцыі, нацыянальныя каштоўнасці – гэта скарб, якім ганарыцца кожны народ. Вельмі важна, каб дзеці з павагай ставіліся да беларускай мовы, а таксама маглі добра на ёй размаўляць. У нашай установе навучанню дзяцей роднай мове, авалоданню яе багаццем надаецца вялікае значэнне, – дзеліцца Алена Уладзіміраўна. – Кожны дзень нашы выхавальнікі і спецыялісты ажыццяўляюць выхаваўчы працэс на беларускай мове: размаўляюць, чытаюць, гуляюць з выхаванцамі ў розныя беларускія гульні.
Знаёмства з беларускай культурай будуецца на аснове малых фальклорных форм – прымавак і прыказак. З радасцю дзеці апранаюць нацыянальныя касцюмы падчас гульнявых заняткаў, развучваюць песні і вершы. На беларускай мове ў беларускамоўных групах праходзяць усе ранішнікі і мерапрыемствы.
Як адзначае Алена Сапега, на першых этапах, калі дзеці толькі пераступаюць парог установы адукацыі, зразумець беларускую мову ім складана. Задача выхавальнікаў – дапамагчы дзецям адаптавацца. Таму спачатку дапускаецца выкарыстанне рускай мовы, напрыклад, для тлумачэння незразумелых слоў. У далейшым усе зносіны ў групах праходзяць выключна на беларускай мове.
Асваенню хлопчыкамі і дзяўчынкамі роднай мовы спрыяе і асяроддзе, якое створана з улікам беларускага каларыту. У кожнай групе створаны этнаграфічныя куткі, дзе прадстаўлены прадметы народнага мастацтва і побыту: цацкі з дрэва, саломкі, лёну, гліняны і плецены посуд, прадметы вышыўкі, ткацтва і многае іншае.
– Знаёмства з роднай культурай спрыяе выхаванню любві да роднай зямлі, народа, да роднай мовы. Дзеці праяўляюць шчырую цікавасць да прадметаў, прадстаўленых на экспазіцыях у групах. Яны вельмі ўважліва разглядаюць кожны новы прадмет, задаюць пытанні педагогам, – адзначае А. Сапега. – Немалая роля ў далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да роднай культуры адводзіцца спецыялістам дашкольных устаноў – педагогі ясляў-сада з’яўляюцца шчырымі прыхільнікамі адраджэння беларускай культуры.
Гледзячы на гэтых маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак у беларускіх касцюмчыках, складана пераацаніць тую работу, якую кожны дзень вядуць спецыялісты ясляў-сада № 6. Далучаючы дзяцей да роднай мовы, яны не толькі садзейнічаюць яе ўзбагачэнню, але і развіваюць пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці падрастаючага пакалення, пашыраюць іх веды пра беларускую культуру. Бо самае дарагое ў жыцці тое, што з ранніх год закладзена ў сэрца. І менавіта родная мова – сувязное звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, вытокаў народнай мудрасці.
Карына Вальшонак, «НЖ»









