– Асноўная задача нашага калектыву заключаецца ва ўтрыманні і бягучым рамонце аўтамабільных дарог рэспубліканскага значэння, штучных збудаваннях на іх, добраўпарадкаванні прыдарожных палос. Імкнёмся забяспечваць бесперашкодны і бяспечны рух транспарту на аўтамабільных дарогах рэспубліканскага значэння не толькі ў Навагрудскім, але і Карэліцкім, Дзятлаўскім і Іўеўскім раёнах. Працягласць дарожных артэрый больш як чатырыста кіламетраў (прыведзеных да 7 м.). Хочацца адзначыць, што ў нас тры лінейныя дарожныя дыстанцыі. У кожнай ёсць свой транспарт, персанал, які адказвае за дарогі на месцах.
Міжсезоння ў нашай рабоце няма. Даводзіцца рупліва працаваць круглы год, і тады, калі няма зімой снегу ці галалёду, не значыць, што няма занятку для работнікаў. У вясенне-асенні перыяд праводзім ямачны рамонт і іншыя важныя работы, а таксама сочым за чысцінёй абочын дарог, якія летам трэба яшчэ і абкасіць. Акрамя гэтага, выконваем і аб’ёмныя работы – бягучы рамонт дарог. Больш за шэсцьдзясят адзінак тэхнікі задзейнічана, каб падарожжа па нашых дарогах для навагрудчан было бяспечным і камфортным. Абнаўляем і аўтапарк, на работы выходзяць і тры новыя МАЗы. Таксама закуплены дзве ГАЗэлі, Амкадор, абочынаўкладчык, які запатрабаваны не толькі нашай арганізацыяй. У арганізацыі працуе сто работнікаў, калектыў наш зладжаны. Хачу выказаць словы падзякі ўсім за ўзаемапаразуменне і адказнасць, падтрымку.
За кошт рэспубліканскага бюджэту за мінулы год выканана работ на 5131 тыс. руб. У тым ліку 3378 тыс. руб. асвоена на ўтрыманне дарог, на бягучы рамонт – 1753 тыс. руб., іншых работ выкана на 1207 тыс. руб. Сёлета за першае паўгоддзе ўжо зрасходавана на ўтрыманне дарог 2402 тыс. руб. (118 % да мінулага года), на бягучы рамонт выкананы на 693 тыс. руб. (106%) і на іншыя работы – 348 тыс. руб. Выручка ў бягучым годзе ў філіяле склала 3443 тыс. руб. Асноўная крыніца даходаў – выручка ад асноўнай дзейнасці, яна выкарыстоўваецца на аднаўленне і тэхнічнае абнаўленне, мадэрнізацыю машынна-трактарнага парку.
В. Пісар, «НЖ»


















