Выхаванка ДЮСШ №2 Паліна Корчык стала ўладальніцай сярэбранага медаля ў кіданні дыска

Выхаванка ДЮСШ №2 Паліна Корчык стала ўладальніцай сярэбранага медаля ў кіданні дыска

14 августа 2023 383
З 4 па 14 жніўня ў Беларусі адбыліся II Гульні краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, у якіх прынялі ўдзел звыш 2,2 тыс. юніёраў і маладых спартсменаў з 22 краін. Упісала сваё імя ў гісторыю Гульняў і наша зямлячка, выхаванка ДЮСШ №2, Паліна Корчык, якая стала ўладальніцай сярэбранага медаля ў кіданні дыска. Пацікавіліся ў юнай атлеткі вытокамі захаплення гэтым відам спорту і ўражаннямі аб самай маштабнай спартыўнай падзеі гэтага лета – II Гульнях краін СНД.

Са шматгранным і займальным светам «каралевы спорту» Паліна пазнаёмілася, калі вучылася ў 4 класе сярэдняй школы № 5 г. Навагрудка. Настаўнік фізкультуры Юрый Савасцюк разгледзеў спартыўны патэнцыял дзяўчынкі і прапанаваў паспрабаваць свае сілы ў лёгкай атлетыцы. Педагог дапамог Паліне, зацікавіў. Асабліва відовішчным дзяўчынцы здавалася выкананне элементаў кідання дыска і штурхання ядра, з'явілася жаданне займацца гэтым прафесійна.

– Калі мне споўнілася 8 гадоў, наша сям’я пераехала з г.п. Любча ў Навагрудак. Мой тата наведваў спартыўную залу і часта браў мяне з сабой. Вядома, я нічога асаблівага там не рабіла, проста выконвала немудрагелістыя практыкаванні, але мне ў зале вельмі падабалася. Не паспявала я выйсці з трэніроўкі, як ужо з нецярпеннем чакала наступнага паходу ў залу, – расказала Паліна. – І вось 1 верасня я пераступіла парог сярэдняй школы № 5. Адпраўляючыся ў новую школу, і ўя віць не магла, што сустрэну тут выдатнага трэнера- выкладчыка Юрыя Іосіфавіча, які заўважыць мае здольнасці і адкрые новыя грані майго спартыўнага таленту.

Юная спартсменка прызнаецца, што вельмі добра памятае той дзень, калі з іншымі дзецьмі прыйшла на першы занятак. Спецыяльных дыскаў для кідання ва ўстанове тады яшчэ не было, таму хлопчыкі і дзяўчынкі трэніраваліся на мячах. Прыкладна праз год ім на змену прыйшлі пакрышкі ад валейбольных і баскетбольных мячоў, а яшчэ праз некалькі месяцаў з'явіліся дыскі – і трэніроўкі выйшлі на новы ўзровень.

Спрабавала сябе Паліна і ў пяцібор'і, але аднойчы пацягнула мышцу ступні і вырашыла спыніцца ўсё ж такі на дыску і ядры. Па словах спартсменкі, як у кіданні дыска, так і ў штурханні ядра важна тэхніка. Толькі на першы погляд здаецца, што гэта лёгка: павярнуўся, штурхнуў, а на самой справе ўсё значна складаней. Лепш першапачаткова выдаткаваць больш сіл і часу на тое, каб асвоіць той ці іншы элемент, чым спачатку засвоіць няправільнае выкананне практыкавання, а затым перавучвацца, выконваючы двайную работу.

Полина Корчик

– Я стараюся надаваць час не толькі трэніроўкам, але і вучобе. Навучальны працэс ніхто не адмяняў, а значыць, расслабляцца асабліва няма калі. З-за спаборніцтваў мне часта даводзіцца прапускаць заняткі, але заўсёды наганяю ўпушчанае. У гэтым мне вельмі дапамагаюць настаўнікі сярэдняй школы № 3, у якой я зараз вучуся, – падзялілася юная атлетка. – Вельмі ўдзячна настаўніку фізкультуры Людміле Бруцкай. Людміла Леанідаўна заўсёды сочыць за маімі дасягненнямі, цікавіцца, як прайшлі спаборніцтвы, і нярэдка дапамагае парадай.

Сёння Паліна працягвае ўзмоцнена працаваць над сабой, дасягае высокіх вынікаў, з'яўляецца пераможцай і прызёрам шматлікіх абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Вельмі ганарыцца дзяўчына і сваім удалым выступленнем на II Гульнях краін СНД, але з лёгкім сумам у голасе дадае, што ад першага месца яе аддзялілі ўсяго два метры.

– II Гульні краін СНД сталі адной з самых яркіх старонак у маёй спартыўнай біяграфіі. Не магу сказаць, што моцна хвалявалася, наадварот, была ўпэўнена, што будзе добры вынік. У цэлым, сваім выступленнем засталася задаволена. Другое месца – добры стымул да новых перамог і больш плённых трэніровак, каб неўзабаве заваяваць ужо залаты медаль на спаборніцтвах падобнага ўзроўню, – падкрэсліла П. Корчык. – Сакрэтаў поспеху ў мяне ніякіх няма. Я проста ўзмоцнена трэніруюся пад кіраўніцтвам самага выдатнага трэнера Юрыя Іосіфавіча і атрымліваю задавальненне ад таго, што раблю. А таксама вельмі важная падтрымка баць коў, якім вельмі ўдзячна.


Фота: БелТА

 «Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |
Автор: Карина Вальшонак, «НЖ»