
Нараджэнне Хрыста падзяліла час на «да» і «пасля». Каляндар, які мы карыстаемся сёння, грунтуецца на гэтай падзеі. Свята Божага Нараджэння – гэта не толькі прыгожая традыцыя, але і найвялікшая падзея, якая змяніла ход гісторыі чалавецтва. Бог стаў чалавекам, каб паказаць нам сваю любоў і блізкасць. Чалавек убачыў, што Усемагутны Бог не толькі далёкі Творца, але і Айцец, які ўваходзіць у гісторыю чалавека, каб быць побач з ім. Таямніца Богаўцелаўлення адкрыла чалавеку новае разуменне яго годнасці: кожны з нас дарагі ў вачах Бога. Гістарычная падзея Хрыстовага Нараджэння стала знакам таго, што чалавецтва не пакінута ў цемры граху, але атрымала дар збаўлення і вечнага жыцця.
Менавіта з гэтай падзеі пачалося фарміраванне хрысціянскай культуры, якая дала свету школы і ўніверсітэты, мастацтва і архітэктуру, ідэю павагі да годнасці кожнай асобы, што стала асновай хрысціянскай антрапалогіі і маральных прынцыпаў. Менавіта гэта стала духоўным падмуркам цывілізацыі, якая будуецца на любові, прабачэнні і справядлівасці.
Хрысціянскія каштоўнасці сталі асновай для развіцця дабрачыннасці, медыцыны, дапамогі бедным і слабым. Богаўцелаўленне Езуса – гэта не толькі падзея веры, але і ключавы момант гісторыі чалавецтва, які змяніў ход цывілізацыі. Яно дало свету новае разуменне Бога, чалавека і грамадства, а яго ўплыў адчуваецца да сённяшняга дня ва ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавека.
Пра гэты чаканы момант і вялікую таямніцу нашай веры ўзгадвае Слова Божае: «Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам... і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны... Князь Спакою» (Іс 9, 6). Анёльскае слова з нябёсаў абвяшчае і нам: «Не бойцеся... бо нарадзіўся вам сёння... Збаўца» (Лк 2, 10-11). Гэтая Добрая Вестка – аснова нашай надзеі, крыніца сапраўднай радасці. Ва ўбогай Віфлеемскай пячоры пачалося наша выратаванне, і кожны з нас запрошаны стаць яго ўдзельнікам. Як нагадваў святы Аўгусцін: «Бог для таго і стаў чалавекам, каб чалавек мог стаць Богам». Няхай святло гэтага Нараджэння прагоніць усю цемру з нашых сэрцаў, дамоў і нашай любай Навагрудскай зямлі, запаліўшы ў іх агеньчык веры і сапраўдную хрысціянскую любоў.
А ўслед за найвялікшым цудам Нараджэння Збаўцы, з новай надзеяй, мы пераступім парог Новага года.
Няхай новы часовы этап будзе для нас часам мудрых разваг, прабачэння і добрых намераў. Няхай глыбокае, духоўнае перажыванне Раства натхняе нас на добрыя ўчынкі. Князь Супакою Хрыстос няхай дасць нашым сэрцам сапраўдны супакой. Жадаю, каб нашыя сем’і былі моцнымі, здаровымі і адкрытымі для Бога і бліжняга, а нашая моладзь расла ў павазе да веры бацькоў. Няхай кожны новы дзень будзе крокам да лепшага, больш міласэрнага і ўважлівага стаўлення адзін да аднаго. Няхай Анёлы-ахоўнікі сцерагуць нашых блізкіх, а сэрцы будуць адкрытыя для дабрыні.
Дарагія вернікі! З вялікай радасцю віншую ўсіх вас з Нараджэннем Хрыста Збаўцы і з надыходзячым Новым годам!
Няхай Хрыстос дасць нам усім сілы ісці па жыцці з верай у сэрцы і дабрынёй у дзеяннях. Няхай Божы спакой і добраслаўленне ніколі не пакідаюць вашых сем’яў і нашай роднай Навагрудчыны!
З павагай і малітвай, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксёндз Юрый Жэгарын.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |


















