З Уваскрэсеннем Хрыстовым!

З Уваскрэсеннем Хрыстовым!

З Уваскрэсеннем Хрыстовым!

02 Мая 2021 268
Уваскрэсенне Хрыстова – самае светлае і радаснае свята ўсіх свят і ўрачыстасць урачыстасцей. Здзейсніўшы подзвіг Вялікага посту, абнавіўшы свае сэрцы і душы ў святых таінствах, 2 мая праваслаўныя вернікі будуць сведчыць адзін аднаму і ўсяму свету, што Хрыстос Уваскрэс!

– Уваскрэсенне Хрыстова – найважнейшае свята для хрысціян усяго свету, бо менавіта яно раскрывае сутнасць веравучэння. «Вялікдзень» у перакладзе з грэчаскай мовы – «праходжанне», «збаўленне». Такім чынам Уваскрэсенне Хрыстова азначае перамогу над смерцю і з’яўляецца правобразам усеагульнага перараджэння ў новае жыццё, – расказвае  благачынны цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэй Анатолій ГЕРАСІМУК. – У апошнюю нядзелю, якая аддзяляе нас, праваслаўных хрысціян, ад свята Уваскрэсення Хрыстова, ёсць такая традыцыя – да чацвярга завяршыць усе работы, для таго, каб, пачынаючы з Чыстага чацвярга, калі мы ўспамінаем падзеі Тайнай Вячэры, узнаўленне святога таінства Еўхарысціі, пранікацца глыбінёй тэкстаў богаслужэння. У гэтыя дні трэба прыйсці ў храм, памаліцца за сябе, сваіх родных і блізкіх. Прызываю таксама памаліцца за краіну, таму што са сродкаў масавай інфармацыі мы бачым, што не ўсё сёння так проста. Мы не ведаем усю глыбіню пытання. Я згодны з кіраўніком нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам, што свяшчэннаслужыцелі павінны па-асабліваму маліцца за сваю краіну. І я прызываю ўсіх здзейсніць малітву за кіраўніка дзяржавы, за прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. У сваіх малітвах у храмах звярнуцца да Бога, каб Хрыстос захаваў і абараніў нашу святую Белую Русь. У чацвер вечарам мы чытаем 12 страсных Евангелле. У думках перажываем тыя страшныя падзеі, што адбыліся з Хрыстом падчас распяцця.

– Вялікая Пятніца – асобы дзень для тых, хто мае фізічную магчымасць да вынасу Плашчаніцы не прымаць ежы. Вынас Плашчаніцы сімвалізуе зняцце цела Хрыстова з крыжа і палажэнне ў гроб. Асобыя службы ладзяцца ў гэты дзень на зняцце, пахаванне Хрыста, здзяйсняецца Хрэсны ход вакол храма, – адзначыў айцец Анатолій.

– Для ўсяго праваслаўнага свету асаблівы дзень і Вялікая Субота. У богаслужэбных тэкстах мы чуем словы: «Да умолчит всякая плоть». Чаму? Гэта таму што Ісуса Хрыста паклалі ў труну, пячору пахавальную, прывалілі камнем. Чаму з асаблівым хваляваннем пражываем Вялікую Суботу? Ды таму, што Хрыстос дае нам благадатны агонь на труну Гасподню. Гэта бачны знак божай благадаці, якая нябачным чынам расходзіцца да кожнага чалавека, які спаведуе Хрыста распятага. Гавораць, што калі не сыдзе агонь на труну Гасподню – нядобрая вестка. Мы молімся, просім, каб благадаць сышла.  І сыходзіць Гасподзь, дакранаецца да нашай Зямлі. Малітву трэба данесці асабівым чынам, і маліцца трэба не толькі за сябе, родных, за краіну, – нагадвае благачынны. – Малітва – гэтая асаблівая сіла.

Богаслужэнне ў суботу пачынаецца раніцай у 6.00.

Па добрай традыцыі ў Вялікую суботу з 12.00 да 18.00 у храмах горада праходзіць асвячэнне велікодных кулічоў. У сельскіх прыходах – пасля Велікоднай літургіі.

– Прыемна, што людзі прыходзяць у храм у прыўзнятым настроі, з усмешкаю на твары. А пасля наведвання царквы, прыкладання да святой Плашчаніцы ідуць дадому з асаблівымі духоўнымі пачуццямі. І гэта правільна, – дадае Анатолій Герасімук.

У Велікодную ноч богаслужэнне пачнецца ў 23.30.

Пачатак Хрэснага ходу ў 00.00. Арыенціровачна богаслужэнне закончыцца ў 03.00.

Ужо больш як год мы жывём ва ўмовах пандэміі. Благачынны цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэй Анатолій Грасімук папрасіў падчас наведвання храмаў захоўваць масачны рэжым і дыстанцыю, выконваць санітарныя нормы. Ва ўсіх храмах маюцца антысептыкі.

– Працягваецца супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўсіх напрамаках. Магчыма, у апошні год яно не такое маштабнае з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Аднак цесна мы працягваем супрацоўніцтва з упраўленнем адукацыі. Нясуць нашы свяшчэннікі служэнне і ў сацыяльным накірунку, дапамагаюць тым, хто мае патрэбу. Цесна супрацоўнічаем з ваеннаслужачымі вайсковай часці 75158. Была арганізавана сустрэча, прысвечаная 800-годдзю са дня нараджэння Аляксандра Неўскага. Цесна супрацоўнічаем і з Навагрудскай раённай бальніцай, – расказвае благачынны. – Па просьбе галоўнага ўрача былі асвечаны карпусы бальніцы. Разам з тым праведзена работа па навядзенню парадку на могілках. Прадстаўнікі сельвыканкамаў разам з мясцовымі жыхарамі агульнымі намаганнямі добраўпарадкоўваюць месцы пахаванняў. Сумеснымі сіламі мы многага дасягнем.

– З пачуццём глыбокай духоўнай радасці хачу павіншаваць усіх навагрудчан са святам усіх свят – Уваскрэсеннем Хрыстовым. Мы здзейснілі подзвіг Вялікага посту, многія прынялі ўдзел у таінстве пакаяння, таінстве сповядзі. Сэрцы людзей, якія сустракаюць і праводзяць Вялікдзень са шчырай верай, чыстай душой і добрымі намерамі, напаўняюцца вялікай духоўнай радасцю, якой абавязкова патрэбна дзяліцца з роднымі, сябрамі і ўсімі навакольнымі. У нядзелю, 2 мая, мы будзем сведчыць адзін аднаму і ўсяму свету, што «Хрыстос Уваскрэс!» – «Сапраўды Уваскрэс!». Свята Уваскрэсення Хрыстова – гэта перамога жыцця над смерцю. Я хачу пажадаць, каб у аснову нашага зямнога быцця легла вялікая дабрыня, любоў, каб Божая благадаць напоўніла нашы сэрцы пачуццём глыбокай духоўнай радасці. Хачу пажадаць, каб Хрыстос аберагаў наш народ, навагрудчан ад усіх хвароб, смутку. Усім вам, дарагія навагрудчане, жадаю фізічнага здароўя, духоўнай бадзёрасці і доўгіх гадоў зямнога быцця,– пажадаў протаіерэй Анатолій Герасімук.

В. ПІСАР, «НЖ».