Адна з галоўных задач Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь – усебаковае, поўнае, аб’ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў у адпаведнасці з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам. Вядома, следства працуе ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі ведамствамі і арганізацыямі, у тым ліку праваахоўнымі органамі. Навагрудскі раённы аддзел Следчага камітэта падвёў вынікі работы за 2020 год. Якім ён стаў для Навагрудчыны, расказаў начальнік райаддзела падпалкоўнік юстыцыі Дзмітрый Фурса.
Крымінальную справу можна параўнаць з клубком нітак, які следчыя павінны разблытаць: не проста вызначыць віноўнікаў здарэння, а ўстанавіць усе абставіны і сапраўдныя матывы злачынцы. За час свайго існавання, а сёлета Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь адзначыць 10-гадовы юбілей, ведамствам выпрацаваны і рэалізуецца шырокі комплекс мер, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці расследавання злачынстваў і ўдасканаленне механізмаў працэсуальнага кантролю.
– Па выніках мінулага года колькасць распачатых нашым аддзелам крымінальных спраў у параўнанні з 2019 годам павялічылася на 26%, – паведаміў Дзмітрый Фурса. – Агульны рост узроўню злачыннасці абумоўлены, у першую чаргу, павелічэннем колькасці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, а таксама павелічэннем колькасці крадзяжоў.
Навагрудскім раённым аддзелам Следчага камітэта ў 2020 г. распачата 380 крымінальных спраў (у 2019 г. – 281). З іх па арт. 212 Крымінальнага кодэкса РБ «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі» – 89 (у 2019 г. – 26), па арт. 205 «Крадзеж» – 126 (у 2019 г. – 102).
– У мінулым годзе скончана вытворчасць па 196 крымінальных справах, – дадае Дзмітрый Віктаравіч. – Расследаванне па 141 справе скончана ў тэрмін да аднаго месяца. Звыш двух месяцаў расследаванне вялося па 7 крымінальных справах.
Крадзяжы лідзіруюць
Па выніках мінулага года ў структуры злачыннасці Навагрудскага раёна крадзяжы па-ранейшаму займаюць лідзіруючую пазіцыю. Як бачна са статыстыкі, з агульнай колькасці ўсіх распачатых крымінальных спраў у 2020 г. на іх долю прыходзіцца 33,2%.
– У сваёй большасці на тэрыторыі раёна ўчыняліся дробныя крадзяжы, але ёсць выпадкі, калі крадзеж, а дакладней серыя такіх злачынстваў, адносяцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў, – расказвае начальнік раённага аддзела СК. – Так, жыхарамі аг.Кашалева і г.Іўе (адзін з іх ужо быў неаднаразова судзімы) на працягу мінулага года на тэрыторыі вобласці ўчынена шэсць крадзяжоў маёмасці, якая належала сельгаспрадпрыемствам. Са сваімі злачыннымі намерамі з красавіка па ліпень мужчыны наведаліся ў Слонімскі, Дзятлаўскі, Ашмянскі і Воранаўскі раёны, два крадзяжы былі ўчынены на тэрыторыі Навагрудскага раёна. Ва ўсіх выпадках мэтай злачынцаў быў інтэгральны блок «Bosch» – даволі дарагая дэталь, якую яны здымалі з трактароў. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі яны нанеслі шкоду на агульную суму больш за 33500 руб. Як вынік – крымінальная справа па ч. 3 арт. 205 КК РБ.
Згодна з ч. 3 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь крадзеж, учынены ў буйным памеры, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў са трафам або без штрафу.

