В Беларуси проходит республиканский проект «Кожная пятніца — роднае, сваё», инициированный МАРТ

В Беларуси проходит республиканский проект «Кожная пятніца — роднае, сваё», инициированный МАРТ

05 февраля 2026
У краіне праходзіць рэспубліканскі праект «Кожная пятніца — роднае, сваё», ініцыяваны Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Мэта акцыі — фарміраванне культуры ўсвядомленага спажывання, папулярызацыя айчынных тавараў, беларускай кухні, мовы і традыцый. Новы праект носіць добраахвотны характар і заклікае стварыць пазітыўную атмасферу вакол прадукцыі беларускіх вытворцаў.
4d215d6d25350b8da3375ab3c0577c20.jpg

Смачная ежа і якасныя тавары

Як адзначыў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Алег Дзікун, часта пакупнікі нават не заўважаюць, што выбіраюць тавары айчыннай вытворчасці.


Алег Дзікун.
— Пад эгідай гэтай акцыі мы б хацелі перш за ўсё паказаць, што ў нас сапраўды добрыя, якасныя, смачныя прадукты, — растлумачыў ён.

Хто і як можа ўдзельнічаць? Да праекта запрашаюцца ўсе без выключэння. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць далучыцца, запоўніўшы спецыяльную форму на сайце МАРГ. Удзел праяўляецца праз даданне ў меню аб’ектаў грамадскага харчавання нацыянальных страў, тэматычнае афармленне, правядзенне дэгустацый або ў спецыяльных прапановах на пакупку беларускіх тавараў. Спажыўцам (грамадзянам) прапануецца па пятніцах выбіраць тавары айчынных вытворцаў — ад куплі прадуктаў харчавання і адзення да праслухоўвання беларускай музыкі.

— Кожны з нас можа прыйсці на працу ў вопратцы ці абутку беларускага вытворцы, а ўвечары ў краме купіць айчынныя прадукты і прыгатаваць нейкую нацыянальную страву. Можна ехаць на машыне і слухаць беларускую музыку, — патлумачылі ў МАРГ.

Начальнік аддзела па забеспячэнні дзейнасці кіраўніцтва міністэрства і ідэалагічнай працы Кацярына Ціханчук адзначыла:

— Мы ўсе разумеем, што ў нас смачная ежа і якасныя тавары. Мы з гэтым жывём, аднак важна падкрэсліваць гэта для ўсіх катэгорый нашага насельніцтва — як для моладзі, так і для старэйшага пакалення. Гэта ўсё наша. Таму выбралі пятніцу, каб людзі маглі расслабіцца і акунуцца ў родную беларускую атмасферу.

Кацярына Ціханчук таксама паведаміла, што аб’екты гандлю і грамадскага харчавання ўжо атрымалі рэкамендацыі і прыкладны пералік ідэй, але пры гэтым могуць распрацоўваць свае ўласныя прапановы з улікам спецыфікі працы.

Асаблівая ўвага падчас праекта будзе нада-дзена беларускім стравам.

— У нашай краіне дастаткова ўстаноў, якія спецыялізуюцца на беларускай кухні, — адзначыла Кацярына Ціханчук. — Мы хацелі б, каб яны прапанавалі акцыйныя пазіцыі і цікавыя пятнічныя сэты як для мясцовых жыхароў, так і для замежнікаў, бо многія прыязджаюць да нас пакаштаваць традыцыйныя стравы і дэсерты. Таксама хацелася б звярнуцца да рэгіёнаў: у кожным з іх ёсць унікальныя лакальныя стравы, пра якія не ўсе ведаюць, але іх можна пакаштаваць у мясцовых установах. У пятніцу можна прадумаць цікавую падачу і расказаць пра гісторыю гэтых страў.

Традыцыйныя прысмакі

Да грамадскага праекта далучыліся і кааператары. Мінаблспажыўсаюз на працягу студзеня прапаноўваў па пятніцах у сваіх кафэ і рэстаранах дранікі са смятанай. У лютым аматараў паласавацца беларускімі прысмакамі чакаюць бліны.

Смак традыцыйнай стравы ацанілі жыхары розных гарадоў сталічнага рэгіёна. Да спадобы прыйшліся дранікі ў рэстаране «Нёман» горада Узда, дзе госці без выключэння зрабілі выснову: зусім нядорага — і адзначылі, што дзякучы акцыі змаглі адчуць сапраўдны смак гэтай традыцыйнай стравы. Іх тонкая хрумсткая скарыначка, прыемная тэкстура прапечанага цеста і ідэальна збалансаваны смак сапраўдная гастранамічная класіка. А кошт — усяго 2,99 рубля.

Калі хто хацеў разнастаіць свой абед, можна было заказаць таксама і боршч.

— Суп — проста захапленне! — падзялілася наведвальніца рэстарана ў горадзе Узда Галіна Сілівончык. — Наварысты, з глыбокім смакам і лёгкай кіслінкай, ён склаў выдатную кампанію дранікам. Такі абед — лепшы спосаб адчуць гасціннасць Беларусі, не выязджаючы з горада.

Як паведамілі ў прэс-службе Белкаапсаюза, акцыя прыйшлася да спадобы наведвальнікам рэстаранаў і кафэ Мінаблспажыўсаюза. За студзень кааператары рэалізавалі 5 тысяч порцый папулярнай стравы беларускай кухні.

— Мы самі не чакалі такой колькасці цёплых водгукаў ад наведвальнікаў, — адзначыў начальнік сектара грамадскага харчавання Мінскага аблспажыўсаюза Аляксандр Пішчык. — Калі пачыналі акцыю, проста хацелі, каб больш людзей паспрабавалі сапраўдныя беларускія дранікі. А вынікі пераўзышлі ўсе нашы чаканні!

Дарэчы, гэта толькі пачатак смачнай гісторыі. У лютым, якраз у чаканні Масленіцы, кааператары яшчэ парадуюць зніжкамі падчас акцыі «Кожная пятніца — дзень роднага, свайго», дзе галоўнай стравай стануць беларускія бліны.
7977fe8f5fc3c1cab0cc59cc3e797ca0.jpg
ФАКТ

У студзені за час акцыі «Дранік цэнтральнага рэгіёна» пад эгідай акцыі МАРГ «Кожная пятніца — роднае, сваё» кааператыры Міншчыны прадалі больш за пяць тысяч порцый дранікаў са смятанай.

ВАЖНА

Асаблівасць ініцыятывы — у адсутнасці жорсткіх рамак, абавязацельстваў і забарон. Удзельнікі самастойна вырашаюць, як менавіта падтрымаць ідэю.

НА ЗАМЕТКУ

Для аб’яднання ўдзельнікаў у сацсетках патрэбна выкарыстоўваць хэштэг #ДзеньРоднагаСвайго.

СБ