За апошнія гады значна змяніўся наш горад і многія населеныя пункты раёна. У кароткія тэрміны ўводзяцца ў эксплуатацыю шматкватэрныя дамы, мадэрнізуюцца прамысловыя прадпрыемствы, абнаўляюцца ўстановы і аб’екты сацыяльнага прызначэння. А прафесія будаўнікоў па-ранейшаму карыстаецца заслужаным аўтарытэтам, лічыцца самай мірнай і стваральнай.
Напярэдадні прафесійнага свята я завітала на адну з гарадскіх будоўляў, дзе сустрэлася з дырэктарам Навагрудскага будаўніча-мантажнага ўпраўлення Валерыем Сербіным і работнікамі прадпрыемства, і папрасіла расказаць пра тое, што ўжо дасягнута, а што яшчэ ў планах.
– Мы разам робім вялікую справу: будуем наш горад, робім яго ўтульным і камфортным для пражывання. Няма галіны эканомікі, дзе б ні выкарыстоўвалася праца будаўніка, – гаворыць Валерый Сяргеевіч. – У першую чаргу трэба адзначыць, што на прадпрыемстве сітуацыя паступова стабілізуецца, і гэта радуе. У першым паўгоддзі гэтага года калектыў спрацаваў станоўча. Рост аб’ёму падрадных работ, якія выкананы ўласнымі сіламі, складае 116,9 %. Тэмп росту прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі за студзень-чэрвень 2019 года даволі значны – 150 %. Сярэдняя заработная плата складае 703,8 рублёў. Чалавек павінен атрымліваць суразмерную аддачу ад працы, адчуваць клопат з боку кіраўніцтва. Імкнёмся захаваць такое становішча і на перспектыву. У канцы мінулага года ўведзены ў эксплуатацыю новы дзіцячы сад, праведзена рэканструкцыя будынка кандытарскага цэха на хлебазаводзе, завершана будоўля 40-кватэрнага дома, вядуцца работы па пракладцы водаправода ў мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы «Эканомія-1», будуюцца іншыя аб’екты. У планах – прыступіць да будоўлі 20-кватэрнага дома ў Карэлічах і 49-кватэрнага дома ў Навагрудку. Таксама працуем і з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна. Аднак, нягледзячы на станоўчую дынаміку, рашэнне многіх задач яшчэ наперадзе.
Калектыў прадпрыемства зладжаны. Усяго на дадзены момант у нас працуе каля 200 чалавек. Ёсць нямала спецыялістаў, на якіх можна раўняцца. Лепшыя работнікі з нагоды свята будуць узнагароджаны ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі. У ліку іх Юрый Дзядуль, Гелена Бужынская, Уладзімір Арцюх, Алена Балынская, Мікалай Літвінскі, Генадзій Бужынскі, Дзмітрый Гавін, – адзначае Валерый Сяргеевіч. – Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць усім здароўя, працоўных поспехаў і моцнага падмурка заўтрашняга дня.
Зараз будаўнікі задзейнічаны на ўзвядзенні 49-кватэрнага дома па вуліцы Драздовіча. Муляры кладуць цэглу на трэцім паверсе, на ніжніх паверхах ужо пачалася аддзелка, таксама вядуцца работы па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.
Вольга Пісар, "НЖ"