Радзівілава сэрца, містычны анёл і «паклонныя камяні». Што паглядзець бязвізаваму турысту на Дзятлаўшчыне

Радзівілава сэрца, містычны анёл і «паклонныя камяні». Што паглядзець бязвізаваму турысту на Дзятлаўшчыне

10 ноября 2019 1348

На Дзятлаўшчыне шмат месцаў і пабудоў, якія варта ўбачыць.

Першы прыпынак, безумоўна, Дзятлава. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваны Сапегамі, знакамітым Львом Сапегам, Вялікім Канцлерам Літоўскім, і яго сынам Казімірам, самы стары будынак горада. Шмат таямніц прыхавана ў гісторыі будынка, і адна з іх – сэрца Радзівіла.

Напэўна, не кожны дзятлаўчанін ведае, што ў гэтым касцёле захоўваецца сэрца аднаго з уладальнікаў Дзятлава – Мікалая Фаўстына Радзівіла. Некаторыя лічаць гэты факт легендай, але ў кожнай легендзе ёсць доля ісціны. Хто ж такі Мікалай Фаўстын Радзівіл і чаму яго цела захоўваецца ў Нясвіжскім замку, а сэрца ў Дзятлаве?

IMG_4181.jpg

Князь Мікалай Фаўстын Радзівіл нарадзіўся 21 мая 1688 года ў Дзятлаве. Ён дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мечнік вялікі літоўскі, пазней – ваявода наваградскі, генерал-лейтэнант. Пасля пажару 1743 года ім адбудаваны касцёл у Дзятлаве. Пасля смерці мужа скончыла працу яго жонка ў 1751 годзе.

Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Нясвіжскім музеем-запаведнікам, згадка пра тое, што сэрца Мікалая Фаўстына Радзівіла знаходзіцца ў Дзятловском касцёле, знойдзена ў «Польскім слоўніку біяграфічным» Эвы Шклярскай, а таксама ў кнізе А.Т.Федарука «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны». У ёй гаворыцца пра тое, што сэрца Радзівіла, а таксама яго сына Ежы было змешчана ў спецыяльны шкляны посуд і знаходзілася ў нішы касцёла, дзе меўся надпіс і партрэт М.Ф.Радзівіла.

У касцёле ёсць знакаміты арган, які стаў героем мастацкага фільма «Паланэз Агінаскага» і замураваны падземны ход, які некалі выводзіў на могілкі, да капліцы.

У Дварцы таксама ёсць што паглядзець. Упершыню ён упамінаецца ў 15 стагоддзі. Валодалі ім знакамітыя магнаты Вялікага Княства Літоўскага Свідрыгайлы, Кезгайлы, Завішы. На прыкладзе Дварца можна скласці ўяўленне пра ціхае патрыярхальнае мястэчка пачатку 20 стагоддзя, дзе былі царква, шыкоўны каталіцкі храм Божага Цела – сапраўдны шэдэўр архітэктуры, а таксама вадзяны млын, рэшткі якога можна ўбачыць і зараз. Але праславіўся Дварэц сваёй містычнай гісторыяй пра анёла князёў Пратасевічаў на дварэцкіх могілках. Мясцовыя жыхары лічылі, што на свята Божага Нараджэння анёл тры разы аблятае Дварэц і бласлаўляе яго. У часы савецкай улады скульптуру скінулі з пастамента, але на наступную раніцу яна зноў стаяла на сваім месцы. Колькі ні справавалі паўтарыць свавольства, нічога не атрымлівалася. Анёл і сёння стаіць на сваім месцы.

800px-Скульптура_анёла,_foto_2_by_futureal.jpg

З Дварца можна накіравацца да вёсцы Горка, дзе шмат стагоддзяў ляжаць свяшчэнныя камяні-валуны. На могілках на ўзвышшы ў лясным масіве ляжаць тры велізарныя камяні, якія ўтварылі арку. А ў радыусе двух метраў ад аркі ляжыць чацвёрты камень-валун. У народзе іх ахрысцілі «каменныя вароты» або «паклонныя камяні». Прыгледзеўшыся, можна ўбачыць, што ў іх круглаватыя згладжаныя формы, не вельмі роўная паверхня. Вышыня камянёў 2 метры 46 сантыметраў, шырыня 3 метры.

