
Для пастаянных наведвальнікаў гістарычнага музея праект не новы. Калекцыянер Андрэй Бягун некалькі гадоў экспануе тут свае ёлачныя цацкі. Але паколькі калекцыя ўвесь час абнаўляецца, наведваць выставу можна як у першы раз — сумна не будзе.
Экспазіцыя расказвае гісторыю вытворчасці шкляных шароў і іншых цацак з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён і знаёміць з ёлачнымі ўпрыгажэннямі з 75 краін, у тым ліку экзатычных Конга, Перу, Інданезіі, Новай Зеландыі. Напрыклад, адзін з самых дарагіх экспанатаў на выставе — вялізны шкляны шар з Венскага балю канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Праект праходзіць сумесна з Фабрыкай ёлачных цацак «ГРАЙ» («Ганарыся Рэчамі АЙчыны!»). Наведвальнікі музея могуць даведацца пра сакрэты вытворчасці ёлачных цацак на адзінай у краіне спецыялізаванай фабрыцы, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства паўдзельнічаць у майстар-класах і ўласнаручна вырабіць навагодняе ўпрыгажэнне. Тут можна набыць цацкі і для сваёй ёлкі.
СБ


