Магчыма, нажыва значна палепшыла фінансавае становішча мужчын. Аднак ці варты грошы некалькіх гадоў жыцця, праведзеных у няволі?.. На погляд большасці людзей, канешне, не. Бо хто ведае, што іх чакае потым. Да таго ж у аднаго з іх ёсць сям’я і маленькае дзіця.
Няма мяжы дасканаласці
Імклівае пашырэнне ў нашай краіне сферы ўкаранення сучасных тэхналогій і павелічэнне колькасці безнаяўных разлікаў спрыяе пастаяннаму росту злачынстваў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі. Гэта праблема застаецца актуальнай і для Навагрудчыны.
– Па выніках мінулага года колькасць злачынстваў, звязаных з інфармацыйнай бяспекай і крадзяжом грошай з банкаўскіх картак, значна ўзрасла, – канстатуе Дзмітрый Фурса. – Інтэрнэт не мае межаў, злачынец можа знаходзіцца за тысячы кіламетраў ад ахвяры і пакінуць яе без адзінага рубля. Электронная пошта, сацыяльныя сеткі, інтэрнэт-банкінг, анлайн-магазіны, аплаты карткамі і іншыя сучасныя дасягненні даюць глебу для махлярства. І як толькі праваахоўнікі раскрываюць адны схемы, злачынцы адразу вынаходзяць новыя.

– Аналіз абставін учынення злачынстваў гэтай катэгорыі паказвае, што ў пераважнай большасці такіх выпадкаў пацярпелыя самі не паклапаціліся аб захаванасці сваіх грашовых сродкаў: самастойна перадавалі інфармацыю аб пін-кодзе ці CVV-кодзе банкаўскай пластыкавай карткі, sms-кодзе і г.д., – працягвае размову падпалкоўнік юстыцыі. – Нягледзячы на шырокую інфармацыйную кампанію і ў сетцы Інтэрнэт, і праз сродкі масавай інфармацыі, грамадзяне, у тым ліку жыхары Навагрудчыны, паслухмяна выконваюць усе просьбы махляроў, нават не ставячы іх словы пад сумненне.
Помніце, супрацоўнік банка ніколі не стане пытацца пра поўныя рэквізіты карты, а пін-код і CVV-код – канфідэнцыяльная інфармацыя, даступная толькі кліенту.
Ні ў якім разе нельга пераводзіць грашовыя сродкі на картку нават вашаму роднаму ці сябру, калі гэта просьба не гучыць ад яго асабіста ці па тэлефоне. Не захоўвайце важную інфармацыю ў сацыяльных сетках, электронных паштовых скрынках і г.д. З асцярожнасцю рабіце пакупкі ў інтэрнэт-магазіне. Для гэтых мэт лепш завесці асобную банкаўскую картку з абмежаванай сумай на рахунку. Калі вы карыстаецеся інтэрнэт-банкінгам, заходзьце ў свой асабісты кабінет толькі з афіцыйнай старонкі банка і ні ў якім разе па спасылцы з іншых сайтаў. Калі вы свядома не ўдзельнічалі ні ў якіх розыгрышах, не давярайце інфармацыі аб тым, што вы пераможца.

– Зламыснікі вынаходзяць і будуць вынаходзіць новыя спосабы падману, – перасцерагае Дзмітрый Віктаравіч. – Але якімі б ні былі гэтыя схемы, усе яны разлічаны на бестурботнасць і недасведчанасць ахвяры. Таму самым эфектыўным спосабам недапушчэння ўчынення такіх злачынстваў з’яўляецца асабістая ўважлівасць, асцярожнасць, разумнасць і абачлівасць кожнага пры карыстанні банкаўскімі карткамі і выкарыстанні сеткі Інтэрнэт.
– Калі грамадзяне не стануць больш пільнымі, то ёсць усе шансы, што па выніках 2021 года колькасць «кіберзлачынстваў» перавысіць колькасць крадзяжоў, – адзначае Дзмітрый Фурса. – Мяркуйце самі, за студзень гэтага года нашым аддзелам узбуджана 8 крымінальных спраў па фактах крадзяжоў і 12 крымінальных спраў па фактах крадзяжоў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі.
Узрос смяротны траўматызм
– Варта канстатаваць яшчэ адну адмоўную тэндэнцыю мінулага года: у Навагрудскім раёне ў 2020 г. у параўнанні з папярэднімі гадамі пагоршылася сітуацыя і з вытворчым траўматызмам, – гаворыць начальнік раённага аддзела СК. – Колькасныя паказчыкі засталіся на ўзроўні 2019 г.: у 2020 і ў 2019 гг. зарэгістравана па 12 такіх фактаў, тады як у 2018 г. – усяго 8. Пры гэтым цяжар наступстваў ад вытворчых траўмаў у 2020 г. непараўнальны з папярэднімі гадамі.
У 2020 г. на тэрыторыі Навагрудскага раёна мелі месца 4 факты гібелі работнікаў на вытворчасці (у 2018 і 2017 гг. было зарэгістравана па адным такім выпадку, а ў 2019 г. іх не было наогул).

