Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым благачыннага цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэя Анатолія Герасімука

Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым благачыннага цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэя Анатолія Герасімука

07 января 2023 467

Божай ласкай мы зноў сустракаем светлае і радаснае свята Нараджэння Хрыстова, у малітве ўспамінаючы найвялікшую падзею ў гісторыі, якая паклала пачатак выратавання роду чалавечага.

– Больш за дзве тысячы гадоў таму Іісус Хрыстос безабаронным немаўляткам увайшоў у гэты свет, каб дараваць лю дзям выратаванне ад улады граху і смерці. Святое Пісанне гаворыць нам: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Сын Божы – праўдзівы Бог – нарадзіўся на гэты свет, стаў чалавекам, падобным да нас ва ўсім, акрамя граху. Ён выканаў Божы Закон і загадаў нам няўхільна прытрымлівацца Евангельскіх прынцыпаў для атрымання ласкі Божай.

Хрыста ў Божым Адкрыцці мы называем праўдзівым святлом. Гэтае святло разбурае зло, як пражэктар, дапамагае нам рухацца па жыцці ў правільным кірунку. На жаль, у віры ўласных жыццёвых клопатаў і памкненняў людзі часам забываюць асноватворныя ісціны чалавечага суіснавання, прыпадабняюцца грахам і тушаць гэтае святло. Але прыход Каляднага свята ўваскрашае нашы найлепшыя хрысціянскія якасці, усяляе вялікую надзею на тое, што мы будзем абнаўляцца, мяняцца, што зменіцца нешта ў нас саміх.

Свята Нараджэння Хрыстова заклікана нагадаць кожнаму пра высокае прызванне чалавека – быць з Богам, бо дзеля нас Ён прыйшоў на зямлю і само па сабе ўвасабленне на зямлі Хрыста стала актам бязмернай любові Бога да людзей. Святкаваць гэтыя дні мы павінны не толькі весялосцю, пачастункамі і падарункамі, але ў першую чаргу – духоўнай радасцю.

Асаблівае, выключнае месца ў жыцці праваслаўных хрысціян займае пост, які папярэднічае вялікаму святу. Гэты час дадзены нам для таго, каб прааналіза ваць сваё духоўнае жыццё, пакаяцца перад Богам, зрабіць для сябе нейкія высновы.

Я ад усёй душы віншую вас з Нараджэннем Хрыстовым! Як добрая вестка аб Нараджэнні Іісуса калісьці асвяціла свет, так няхай святло гэтага вялікага свята сёння азарае і нашы душы, напаўняе іх шчырай верай, ласкай, спакоем і гармоніяй. Жадаю кожнаму ў гэтыя святочныя дні праявіць самыя лепшыя свае чалавечыя якасці, надаць увагу сваім блізкім і дапамагчы людзям, якія жывуць у нястачы. Не быць раўнадушнымі, не губляць веры і надзеі на лепшае. Няхай свята Нараджэння Хрыстова прынясе ў вашы дамы і сем'і шчасце, радасць жыцця, каханне, згоду і цяпло, а Гасподзь благаславіць усіх нас, нашу любімую Навагрудчыну і ўсю нашу родную зямлю мірам і дабрабытам!

Са святам! Захоўвай вас Гасподзь!

Благачынны цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэй Анатолій Герасімук