До дня Великой
Победы осталось

Вячаслаў Чамярыцкі — захавальнік слова, творца думкі

Вячаслаў Чамярыцкі — захавальнік слова, творца думкі
25 января 2026
У апошнюю нядзелю студзеня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень беларускай навукі — свята тых, хто прысвяціў сябе пошуку ісціны, захаванню і прымнажэнню ведаў. У гэты дзень мы з асаблівым гонарам гаворым пра навукоўцаў, чый уклад у развіццё краіны неацэнны. Сярод такіх знакамітых асоб — Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі.

Вячаслаў Антонавіч нарадзіўся 22 ліпеня 1936 г. у вёсцы Рабкі Дзятлаўскага раёна. У 1937 г. сям'я пераехала ў Навагрудак. Ваеннае ліхалецце маці і двое дзяцей перажылі ў сваякоў у вёсцы. Бацька пайшоў на фронт і прапаў без вестак.

Пасля заканчэння школы ў Навагрудку Вячаслаў Чамярыцкі паступіў у БДУ на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта. У 1965 г. закончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пасля чаго працаваў навуковым супрацоўнікам таго ж інстытута. З 1991 г. узначальваў аддзел гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры, пазней — галоўны навуковы супрацоўнік НАН Рэспублікі Беларусь.

Цікава, што выступаць у друку В.А. Чамярыцкі пачаў з вершамі (з 1952 г. у нашай газеце «Новае жыццё), а з 1959 г. — з рэцэнзіямі і артыкуламі пра творчасць маладых паэтаў. Але потым захапіўся старажытнай беларускай літаратурай і гісторыяй і ўнёс вялікі ўклад у вывучэнне беларускага летапісання.

Яго імя непарыўна звязана з Інстытутам мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе ён, будучы кандыдатам філалагічных навук, кіраваў адным з ключавых аддзелаў. Вячаслаў Антонавіч — прызнаны эксперт у галіне вывучэння беларускай літаратуры, чые працы складаюць залаты фонд айчыннай гуманітарнай думкі.

Заслугі Вячаслава Антонавіча былі высока ацэнены дзяржавай — ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, што з'яўляецца сведчаннем выключнай значнасці яго працы для краіны.

Дзейнасць Вячаслава Антонавіча Чамярыцкага выходзіць за рамкі вузкіх навуковых дысцыплін. Яго працы — гэта ўклад у захаванне і развіццё беларускай мовы, літаратуры і культуры ў цэлым. Яны дазваляюць нам не толькі лепш разумець класікаў, але і адчуваць сувязь часоў, фарміраваць нацыянальную ідэнтычнасць і перадаваць неацэнную спадчыну наступным пакаленням.

У Дзень беларускай навукі мы выказваем глыбокую ўдзячнасць Вячаславу Антонавічу Чамярыцкаму за яго шматгадовую плённую працу, за адданасць справе і неацэнны ўклад у развіццё беларускай філалогіі. Яго дзейнасць — гэта яркі прыклад служэння навуцы і Айчыне.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 


Аўтар: Вольга Пісар, «НЖ»