Мясцовае насельніцтва лічыць камяні святымі. Легенды і паданні распавядаюць, што спакон веку прыходзяць людзі да камянёў, каб вылечыцца ад хвароб. Пройдзеш пад «каменнымі варотамі» – і хвароба сыдзе. Праўда, лечаць камяні толькі прыстойных людзей і тых, хто прыйшоў з верай у вяртанне да жыцця. А з-за дрэнных людзей камяні кожны раз ўрастаюць на некалькі сантыметраў у зямлю.

У свой час «каменныя вароты» былі настолькі высокімі, што пад імі мог свабодна праехаць вершнік. Даўней у Юр'еў дзень тут ладзілі шматлюдныя святы з коннымі спаборніцтвамі. Вершнікі, якія збіраліся з усёй ваколіцы, павінны былі праскочыць праз вароты. Традыцыя гэтая ўзыходзіць да часоў Паўночнай вайны, калі Пётр I праязджаў пад каменнымі варотамі на карэце.

Poklonnye-kamni-d.Gorka.jpg

Існуе легенда аб тым, што камяні былі варотамі старой царквы. Аднойчы пан вырашыў вылечыць свайго сляпога сабаку. Ён тройчы праехаў на кані пад камянямі, а за ім бег яго сабака. Так ён абразіў святыя камяні, пасля чаго яны сталі асядаць у зямлю. Ад некалі велічнай брамы застаўся толькі невялікі праём, дзе можна хіба што прапаўзці.

Яшчэ адна цудоўная ўласцівасць «каменных варот» – часам з камянёў пачынае прасочвацца вада. Людзі кажуць: «Камяні плачуць». Сабраную ваду людзі выкарыстоўваюць для лячэння розных хвароб.

«Паклонныя камяні» ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Быць на Дзятлаўшчыне і не наведацца да гаспадароў аграсядзібы «Каля дуба» таксама немагчыма. Гасціннасць, ветлівасць, шчодрасць сям’і Калпінскіх прываблівае гасцей з розных куткоў Беларусі ды і з-за мяжы. Цудоўная прырода, добраўпарадкаваная тэрыторыя, стыльны ландшафтны дызайн – усё для гасцей. А яшчэ разнастаўная кухня, у тым ліку прысмакі. Адсюль нікому не захочацца ад’язджаць.

IMG_3300.jpg

Ну а ў якасці пятага прыпынку можна накіравацца Накрышкі (па дарозе варта заехаць і ў Міроўшчыну, паглядзець рэшткі пабудоў і парку). Гэта сядзібы, дзе жылі знакамітыя Стравінскія, сваякі вядомага рускага кампазітара Ігара Стравінскага. Яны мелі некалькі маёнткаў, гаспадарылі, па сведчаннях мясцовых доўгажыхароў, удала, пабудавалі ў Накрышках каменную царкву, якая стаіць да нашага часу і прымае праваслаўных вернікаў. Шкада, праўда, што маёнткі іх не захаваліся, але нічога не зробіш – вайна шмат што зруйнавала.

І, канешне, у час вандровак па Дзятлаўшчыне варта звяртаць увагу на прыгажосць прыроды: сасновыя бары, рэчачкі, узгоркі, з якіх адкрывацца цудоўныя краявіды – адна асалода.

Можна паказаць яшчэ шмат чаго: Раготна з яе шматвекавой гісторыяй, Жыбартоўшчына, санаторыі “Радон” і “Альфа-Радон”, Дзікае возера. Усяго не пералічыш. Багатыя мы, дзятлаўчане, толькі ці ўмеем берагчы і шанаваць сваё багацце?

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея