Захавальніца cпадчыны. У Цэнтры рамёстваў прайшоў вечар памяці «Талент і цеплыня яе рук» да 90-годдзя з дня нараджэння Ніны Шурак

Захавальніца cпадчыны. У Цэнтры рамёстваў прайшоў вечар памяці «Талент і цеплыня яе рук» да 90-годдзя з дня нараджэння Ніны Шурак

Захавальніца cпадчыны. У Цэнтры рамёстваў прайшоў вечар памяці «Талент і цеплыня яе рук» да 90-годдзя з дня нараджэння Ніны Шурак

25 сентября 2022 808

10 верасня бягучага года споўнілася б 90 гадоў энтузіясту, творчай асобе, цікаваму і шчыраму чалавеку, захавальніцы традыцыйнай спадчыны Навагрудчыны Ніне Шурак. У Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў прайшоў вечар памяці «Талент і цеплыня яе рук», прымеркаваны да юбілею Ніны Пятроўны.

Успомніць пра тое, якой была захавальніца спадчыны, перагартаць старонкі яе жыцця, творчасці прыйшлі ў Цэнтр рамёстваў члены народнага аматарскага калектыву майстроў народнай творчасці «Каляровая альтанка», навагрудчане.

– Дзякуючы Ніне Пятроўне Шурак, на Навагрудчыне была адноўлена і захавалася традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанкі-выбіванкі), якой сёння нададзены статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Навагрудскага раёна, які ўключаны ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, – расказала прадаўжальнік справы, носьбіт традыцый вырабу выцінанкі-выбіванкі, народны майстар Наталля Клімко. – Мне пашчасціла быць знаёмай з Нінай Пятроўнай. Дзякуючы ёй, з часам я сама пачала займацца выцінанкай-выбіванкай.

Шмат добрых слоў, успамінаў гучала ў гэты дзень пра Ніну Пятроўну, ураджэнку вёскі Мілушава. Яе захапленне этнаграфічнай творчасцю пачалося ў 80-х гадах. У той час Ніна Пятроўна была старшынёй ініцыятыўнай групы па стварэнні ў Навагрудку гістарычна-краязнаўчага музея, а пасля яго адкрыцця працавала галоўным захавальнікам фондаў. Было сабрана больш як тры тысячы экспанатаў.  Ніна Пятроўна пабывала ў 220 вёсках, дзясяткі вёсак абышла пешшу. Творчую душу жанчыны заўсёды вабілі розныя віды народнага  мастацтва: ткацтва, вышыўка ручнікоў, выцінанка. А вось пераймаць вопыт і вучыцца было ў каго. У даваенны час з-за адсутнасці матэрыялаў, а часта і фінансавых сродкаў у сям’і з паперы рабілі фіранкі, упрыгожанні на абразы, на покуць. Гэтыя навыкі спатрэбіліся Ніне Шурак падчас стварэння кутка сялянскай хаты ў музеі. Працоўным інструментам майстрыхі з’яўляўся шырока расплюшчаны цвік, малаток і дубовая дошка. Так адрадзілася ўнікальная тэхніка  выцінанкі, якой ў 2014 годзе быў нададзены статус нематэрыяльна-культурнай спадчыны «Навагрудская выцінанка-выбіванка».

Акрамя выцінанкі, майстрыха вышывала двухбакавой гладдзю прыгожыя ручнікі, узоры да якіх малявала сама. З 2002 года Н.П. Шурак цесна супрацоўнічала з Навагрудскім раённым цэнтрам рамёстваў, прымала ўдзел у шматлікіх выстаўках. У 2004 годзе была узнагароджана Дыпломам за выдатныя поспехі ў захаванні і развіцці рамёстваў у II абласным конкурсе-паказе абрадаў і свят у г. Гродне. Ніна Пятроўна лаўрэат II Нацыянальнай выстаўкі народнага мастацтва «Жывая крыніца» (2006г), прызёр Рэспубліканскага кірмашу рамёстваў «Вясновы букет»(2007 г). Яе работы знаходзяцца ў фондах Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея, Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў, у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, польскім музеі народнага мастацтва ў Атрэмбусах. На жаль, у 2009 годзе майстрыхі Ніны Шурак не стала.
Дзякуючы Ніне Пятроўне, традыцыя выразання з паперы «навагрудская выцінанка-выбіванка» захавалася і стала вядомай далёка за межамі Навагрудчыны. За вялікі ўклад у стварэнне Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея Ніна Пятроўна Шурак занесена ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна. А для  супрацоўнікаў Навагрудскага цэнтра рамёстваў яна самы  Народны майстар Навагрудчыны, які вучыў іх працаваць добрасумленна, любіць сваю Радзіму і рабіць справу на выдатна.

Вольга Пісар, «НЖ»


Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!