Вучні Валеўскай школы акунуліся ў атмасферу крэатыву і творчасці ў раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі
16 сентября 2020

Вучні Валеўскай школы акунуліся ў атмасферу крэатыву і творчасці ў раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі

Яркімі фарбамі новых уражанняў, карыснай інфармацыі, крэатыўнай творчасці быў напоўнены першы суботні дзень новага навучальнага года для пяцікласнікаў Валеўскай школы. Для іх гасцінна расчыніў дзверы раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

У рамках Рэспубліканскага тыдня піянерыі юныя піянеры з Валеўкі пазнаёміліся з экспазіцыяй гістарычна-краязнаўчага музея ЦТДіМ. Даведаліся аб цікавых справах і жыцці піянерскіх дружын Навагрудчыны, змаглі ўбачыць піянерскую сімволіку розных гадоў, пасядзець за школьнай партай сваіх татаў і матуль.

Далей дзяўчынкі і хлопчыкі адправіліся ў захапляльнае падарожжа ў пакой «Крэатыў.ru». Тут дзеці праявілі фантазію і творчаць па вырабе паштовак. Дзякуючы падтрымцы таленавітых педагогаў, кожны пражыў сітуацыю поспеху, а ў падарунак атрымаў фігурку савы – сімвала мудрасці, якую зрабілі для гасцей гурткоўцы Цэнтра.


Наступным прыпынкам стаў навуковы пакой «Тры колеры бяспекі». У ім у рамках месячніка «У цэнтры увагі – дзеці» прайшоў інтэрактыўны занятак па правілах дарожнага роху з ролевымі гульнямі. Не менш цікавымі былі прыпынкі ва ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва «Каляровы аловак» і ў кабінеце аб’яднання па інтарэсах «Майстэрня падарожнікаў», дзе з другаснага матэрыялу стваралі свае шэдэўры маленькія мастакі і ўмелыя рукі дзетак.

Знаёмства з ЦТДіМ мы завяршылі наведваннем выстаўкі творчасці гурткоўцаў, якую адзінагалосна назвалі «Навагрудскі Арбат».

Не менш захаплення ў вучняў выклікала лавачка жаданняў. Кожны з іх стараўся даверыць ёй нешта патаемнае, а я, як педагог, загадала, каб мае выхаванцы выраслі дастойнымі людзьмі.


Вялікі дзякуй усім педагогам Цэнтра і асабіста дырэктару Алене Раманаўне Міклаш за гэта свята дзяцінства. Мы да вас яшчэ не раз вернемся.

Тамара Сурага,

класны кіраўнік 5 класа Валеўскага д/с-СШ