
Новы рэсурс змяшчае і ноты, і тэксты да песень. Тут, паведамляе nlb.by, оперы, мюзіклы, сімфоніі, сюіты, рамансы, рэп, народныя песні, калыханкі і многае іншае. Асаблівае месца ў рэсурсе займаюць музычныя творы на вершы класікаў беларускай літаратуры — Петруся Броўкі, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Адама Міцкевіча і іншых. Кожны дакумент мае апісанне, у якое ўключаны звесткі пра аўтара, год стварэння, мову, прадметную галіну, выгляд і жанр музычнага твора. Пазначаны і назвы музычных інструментаў, якія выкарыстоўваюцца пры выкананні кампазіцыі. Таму рэсурс можа служыць добрай дапамогай пры навучанні ігры на тым ці іншым інструменце. Парталам таксама могуць карыстацца гісторыкі, музыказнаўцы, выкладчыкі і ўсе, хто цікавіцца беларускай музыкай на сучасным этапе.
СБ



















