
Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці на пастаяннай аснове вывучаецца паўната выканання ў рэгіёне функцый кантролю і нагляду.
Як паказваюць кантрольныя мерапрыемствы, якія праводзіць Камітэт, не ва ўсіх сферах упаўнаважаныя органы адсочваюць сітуацыю на прадмет захавання заканадаўства.
У прыватнасці, функцыя кантролю за дзейнасцю садаводчых таварыстваў у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» аднесена да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Разам з тым не ўсе выканкамы надаюць гэтай сферы належную ўвагу.
У Камітэт дзяржкантролю толькі за 2025 год і перыяд 2026 года, які прайшоў, паступіла больш за 30 зваротаў грамадзян, прычым за сем месяцаў бягучага года іх накіравана амаль у паўтара раза больш, чым за ўвесь мінулы год.
Грамадзяне звярталіся са скаргамі на неналежную арганізацыю работы дачных супольнасцяў, у тым ліку іх органаў кіравання. Пры гэтым усе ўзнятыя пытанні знаходзяцца ў падкантрольнай выканкамам сферы. Напрыклад, дачнікі заяўляюць пра адсутнасць Статута альбо яго неадпаведнасць заканадаўству, немагчымасць азнаёміцца членам таварыства з гэтым дакументам. Шмат нараканняў выказваецца на працу органаў кіравання таварыствам – праўлення і яго старшыні – на правамернасць прынятых рашэнняў і грэбаванне выключнай кампетэнцыяй агульнага сходу пры вырашэнні важных пытанняў дзейнасці таварыстваў.
Неабходна адзначыць, што згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2023 г. № 155 «Аб садаводчых таварыствах» кантроль за дзейнасцю таварыстваў ажыццяўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, на тэрыторыі якіх размешчаны таварыствы, у адпаведнасці з заканадаўствам аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. Ажыццяўленне кантролю прадугледжана як у форме праверак, так і маніторынгаў з мэтай прадухілення парушэнняў.
Аднак большасцю райгарвыканкамаў вобласці праверкі альбо маніторынгі па вышэйназваных пытаннях у дачыненні да садаводчых таварыстваў у 2025 годзе і мінулым перыядзе бягучага года не праводзіліся. Камітэтам у ходзе комплексных праверак выканкамаў указана на неабходнасць актывізацыі кантролю за дзейнасцю садаводчых таварыстваў.
А. САДАЎНІЧЫ, першы намеснік старшыні Камітэта.



















