У гонар 75-гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў для вучняў ДУА “Вераб’евіцкага ВПК дзіцячы сад-базавай школы” была арганізавана экскурсійная паездка ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны г. Мінска.
Дзеці і настаўнікі слухалі цікавы расказ экскурсавода аб Вялікай Айчыннай вайне, гераічных подзвігах нашых землякоў-беларусаў на фронце і ў тыле ворага, крывавых бітвах за свабоду і незалежнасць нашай Айчыны. З вялікай цікавасцю ўдзельнікі экскурсіі разглядалі ваенную тэхніку, зброю, салдацкую амуніцыю і атрыбутыку, адзенне, лістоўкі, шматлікія фотаздымкі і дакументы. Пры знаёмстве з музейнымі экспазіцыямі кожны вучань стварыў для сябе вобраз воіна-вызваліцеля, убачыў чалавека на вайне, уявіў тых байцоў, камандзіраў, якія 75 год таму прайшлі цяжкі шлях да поўнага вызвалення Беларусі. Паглыбіўшыся ў тэму Вялікай Айчыннай вайны, у кожнага дзіцяці з’явілася дасканалае разуменне таго, праз якія выпрабаванні, пакуты і нягоды прыйшлося прайсці нашым дзядам і прадзедам, усяму народу калісьці існуючай магутнай дзяржавы- Савецкага Саюза.
Наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выклікала ў дзяцей вялікі інтарэс. Дадзеная экскурсія з’явілася цудоўным працягам больш глыбокага вывучэння гісторыі сваёй Айчыны, фарміравання пачуцця патрыятызму, гонару за сваю дзяржаву, паважлівых адносін да старэйшага пакалення, ветэранаў – салдат баявых дзеянняў. Вельмі важна зберагчы памяць аб вялікіх людзях, іх подзвігах дзеля міру ва ўсім свеце.
Наведванне горада Мінска прадоўжылася знаёмствам вучняў і настаўнікаў з гісторыяй і архітэктурай Свята-Елізавецінскага жаночага манастыра, заснаванага ў 1999 годзе ў гонар Святой пакутніцы княгіні Елізаветы . Экскурсавод пазнаёміла гасцей з аб’ектамі, размешчанымі на тэрыторыі манастыра, яго галоўнымі святынямі, пазнаёміла з цікавымі фактамі з гісторыі кожнага з васьмі храмаў, калакольні, расказала пра дабрачынную дзейнасць Сястрычаства. Экскурсанты наведалі таксама трапезную і сувенірную краму, дзе набылі на памяць аб наведванні манастыра сувеніры.
Вучням і настаўнікам школы надоўга запомніцца цудоўная паездка ў сталіцу. Экскурсія стала плённым працягам работы па выхаванні ў падрастаючага пакалення любві да сваёй Радзімы, яе слаўнай гісторычна-культурнай і духоўнай спадчыны.
Таццяна Борыс, настаўніца гісторыі ДУА “Вераб’евіцкі ВПК дзіцячы сад-базавая школа”
Варта пачытаць:
Дорожные законы учат в детстве. В Новогрудке прошла олимпиада на знание Правил дорожного движения
В преддверии 8 Марта детский сад №6 г. Новогрудка встречал бывших сотрудников



















