Юбілейны фестываль «Novafest» сабраў сотні вернікаў ва Уселюбе
03 августа 2025

Юбілейны фестываль «Novafest» сабраў сотні вернікаў ва Уселюбе

2 жніўня пры касцёле Святога Казіміра ва Уселюбе прайшоў 5-ы, юбілейны хрысціянскі фестываль-рэкалекцыя «Novafest». Гэта значная падзея, арганізаваная мясцовай парафіяй, сабрала сотні ўдзельнікаў з самых розных куткоў Беларусі.

Касцёл святога Казіміра ва Уселюбе – месца незвычайнай прыгажосці. Гэта самы старажытны касцёл у Беларусі, які захаваўся ў першапачатковым выглядзе. Жамчужынай святыні з’яўляецца цудоўная фігура Маці Божай Новага Жыцця, якая з’явілася тут у 2019 годзе і ўжо адзначана цудамі. Многія вернікі прыязжаюць сюды менавіта дзеля таго, каб праз Яе заступніцтва шчыра прасіць Бога аб дары дзяцей, аздараўленні душы і цела. 

Настаяцель парафіі, ксёндз Віталій Цыбульскі з’яўляецца сапраўдным ідэйным натхняльнікам і арганізатарам фестывалю. Святар адзначае, што напрацягу 5 гадоў «Novafest» ладзіцца для таго, каб аб'яднаць людзей розных узростаў, прафэсій, захапленняў і талентаў у агульным імкненні – праславіць Бога так, як Ён таго заслугоўвае. А таксама даць магчымасць кожнаму ўдзельніку свята знайсці занятак па душы – у малітве, у творчасці, у супольным адпачынку.


І гэта ў чарговы раз удалося! Праграма фэсту атрымалася насычанай і разнастайнай. Атмасферу свята задала ўрачыстая Святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз-біскуп Юрый Касабуцкі. Яго пропаведзь нагадала прысутным аб важнасці духоўнага адзінства і вялікай сіле прабачэння.

Цікавай была канферэнцыя «Уся прыгожая Ты, Марыя», праведзеная айцом Віктарам Мялешкам. Ён падзяліўся глыбокімі разважаннямі пра ролю Дзевы Марыі ў жыцці вернікаў і яе значэнне для хрысціянскай традыцыі. Наступнай часткай мерапрыемства стала малітва спевам каля алтара Маці Божай Новага Жыцця.

Айцец Аркадзій Клуха правёў канферэнцыю «Велічае душа мая Пана: марыйны пагляд на ўдзячнасць», дзе гаврыў пра важнасць падзякі ў жыцці кожнага хрысціяніна.

Сведчанні людзей, Крыжовы шлях, Ружанец і Адарацыя благаслаўленне – мерапрыемства доўжылася да самай ночы.


Не забыліся арганізатары і пра забаўляльную праграму. На тэрыторыі касцёла былі арганізаваны тэматычныя зоны – гульнявая, творчая, танцавальная, фотазона і іншыя. Праходзілі майстар-класы,  працавалі выстаўкі-продажы, летнія кафэ. Кожны мог знайсці нешта па душы і правесці час з сям'ёй і сябрамі.


Акрамя таго, у ўдзельнікаў фестывалю «Novafest» была магчымасць выслаць ў любую мясціну Беларусі і ў любую краіну замежжа паштоўку з выявай уселюбскага касцёла, уселюбскіх крыжоў, фігуры Маці Божай.




Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |   
Автор: Карина Вальшонак, «НЖ»