– Аналіз фактаў вытворчага траўматызму паказвае, што ў 2020 г. найбольшая іх колькасць звязана з парушэннямі правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі пры правядзенні будаўнічых (рамонтных) работ на вышыні. Гэта 4 факты з 12, пры гэтым 3 з 4 – са смяротным зыходам, – прыводзіць сумную статыстыку Дзмітрый Фурса. – Ва ўсіх трох выпадках смяротнага траўміравання работнікаў мелі месца парушэнні патрабаванняў тэхнікі бяспекі, правіл аховы працы пры вытворчасці будаўнічых работ з боку адказных службовых асоб, у сувязі з чым па дадзеных фактах Навагрудскім раённым аддзелам былі распачаты крымінальныя справы па арт. 303 КК РБ «Парушэнне правіл бяспекі горных або будаўнічых работ». Парушэнні тычыліся агульнапрынятых і зразумелых кожнаму патрабаванняў да бяспекі пры правядзенні работ на вышыні, якія замацаваны мноствам нарматыўна-прававых актаў у гэтай сферы. Самая простая належная страхоўка работніка магла б забяспечыць мінімізацыю шкоды яго здароўю ў выпадку адвольнага падзення па якой-небудзь прычыне. Аднак нават такія мінімальныя меры прыняты не былі.
Асабліва цяжкія
На тэрыторыі Навагрудскага раёна ў 2020 г. мелі месца і асабліва цяжкія злачынствы. Так, раённым аддзелам СК распачаты 4 крымінальныя справы па фактах прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, 3 па фактах забойства, 3 па выпадку пашкоджання маёмасці шляхам падпалу, 2 справы за ўчыненне разбою, 1 за гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару і інш.
– Нярэдкія выпадкі, калі падобныя злачынствы ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. Ужыванне спіртных напіткаў, а тым больш сістэматычнае, спрыяе згасанню тонкіх эмацыянальных перажыванняў, паслабленню або страце самакантролю, праяўленню жорсткасці, грубасці, агрэсіўнасці. Ап’яненне рэзка абвастрае пачуццё помсты, рэўнасці і іншыя адмоўныя якасці характару, – адзначыў Дзмітрый Віктаравіч. – Так, ракавым для двух жыхароў раёна стаў дзень 14 кастрычніка 2020 г. Мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення па месцы жыхарства, у ходзе ўзніклай на глебе рэўнасці сваркі падчас сумеснага ўжывання спіртных напіткаў з жонкай наўмысна нанес ёй не меней за 17 удараў сякерай. Смерць пацярпелай наступіла на месцы здарэння. Такім чынам сваімі дзеяннямі грамадзянін учыніў злачынства, прадугледжанае п. 6 ч. 2 арт. 139 КК РБ – забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю, што караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем. На вялікі жаль, падобныя сітуацыі здараюцца штогод.

Коратка пра ДТЗ
– Крымінальнымі справамі закончыліся восем звычайных паездак на аўтамабілі, бо ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў пацярпелі людзі, а дакладней – атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. Прычым 4 ДТЗ з 8 зарэгістраваных за 2020 год здарыліся толькі ў кастрычніку-лістападзе, – удакладняе Дзмітрый Фурса. – З аднаго боку – доля падобных крымінальных спраў невялікая ў параўнанні з агульнай колькасцю злачынстваў. Аднак, калі размова ідзе пра жыццё і здароўе людзей, то, на мой погляд, дробязяў няма. Таму хачу звярнуцца да вадзіцеляў і пешаходаў – будзьце ўважлівымі і пільнымі на дарозе, аддавайце прыярытэт бяспецы і паважайце адзін аднаго. Бо ўсяго адзін крок, адно неабдуманае дзеянне, няправільна выбраная скорасць руху могуць для вас закончыцца інваліднасцю, смерцю ці пазбаўленнем волі.
Анастасія Пятрова, «НЖ»
Фота з адкрытых крыніц



















