До дня Великой
Победы осталось

Вучні Нягневіцкай школы разам з бацькамі пасадзілі алею грэцкіх арэхаў

14 апреля 2022

Падчас штогадовагай рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» ў Беларусі высаджваюць тысячы дрэў. І наша школа – не выключэнне. Вучні 5 класа Нягневіцкай сярэдняй школы разам са сваімі бацькамі вырашылі прынялі актыўны ўдзел у акцыі. Садзіць дрэвы разам з бацькамі – важна, бо агульная справа не толькі збліжае, але і насычае дзіўным адчуваннем адзінства і веры ў будучыню.

Усе ведаюць, як дасканала дрэвы ачышчаюць паветра, яны даюць нам кісларод і цень у спякотныя дні, яны ахоўваюць нас ад шуму і пылу. Дрэвы ствараюць вакол сябе добрую атмасферу, пазітыўна ўплываюць на наша самаадчуванне, здароўе і нават змяншаюць узровень стрэсу і агрэсіі.

Мясцовы аматар-садавод Емельяновіч Сяргей Сяргеевіч, апантаны справай азелянення нашай мясцовасці, ахвяраваў школе саджанцы грэцкага арэха. А хто ж не любіць карысныя плады гэтага дрэва? Знешняе падабенства ядра грэцкага арэха з чалавечым мозгам ва ўсе часы нараджала шмат легендаў. Так, грэцкі філосаф Платон сур’ёзна сцвярджаў, што плады гэтага дрэва валодаюць здольнасцю мысліць. Таму, ці не сімвалічна будзе пасадзіць іх ля школы?

Пасадка дрэваў у грамадзе яшчэ і карысная тым, што кожны, маючы свой вопыт, дае каштоўныя парады. Тата Кузьмянкова Сцяпана ведае, што вельмі важна не апускаць ствол пры пасадцы ніжэй, чым ён быў пасаджаны раней, бо пладаносіць дрэва пачне пазней. Мама Краскоўскай Сафіі прапануе падрэзаць дрэўца, каб яно лепш прынялося. Калоша Жэня спрабуе агарадзіць дрэўцы ад выпадковых жывёл, якія могуць іх пашкодзіць, а тата Мікіты Бахара ведае,як лепш падкарміць арэхі, якія ўгнаенні ўнесці. Сам садавод параіў паліваць дрэўцы кожны дзень, бо зямля недастаткова насычана вільгаццю. У такой шматгалосай кампаніі дзяцей і дарослых   была пасаджана наша невялічкая алейка грэцкіх арэхаў.

Хто ведае, праз які дзясятак – другі гадоў сустрэнемся тут, пагамонім, успомнім нашы супольныя школьныя справы, нашы першыя поспехі і няўдачы, тыя законы, якія засвоілі ў нашай Alma mater, пагартаем наш школьны фотаальбом і развітаемся, напоўненыя ўспамінамі ад школьнага дзяцінства. Развітаемся, каб сустрэцца зноў тут, у гэтым месцы, пад шатамі грэцкіх арэхаў.


Юлія Емельяновіч, настаўніца Нягневіцкай школы




Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!